На світанні дарослага жыцця: як пройдзе выпускны ў Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава

- 9:00Главная, Новости

На працягу дзесяцігоддзяў з пакалення ў пакаленне ў Расонскай сярэдняй школе імя П.М.Машэрава перадаюць адметную традыцыю правядзення выпускных вечароў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яе вытокі — у велічнай і трагічнай гісторыі партызанскай Расоншчыны, авеянай славай настаўніка гэтай установы адукацыі, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Машэрава і яго сяброў па зброі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны мужна ўступілі ў змаганне з фашысцкімі нелюдзямі.

Сённяшняе свята тут пачнецца ў школьным двары. Педагогі на чале з дырэктарам Аленай Марозавай, ганаровыя госці, у ліку якіх па традыцыі будуць кіраўнікі раёна, мясцовых сілавых структур і настаяцель храма Узнясення Божага айцец Аляксандр, скажуць выпускнікам добрыя пажаданні на парозе самастойнага жыцця. Разам усе прысутныя праспяваюць гімн Рэспублікі Беларусь, а затым пройдуць па цэнтральнай вуліцы, уздоўж якой паві­таць мо­ладзь збяруцца жыхары гарадскога пасёлка. Урачыстае шэсце накіруецца ў мема­рыяльны комплекс, дзе спачываюць больш за 2,5 тысячы загінуўшых за Айчыну воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Сярод іх маці Пятра Машэрава Дар’я Пятроўна і ўдзельнікі падпольнай групы, расстраляныя гітлераўцамі 16 верасня 1942 года. Выпускнікі ўскладуць кветкі, хвілінай маўчання ўшануюць памяць герояў і ахвяр ваен­нага ліхалецця.

Далейшыя падзеі разгорнуцца ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Юнакоў і дзяўчат сустрэнуць з традыцыйным караваем, правядуць для іх народны абрад на шчасце пад беларускімі ручнікамі. Гэта будзе не проста ўрачыс­тасць, а хутчэй цёплая сяброўская сустрэча амаль у сямейным фармаце для выпускнікоў, іх бацькоў і педагогаў. Лепшыя самадзейныя артысты і калектывы раёна падораць героям свята выдатны канцэрт, не абыдзецца і без кранальных сюрпрызаў. Так, з віншаваннем выступяць вучні пачатковай школы пад кіраўніцтвам Алены Уншчыкавай. Дарэчы, Алена Іванаўна — першая настаўніца многіх выпускнікоў. З асаблівым пачуццём яны чакаюць на свяце ўсіх сваіх першых настаўнікаў і класных кіраўнікоў, бо трэцяя школьная ступень з’яднала навучэнцаў адразу з трох паралеляў. Нечаканы сюрпрыз падрыхтавалі бацькі: стварылі цікавы відэарад, у якім паслядоўна адлюстраваны эпізоды школьнага жыцця нядаўніх адзінаццацікласнікаў, іх сталенне, дасягненні.

Пасля выпускнікі вернуцца ў родную школу, дзе іх запросяць на дыскатэку і забаўляльную праграму. Фотазону да выпускнога ва ўстанове адукацыі аформілі самастойна, а фуршэт арганізуюць у школьнай сталовай — пасля капітальнага рамонту ў 2022 годзе яна ідэальна для гэтага падыходзіць. І, нарэшце, завяршальным яркім акордам свята стане сумесная сустрэча світання з педагогамі і бацькамі.

— Час развітання заўсёды шчымлівы і хвалюючы, — адзначыла Алена Марозава. — Мы ганарымся нашым сёлетнім выпускным класам. Добрыя выраслі дзеці: сумленныя, адказныя, таленавітыя. Нам удалося ўсебакова раскрыць і развіць здольнасці кожнага, сфарміраваць у вучняў правільную сістэму каштоўнасцей, навучыць сябраваць і працаваць у камандзе, прывіць імкненне да пастаяннага ўдасканалення. Сярэдні бал атэ­статаў у класе дастаткова высокі — 8,7. Сярод выпускнікоў — пераможца заключнага этапу алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі Назар Лісаў. Юнак нацэліўся на ВДТУ, дзе разлічвае атрымаць адукацыю па інжынерным профілі, а заадно працягнуць займацца спортам, тым больш што ў яго будучай альма-матар для гэтага створаны ўсе ўмовы. Залаты медаліст Надзея Шарыпа захапляецца маляваннем, скончыла мастацкую школу, мае намер вучыцца на мастграфе ВДУ імя П.М.Машэрава і рыхтуецца здаваць дадатковы ўнутраны экзамен. З групы педагагічнай накіраванасці 70 працэнтаў навучэнцаў збіраюцца паступаць у ВДУ імя П.М.Машэрава і БДПУ. Названы напрамак традыцыйна курыруе настаўніца Таццяна Пальчэўская, якая вядзе факультатыў і як ніхто іншы ўмее паказаць вучням перавагі педагагічнай прафесіі, захапіць ёй. Дваім нашым выпускнікам з яе класа ў 2022 годзе мы выдалі мэтавыя накіраванні ў ВДУ імя П.М.Машэрава, чакаем іх у калектыве.

Вынік цэнтралізаванага экзамену ў Надзеі Шарыпа па гісторыі — 96 балаў, у Валерыя Кімпеля па матэматыцы — 93 балы, у Настассі Чарняўскай па беларускай мове — 90 балаў.

Нельга не прыгадаць і актыўны ўдзел гэтага класа ў валанцёрскай дзейнасці, дабрачынных акцыях, грамадзянска-патрыятычных ініцыятывах, студатрадаўскім руху, школьных і раённых мерапрыемствах. Чацвёра выпускнікоў — члены раённай маладзёжнай палаты. Падчас святкавання ў Расонах Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспуб­лікі Беларусь вялікае палотнішча беларускага сцяга даверылі несці менавіта адзінаццацікласнікам Расонскай сярэдняй школы імя Пятра Машэрава.

Летась класным кіраўніком у 10 класе была Таццяна Амельчанка. Педагог выйшла на заслужаны адпачынак, а яе эстафету з мінулага верасня прыняла маладая калега Святлана Казлова. Яна таксама выпускніца, якая вярнулася працаваць у родную школу і ўжо выдатна праявіла сябе ў педагагічнай дзейнасці. У прыватнасці, акрамя На­дзеі Шарыпа, яшчэ тры яе вучаніцы здавалі цэнтралізаваны экзамен па гісторыі, іх вынік — 91, 87 і 58 балаў. Хоць розніца ва ўзросце ў настаўніцы і адзінаццацікласнікаў невялікая, аднак як аўтарытэтнага класнага кіраўніка яе прынялі і дзеці, і іх бацькі.

— Сёлета мой першы выпуск, — падзялілася ўражаннямі Святлана Уладзіміраўна. — Сама толькі нядаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску, паспела засумаваць па школе. Відаць, таму ў мяне ў пачатку навучальнага года было вялікае жаданне працаваць — і, шчыра прызнацца, за год яно толькі вырасла! Вучні натхняюць на работу. З класам мне пашанцавала, бацькам я вельмі ўдзячна за падтрымку і дапамогу. У нас увогуле не было такога, каб пры ўзнікненні спрэчнага пытання хтосьці пачынаў навяз­ваць і тым больш крыкам даказ­ваць сваё: на аснове ўзаемнай павагі абмяркоўвалі і дамаўляліся аб усім. Думаю, гэты вопыт будзе карысны выпускнікам і ў дарослым жыцці. Кожны выпускнік — асоба з моцным характарам, сфарміраванымі планамі на будучыню, у тым ліку прафесійную, а гэта вельмі важны момант. Да таго, што расказала Алена Барысаўна, хачу дадаць некалькі слоў пра наш школьны сад на­дзеі. Яго заклалі ў кастрычніку 2023 года на двух гектарах. Цяперашнія выпускнікі прымалі непасрэдны ўдзел у пасадцы саду, а пасля старанна даглядалі яго. Усе 1500 высаджаных яблынь прыжыліся і растуць. Па-мойму, гэта добры знак і цудоўны сімвал пераемнасці пакаленняў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара