На шляху да якаснай адукацыі

- 11:10Навіны рэгіёнаў, Рознае
Выніковая калегія ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі. У яе рабоце прынялі ўдзел начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, дырэктары ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

На пачатку свайго выступлення начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак падкрэсліла, што мінулы 2013 год стаў чарговым годам выканання асноўных задач дзяржаўных праграм у сферы адукацыі на 2011—2015 гады:
— Гэта быў перыяд напружанай работы, вынікі якой неабходна ацаніць усебакова і аб’ектыўна. Вынікі дзейнасці сістэмы адукацыі вобласці цалкам залежаць ад вынікаў работы сістэм адукацыі раённага і гарадскога ўзроўню, а таксама дзейнасці кожнай абласной установы адукацыі. Адна з галоўных умоў гэтай дзейнасці — эфектыўнасць выкарыстання фінансавых сродкаў, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.
Усяго рэалізуецца 19 мэтавых дзяржаўных праграм і 22 планы мерапрыемстваў і комплексу мер. Гадавы план фінансавання ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці на 2013 год склаў 4191,5 млрд рублёў, ці 26,5% ад кансалідаванага бюджэту вобласці, у тым ліку на фінансаванне ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання 410,6 млн рублёў. На сацыяльна абароненыя артыкулы накіравана 3655,0 млрд рублёў, ці 87,2%.
Разнастайныя крыніцы пазабюджэтнай дзейнасці ў 2013 годзе дазволілі атрымаць прыбытак у памеры 353 млрд рублёў. Спонсары і шэфскія арганізацыі за мінулы год аказалі дапамогу ўстановам адукацыі на суму амаль 86 млрд рублёў.
Ад продажу на аўкцыёне капітальных будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, у бюджэт паступіла 8,3 млрд рублёў. З 71 аб’екта адукацыі рознымі спосабамі задзейнічаны ў гаспадарчы абарот 49.

Мерапрыемствы па аптымізацыі адукацыйнай сеткі ў 2013 годзе дазволілі атрымаць эканамічны эфект каля 12 млрд рублёў (ліквідацыя і рэарганізацыя ўстаноў).
Начальнік упраўлення адукацыі акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што ўся работа па аптымізацыі сеткі павінна быць накіравана на вырашэнне дзвюх задач — павышэнне якасці адукацыі і зніжэнне бюджэтных расходаў на ўтрыманне аднаго навучэнца.
Пастаўленая на жнівеньскай канферэнцыі задача мадэрнізацыі сістэмы адукацыі істотна змяняе ролю кіраўніка ўстановы. Сферай яго персанальнай адказнасці становіцца не толькі мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне значных фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў, але і задаволенасць педагагічнага калектыву, бацькоў і навучэнцаў станоўчымі зменамі.
Галіна Мікалаеўна спынілася і на аптымізацыі педагагічнай нагрузкі кіраўнікоў устаноў адукацыі:
— Ніхто не забараняе выкладаць дырэктару школы, але трэба навесці тут парадак. Не можа сёння дырэктар, асабліва гарадской школы, удзяляць шмат часу педагагічнай дзейнасці. Адно з двух: альбо пакутуе якасць саміх урокаў і, адпаведна, ушчамляюцца інтарэсы вучняў, альбо кіраванне ўстановай знаходзіцца не на належным узроўні з-за занятасці дырэктара выкладчыцкай дзейнасцю.

У адпаведнасці з абласной інвестпраграмай, на будаўніцтва і праектаванне 9 аб’ектаў адукацыі ў 2013 годзе выдзелена 195,2 млрд рублёў. Уведзены ў эксплуатацыю 4 аб’екты адукацыі: вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа ў Салігорску, прыбудова да дашкольнай установы № 6 у Мар’інай Горцы з давядзеннем да 180 месцаў, два жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Валожыне і Слуцку.
У бюджэце вобласці на 2014 год запланавана 150 млрд рублёў на правядзенне рамонтных работ гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах з фізічнымі асобамі. Пры гэтым Капыльскі, Слуцкі, Салігорскі, Клецкі, Уздзенскі раёны і Жодзіна актыўна прыступілі да работы, закупіўшы неабходныя матэрыялы ў канцы фінансавага года альбо за кошт пазабюджэтных сродкаў.
Тым не менш начальнік упраўлення адукацыі засяродзіла ўвагу на тым, што кіраўнікі ўстаноў павінны ўжо цяпер ведаць, хто будзе працаваць, у якіх памяшканнях, у якой паслядоўнасці. Агульны падыход: за месяц — кабінет, за лета — абедзенныя залы, калідоры, фае, санвузлы або іншыя памяшканні — у кожным выпадку вырашае кіраўнік установы адукацыі. Пры гэтым трэба не забываць аб высокіх патрабаваннях да якасці работ. І, вядома ж, неабходна забяспечыць няўхільнае выкананне правілаў аховы працы.

Што датычыцца агульнага аб’ёму фінансавання мерапрыемстваў Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009—2014 гады, то ў 2013 годзе ён склаў 4,4 млрд рублёў. Праграмныя і пазапраграмныя сродкі, у тым ліку і ад пазабюджэтнай дзейнасці, накіроўваліся на павышэнне ўзроўню пажарнай бяспекі, аснашчэнне сучасным абсталяваннем, мэбляй, спартыўным інвентаром, матэрыяламі для арганізацыі адукацыйнага працэсу, будаўніцтва і рэарганізацыю ўстаноў дашкольнай адукацыі, адкрыццё новых груп.
Сама ж сетка дашкольных устаноў у 2013 годзе зведала змены не толькі за кошт закрыцця і рэарганізацыі, але і будаўніцтва дзвюх устаноў. На 1 студзеня 2014 года функцыянуюць 683 установы дашкольнай адукацыі, у тым ліку 14 устаноў ведамаснага падпарадкавання, 1 — прыватнай формы ўласнасці.
Колькасць дзяцей ад аднаго да шасці гадоў у вобласці на пачатак 2013 года павялічылася амаль на 4 тысячы. Праведзеныя мерапрыемствы па рэарганізацыі ўстаноў, адкрыцці груп, якія раней не функцыянавалі, і вывядзенні першых класаў з устаноў дашкольнай адукацыі дазволілі стварыць у 2013 годзе дадаткова 956 месцаў.
У праекты раённых інвестыцыйных праграм на 2014 год для будаўніцтва ўключаны 4 установы, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва пяці дзіцячых садоў у Мінскім раёне.

У 2013 годзе на рэалізацыю Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь на
2007—2016 гады накіравана каля 19 млрд рублёў. Набыты да навучальнага года школьныя аўтобусы, тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, спартыўны інвентар, аснашчаны лінгафонныя кабінеты і камп’ютарныя класы.
Развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў мінулым годзе заканамерна паўплывала на якасныя паказчыкі работы: па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2013 годзе сярэдні бал выпускнікоў павялічыўся на 4,04 бала ў параўнанні з вынікамі 2011 года. 21 навучэнец атрымаў 100 балаў — гэта трэці вынік у рэспубліцы пасля Мінска і Брэсцкай вобласці.
Найбольш высокія вынікі ў 2013 годзе навучэнцы прадэманстравалі па іспанскай і французскай мовах, геаграфіі, заняўшы 2 месца ў рэспубліцы. Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй па выніках ЦТ у 2013 годзе ўвайшоў у дзясятку лепшых устаноў рэспублікі па чатырох прадметах.
Прадоўжана практыка падтрымкі адораных навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі праз прысуджэнне стыпендый Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. У 2013 годзе Мінскі абласны Савет дэпутатаў прысудзіў прэміі 45 вучням — пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і конкурсаў прафесійнага майстэрства.
163 навучэнцы і 22 педагогі сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
У стагоддзе інфармацыйных тэхналогій развіваецца інфарматызацыя адукацыі вобласці: узрасла колькасць устаноў з выхадам у сетку інтэрнэт па шырокапалосным доступе. На 8 навучэнцаў прыпадае адзін камп’ютар. У дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіядах па вучэбных прадметах у 2013 годзе прынялі ўдзел 13 062 навучэнцы, што перавышае колькасць навучэнцаў папярэдняга года на 13%.
Даступна больш за 30 курсаў дыстанцыйнага навучання па вучэбных прадметах, распрацаваны і ўкаранёны праграмы анлайн-адукацыі, у тым ліку для надомнага навучання інвалідаў і цяжкахворых дзяцей і дарослых.
У парадку эксперымента ў гэтым навучальным годзе ўведзены электронныя дзённікі і электронныя журналы ў Любанскай і Капыльскай раённых гімназіях, гімназіі № 1 Дзяржынска. Другі год у эксперыменце ўдзельнічае сярэдняя школа № 4 Салігорска. А ўсяго паслугай “электронны дзённік” маюць магчымасць карыстацца 225 навучэнцаў.
Новы адукацыйны праект па ўкараненні робататэхнікі ў адукацыйны працэс арганізаваны для педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Маладзечна.

На рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады ў 2013 годзе было прадугледжана 251,8 млн рублёў. У 2013 годзе пашырана сетка інтэграваных груп: колькасць інтэграваных груп ва ўстановах дашкольнай адукацыі павялічылася з 95 да 106, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — з 13 да 20.
Пастаўленыя задачы праграм развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады ў 2013 годзе ў цэлым выкананы.

