На стадыёнах івацэвіцкіх школ № 1 і 4 з’явяцца новыя баскетбольна-валейбольныя пляцоўкі і бегавыя дарожкі

- 13:01Планерка

Лета — не толькі пара канікул, адпачынку і аздараўлення, але і гарачы час падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Як яна праводзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела адукацыі Святлана Патоцкая.

— У школах і дзіцячых садах нашага раёна (на Івацэвіччыне 26 устаноў агульнай сярэдняй і 26 устаноў дашкольнай адукацыі) пахне свежай фарбай: вучэбныя кабінеты і групы, калідоры, актавыя і спартыўныя залы рамантуюцца як за кошт бюджэтных сродкаў, так і ўласнымі сіламі ўстаноў, а таксама з дапамогай ініцыятыўных бацькоў.

Сёлета больш за 1 млн рублёў запланавана накіраваць на правядзенне капітальнага рамонту ў дзвюх установах агульнай сярэдняй адукацыі горада: у сярэдняй школе № 1 імя У.Гука і сярэдняй школе № 4. На іх стадыёнах з’явяцца новыя баскетбольна-валейбольныя пляцоўкі і бегавыя дарожкі. Акрамя таго, у 1-й школе праводзіцца абсталяванне дзіцячай гульнявой пляцоўкі, а ў 4-й — мадэрнізацыя часткі будынка школы, — адзначыла суразмоўніца. — Бягучы рамонт, на які ў 2024 годзе вы­дзелена больш за 1,6 млн рублёў, працягваецца і блізіцца да завяршэння ў шэрагу школ і дзіцячых садоў раёна. У сярэдняй школе № 4, акрамя капітальнага рамонту, праводзіцца бягучы рамонт абедзеннай залы, сталовай і двух цэхаў харчаблока, спартыўнай залы, а таксама 16 вучэбных кабінетаў. Акрамя таго, ужо заменена больш за 60 дзвярных блокаў. У сярэдняй школе № 1 па-новаму будзе выглядаць актавая зала, рамонт праводзіцца таксама ў цэхах харчаблока, адрамантаваны санвузлы, душавыя, гардэробы пры спартзале, адмостка, ганак, фасад будынка, рамантуюцца трыбуны і прыступкі стадыёна.

Рамонт харчаблока праводзіцца ў дзіцячым садзе № 5 Івацэвіч, а ў дзіцячым са­дзе № 3 з’явіцца новая агароджа, рамантуюцца пешаходныя дарожкі і веранды. У дашкольныя ўстановы закупляюцца надворнае абсталяванне і гульнявыя веранды.

У шэрагу ўстаноў выкананы бягучы рамонт унутранай сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, электразабеспячэння і электраасвятлення.

Паўтаруся, што значны аб’ём работ па бягучым рамонце памяшканняў, інжынерных сістэм, добраўпарадкаванні тэрыторый выконваецца ўстановамі адукацыі гаспадарчым спосабам і ўласнымі сіламі, за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

Спадзяюся, што ў новы 2024/2025 навучальны год мы ўвойдзем годна, забяспечыўшы ўсе неабходныя ўмовы для якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі