На старт!

- 11:25Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў

Адкрыццё Рэспубліканскага фестывалю “Старт пакаленняў” адбылося ў Гродне. На цэнтральным стадыёне “Нёман” у масавых спартыўных мерапрыемствах прынялі ўдзел студэнты, школьнікі і выхаванцы дашкольных устаноў адукацыі, педагогі і трэнеры-выкладчыкі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, педагогі фізкультурна-спартыўных цэнтраў дзяцей і моладзі.

Адкрывала фестываль шэсце 16 каманд факультэтаў і каледжаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Менавіта ў гэты дзень ва ўніверсітэце завяршаўся грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь”, які быў пачаты 1 красавіка.
Вітаючы ўдзельнікаў фестывалю, намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды адзначыў, што гонар пачынаць яго быў дадзены Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы за вялікія спартыўныя дасягненні і патрыятычнае выхаванне моладзі. Удзельнікаў фестывалю таксама віталі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч і рэктар ГрДУ Андрэй Кароль.
У адкрыцці фестывалю прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія ў розныя гады працавалі ва ўніверсітэце. Пад гукі метранома хвілінай маўчання моладзь ушанавала памяць усіх, хто аддаў жыццё за свабоду Радзімы. Ветэранам былі ўручаны падарункі, кветкі і адметныя знакі “Кветкі Вялікай Перамогі”. 70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаўся і марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь”, які ўключаў цыкл інтэлектуальных, творчых, ваенна-спартыўных мерапрыемстваў, акцый па выхаванні адказнага стаўлення да сям’і.
А пачалі старты новай рэспубліканскай акцыі самыя юныя яе ўдзельнікі — выхаванцы чатырох дзіцячых садоў Гродна. Яны ўдзельнічалі ў эстафеце на веласіпедах — 4х400 метраў. Усё было як у дарослых: хваляванне і адказнаць, і першая ў жыцці спартыўная перамога. А потым на дыстанцыю эстафеты “Самы хуткі” выйшлі студэнты-“купалаўцы”. Тыя ж 400 метраў хлопцам трэба было прабегчы з аўтаматам, потым такую ж дыстанцыю пераадолець у процівагазе і спецыяльным касцюме, а потым перадаць аўтамат дзяўчатам, якія таксама прабягалі дыстанцыю 400 метраў.
Быў арганізаваны сямейны конкурс “Тата, мама і я — спартыўная сям’я”, у якім пераможцамі сталі прадстаўнікі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Андрэй і Ірына Танкаблатавы і іх дачка Соф’я.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэраства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў і Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту. Мэта “Старту пакаленняў” — зрабіць сістэматычныя заняткі фізічнай культурай нормай для дашкольнікаў і іх бацькоў, навучэнцаў і студэнтаў; прапаганда здаровага і фізічна актыўнага ладу жыцця. У праграму фестывалю ўключаны спаборніцтвы па рытмічнай гімнастыцы, плаванні, лёгкай атлетыцы, стрытболе і іншых відах спорту, камбінаваныя сямейныя эстафеты, спаборніцтвы зборных каманд.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яна ХВЕДЧЫНА.