Прадоўжана работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыняты на баланс аблвыканкама Мінскі дзяржаўны каледж харчовай прамысловасці, рэарганізаваны Барысаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй шляхам далучэння да яго Навасадскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 12 з наступным стварэннем філіяла. Створаны філіял Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
Павялічылася колькасць выпускнікоў з павышаным узроўнем кваліфікацыі: 2358 чалавек атрымалі павышаны ўзровень кваліфікацыі. Забяспечана даступнасць прафесійна-тэхнічнай адукацыі: 3880 чалавек, што складае 102,8% ад кантрольных лічбаў прыёму, прыняты на навучанне.
У 2013 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі на навучанне прынята 96% ад кантрольных лічбаў прыёму. На дзённай форме атрымання адукацыі — 701 чалавек, на завочнай форме — 240.
У 18 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі прайшлі прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі 3390 дарослых.
Пашыраны магчымасці рацыянальнага выкарыстання фінансавых сродкаў і навучання на найноўшым абсталяванні. Дадаткова створаны рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па тэхналогіі зварачных работ у Жодзінскім прафесійным ліцэі, які стаў сёмым у Мінскай вобласці.
На базе Маладзечанскага і Салігорскага прафесійна-тэхнічных каледжаў і Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя адкрыты навучальныя цэнтры Ceresit за кошт сродкаў СТАА “Хенкель Баўтэхнік”.
Ва ўстановах ўкараняюцца і рэалізуюцца новыя праекты па развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці вучняў: цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, навучальны бізнес-інкубатар, вучнёўскія бізнес-кампаніі.
У 2013 годзе на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі накіравана 45 млрд рублёў.

Развіццё сістэмы выхавання ажыццяўлялася ў адпаведнасці з Праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь на 2011—2015 гады.
Для ўмацавання спартыўнай базы ўстаноў адукацыі ў 2013 годзе было накіравана 9,8 млрд рублёў.
З 1 верасня 2014 года будзе адкрыта 10 спецыялізаваных па спорце класаў па 7 відах у Бярэзінскім, Вілейскім, Валожынскім, Капыльскім, Лагойскім, Маладзечанскім, Пухавіцкім, Стаўбцоўскім, Старадарожскім і Уздзенскім раёнах.
Сістэма аховы дзяцінства ў 2013 годзе захоўвае ўстойлівую станоўчую дынаміку: знізілася колькасць непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з 8933 да 3500; палепшылася ранняе выяўленне дзяцей дашкольнага ўзросту з 16% да 41,1%; колькасць непаўналетніх, перададзеных на ўсынаўленне грамадзянам Рэспублікі Беларусь: за 2013 год 121 дзіця — 1 месца ў краіне; актыўна развіваюцца сямейныя формы выхавання: у 40 дзіцячых дамах сямейнага тыпу выхоўваецца 291 непаўналетні; у 606 прыёмных сем’ях — 1048 дзяцей, у 1221 апякунскай сям’і — 1512 дзяцей-сірот; зменшылася колькасць непаўналетніх з сацыяльным статусам “сірата”: 269 бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да 337 дзяцей.

Варта адзначыць, што ў калектывах устаноў вобласці працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У 2013 годзе спецыяльныя прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года Міншчыны” прысуджаны Барысу Блахіну, дырэктару Слуцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа перапрацоўчай прамысловасці, і Юрыю Чарняку, педагогу дадатковай адукацыі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.
Рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сітнікава ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Лепшым настаўнікам славеснасці замежжа стала настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Іна Віннік.
Пазітыўныя змены адзначаюцца і ў рэалізацыі абласной галіновай праграмы “Кадры. 2011—2015 гады”. Дынаміка росту прасочваецца як па адукацыйным, так і кваліфікацыйным узроўнях. Усяго ў адукацыйным працэсе занята 29 852 педагагічныя работнікі.
Найбольш запатрабаваны выхавальнікі дашкольных устаноў, настаўнікі пачатковых класаў, матэматыкі, фізікі, хіміі. Дапамагаюць вырашыць праблему кадравага забеспячэння маладыя спецыялісты, якіх у вобласці працуе 1315 чалавек. Эфектыўнасць працы з гэтай катэгорыяй работнікаў вызначае іх замацаванне на першым працоўным месцы.

У 2014 годзе прадоўжыцца рэалізацыя ўсіх праграмных мерапрыемстваў у рамках дзеючых мэтавых і галіновых праграм. На фінансаванне сістэмы адукацыі плануецца накіраваць 4,75 трлн рублёў. Гэта дазволіць вырашаць асноўныя мэты развіцця сістэмы адукацыі, забяспечыць выкананне задач і дасягнуць вынікаў, заяўленых праграмамі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы 50 лепшых работнікаў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі.
Падводзячы вынікі калегіі начальнік упраўлення адукацыі Галіна Мікалаеўна Казак упэўнена канстатавала:
— Вынікі якаснай работы могуць быць дасягнуты толькі дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню, падтрымцы Мінскага абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, уключэнню ў работу грамадскіх інстытутаў і бацькоўскай супольнасці.

Алена ПАПЛАЎСКАЯ,
прэс-сакратар упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.