На парозе новы навучальны год: як рыхтуецца Віцебшчына?

- 10:08Витебская область, Новости

У віцебскім густанаселеным мікрараёне Білева­-3 па ўнікальным праекце пабудавана пачатковая школа — дзіцячы сад. Якія яшчэ падарункі рыхтуюць у рэгіёне да новага навучальнага года, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

— Падрыхтоўка да новага навучальнага года на завяршальным этапе. А калі яна звычайна стартуе?

— Фактычна гэта бесперапынны працэс, у ходзе якога мы паслядоўна і комплексна вырашаем шырокі спектр пытанняў на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі рэгіёна. Навідавоку заўсёды будаўніча-рамонтныя работы, якія стараемся якасна правесці ў сціслыя тэрміны. Таму загадзя неабходна папярэдняя пад­рыхтоўка. Зразумела, многае зале­жыць ад канкрэтнага аб’екта, аднак у любым выпадку размова не пра адзін­-два месяцы: напрыклад, распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі пачынаецца як мінімум за год да новага навучальнага года. Разам з тым гатоў­насць да яго не абумоўлена толькі будоўлямі і рамонтамі. Стратэгічна важным для нас з’яўляецца кадравы складнік і найперш — самазабеспячэнне кадрамі, у тым ліку рэзервам. На пастаянным кант­ролі знаходзяцца пытанні, звязаныя з прафарыентацыяй, размеркаваннем маладых спецыялістаў, іх наступным замацаваннем на першым працоўным месцы і, безумоўна, мэтавай пад­рыхтоўкай.

— Ці павялічваецца колькасць мэтавікаў сярод выпускнікоў, якія ідуць у педагагічную прафесію?

— Дынаміка відавочная: у 2021 го­дзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на педагагічныя спецыяльнасці ў нас паступіла 78 чалавек, у 2022 годзе — 138. Летась гэты паказчык склаў ужо 217 чалавек, з якіх 208 засталіся вучыцца ў нашым рэгіёне. Сёлета плануем, што прыйдзе больш.

Дарэчы, перавагамі, прадугледжанымі для выпускнікоў педагагічных класаў, у мінулую ўступную кампанію скарыстаўся 141 абітурыент, прычым 92 — для паступлення ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Летась мы выканалі набор дзвюх груп будучых настаўнікаў матэматыкі і інфарматыкі, фізікі і інфарматыкі: з 40 залічаных 60 працэнтаў — мэтавікі. Цяпер завяршылі камплектаванне яшчэ дзвюх аналагічных груп па 26 чалавек, з іх 30 залічаны зноў жа па мэтавых накіраваннях. Менавіта праз мэтавую падрыхтоўку, у тым ліку па самых запатрабаваных на сёння спецыяльнасцях — для нас гэта настаўнікі фізікі і матэматыкі, са­цыяльныя педагогі, псіхолагі, мы закладваем падмурак для будучыні, каб упэўнена адчуваць сябе заўтра і ў аддаленай перспектыве.

— Колькі маладых педагогаў атрымалі сёлета размеркаванне ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і каледжы Віцебшчыны?

— Дакладныя даныя будуць вядомы ў найбліжэйшы час, чакаем каля 380 чалавек.

У арганізацыі адукацыйнага працэсу нязначнага няма і не павінна быць.

— У дачыненні да школы паняцці “сучасная” і “высокатэхналагічная” практычна сінонімы. Як справы з тэхнічным абсталяваннем?

— Пастаянна яго ўдасканальваем. Трэба выказаць словы ўдзячнасці ў адрас Міністэрства адукацыі, якое штогод цэнтралізавана забяспечвае нас неабходным абсталяваннем. У сваю чаргу мы з абласнога бюджэту таксама выдзяляем сродкі на набыццё камп’ютарнай тэхнікі і мультыбордаў, замену вучэбнай мэблі, шэраг іншых надзённых патрэб. Не застаецца па-за ўвагай школьнае харчаванне. З 1 верасня ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі пяройдуць на новыя формы яго арганізацыі. Адпаведна, у некалькі разоў быў павялічаны заказ на пад­рыхтоўку кадраў па кухарскіх прафесіях, праве­дзена размеркаванне спецыялістаў. У школах планамерна абнаўляем халадзільнае абсталяванне, набываем новую тэхніку, уключаючы спліт-сістэмы і параканвектаматы, каб нашы дзеці атрымлівалі якаснае, разнастайнае і смачнае харчаванне.

— Сёлета школьны аўтапарк папоўнілі 20 новых аўтобусаў. Будзе дадатковае абнаўленне да 1 верасня?

— У жніўні запланавана пастаўка яшчэ 21 аўтобуса. Такім чынам, усе прызначаныя для перавозкі дзяцей аўтобусы ў нас бу­дуць з тэрмінам эксплуатацыі менш за 10 гадоў.

— Патрабаванне новага навучальнага года — адзінства ў школьным адзен­ні… 

— Па гэтым напрамку таксама праве­дзена вялікая падрыхтоўчая работа. У кожнай установе адукацыі ўзгоднены з бацькамі і зацверджаны ўзоры адзінай школьнай формы, яе абавязковыя элементы. На прадпрыемствах краіны нала­джаны пашыў адзення, неабходнага для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з сучаснымі запытамі. Мы ўдзяляем сур’ёзную ўвагу арганізацыі цэласнай адукацыйнай прасторы, дзе кожны складнік у пэўнай ступені вучыць і выхоўвае, у тым ліку афармленню куткоў дзяржаўнай
сімволікі, якая выкарыстоўваецца на ўсіх мера­прыемствах.

— Вернемся да рамонтаў і новабудоўляў. Якія аб’екты найбольш значныя?

— У забеспячэнні здароўезберагальных, камфортных і бяспечных умоў знаходжання дзяцей дробязей не можа быць, кожны аб’ект важны. На рамонтныя работы ў цэлым з абласнога бюджэту прадугле­джана звыш 50 мільёнаў рублёў, па выніках узаемадзеяння з раённымі і гарадскімі выканаўчымі камітэтамі дадаткова выдзелена яшчэ больш за 22 мільёны рублёў. У прыватнасці, у Бешанковічах на фінішнай прамой капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі сярэдняй школы № 1 імя І.І.Строчкі, які ідзе за кошт бюджэту ў рамках пад­рыхтоўкі да новага навучальнага года і фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2024”. Раней аналагічны маштабны рамонт быў праведзены ў сярэдняй школе № 2 імя М.М.Ткачэнкі, прычым пераважна за кошт спонсарскіх сродкаў; зараз там праводзіцца добраўпарадкаванне. У райцэнтры таксама сур’ёзна абнаўляюцца дашкольныя ўстановы. Завяршаецца рэканструкцыя сярэдняй школы № 2 імя А.І.Ду­басарскага ў Шуміліне: да новых прыбудовы, спартзалы і харчаблока дададзена сучасная спартыўная пляцоўка, добраўпарадкавана пры­школьная тэрыторыя. Выдатным падарункам да навучальнага года стане новы стадыён у сярэдняй школе № 2 Шаркаўшчыны імя Героя Савецкага Саюза Р.С.Кудрына і шэраг спартыўных аб’ектаў па ўсёй вобласці. Нашы дзеці павінны расці гарманічна развітымі, таму фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, папулярызацыя фізічнай культуры і спорту нязменна сярод першачарговых задач. Працягваецца будаўніцтва дашкольных устаноў у Лепелі, Оршы, Віцебску і Наваполацку. Што да новабудоўляў, то ў сёлетніх планах — два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і пачатковая школа — дзіцячы сад у віцебскім густанаселеным мікрараёне Білева-3. Узведзеная па ўнікальным праекце ўстанова, разлічаная на 560 дашкольнікаў і 290 навучэнцаў пачатковых класаў, расчыніць дзверы якраз 1 верасня. Напярэдадні Дня ведаў нашых педагогаў чакае вялікі пласт работы па вывучэнні нарматыўна-метадычнай дакументацыі, непасрэднай арганізацыі адукацыйнага працэсу, вызначэнні асноўных задач на новы навучальны год. Гэтым пытанням будуць прысвечаны мерапрыемствы на ўзроўні ўстаноў адукацыі, раёнаў і гарадоў, а таксама наша традыцыйная абласная жнівеньская педагагічная канферэнцыя.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і Ілоны МАРЧАНКА