На ўласным прыкладзе: як выхаваць любоў да народнай культуры і экалогіі, ведаюць педагогі Нясвіжскага раёна

- 14:00Репортаж

Як думаеце, ці ведаюць сённяшнія дашкольнікі і школьнікі пра класікі ці бабку — гульні, якія любілі іх бацькі? Выхаванцы Сноўскага дзіцячага сада не толькі ведаюць і ўмеюць у іх гуляць, але і вучаць гэтаму іншых.

Малышы навучыліся скакаць у класікі на рэтрастанцыі “Гульні нашых бабуль”, якая некалькі гадоў назад упрыгожыла сваім з’яўленнем і без таго прыметную тэрыторыю дашкольнай установы. А яна, між іншым, адразу прыцягвае да сябе ўвагу — і не толькі дзіцячымі галасамі, якія чуваць здалёк. Як толькі адкрываеш цэнтральную брамку, здаецца, што трапляеш у казку. Прыгожыя дагледжаныя клумбы, раскідзістыя дрэвы, пад якімі можна схавацца ад сонейка, і маляўнічыя дзіцячыя пляцоўкі ствараюць яркую і гарманічную карцінку.

“У нас створаны аптымальныя ўмовы для арганізацыі вучэбнай і гульнявой дзейнасці 160 дзяцей, — прэзентуе ўстанову яе загадчыца Алена Грэчка. — У выхаванні малышоў калектыў максімальна выкарыстоўвае ландшафтную тэрыторыю”.

Увесь участак дашкольнай установы — гэта сем тэматычных пляцовак, а таксама экалагічная сцежка і сцежка здароўя. На кожнай з іх вызначаны свій гаспадар — казачны персанаж. Што тычыцца станцый, то на сцежцы здароўя, як і на экалагічнай, іх 15, а яшчэ тут размешчана больш як 60 відавых кропак — найбольш зручных месцаў у прасторы, з якіх участак паўстае ў самым прывабным выглядзе.

На сцежцы здароўя некалькі гадоў назад стварылі велатрэк. Ён выкарыстоўваецца для фізічнага выхавання і ўмацавання здароўя дзетак, для вывучэння некаторых правіл руху пешаходаў, дарожных знакаў, асваення правіл бяспекі на дарозе і інш.

“Акрамя гэтых станцый, на згаданай сцежцы ёсць яшчэ адна, якой мы вельмі ганарымся і якая ро­біць велатрэк адметным, умацоўвае яго, — прызнаецца А.Грэчка. — Гэта рэтрастанцыя “Гульні нашых бабуль”. На ёй малышоў вучаць гуляць у калісьці папулярныя класікі, рызіначку, скакаць на скакалках”.

У фестывалі-конкурсе “Дзіўны свет дзяцінства” Сноўскі дзіцячы сад прэзентаваў гэты праект і стаў пераможцам. Але не толькі тэматычныя сцежкі звяртаюць на сябе ўвагу. Кожная вулічная пляцоўка ў дзіцячым садзе створана з пэўным сэнсам і напоўнена адпаведным зместам. Так, на пляцоўцы “Гіпермаркет” малышы знаёмяцца з тым, што прадаецца ў магазіне і што з набытых прадуктаў можна згатаваць. Свая штучная міні-пякарня вучыць пячы хлеб і булачкі, якімі малышы падчас гульні па-гаспадарску часту­юць гасцей.

Самая звонкая на ўсёй тэрыторыі дашкольнай установы — музычная станцыя. Інструменты, якія на ёй прадстаўлены, створаны з падручных матэрыялаў. Зразумела, што якасць іх гучання залежыць ад таго, які гэта інструмент і што прымяняецца для ігры на ім: драўляныя лыжкі, металічныя палачкі і г.д.

Здалёк прыцягвае да сябе ўвагу “Беларуская сядзіба”, заняткі ў якой праводзяцца з малышамі выключна на беларускай мове.

“Тут знаёмім выхаванцаў з асаблівасцямі беларускай культуры, народнай творчасцю, дэкаратыўна-прыкладным мастац­твам, — працягвае прэзента­ваць установу Алена Мікалаеўна. — Таксама на пляцоўцы можна азнаёміцца з прадметамі даўніны, сярод якіх маслабойка, чыгуны, вілы, калаўрот і інш. На пляцоўцы, прысвечанай асновам бяспекі жыццядзейнасці, вывучаем правілы дарожнага руху, бяспечных паводзін. Увесь дыдактычны матэрыял па тэме прадстаўлены на гнуткіх магнітных асновах, а значыць, можа з лёгкасцю выкарыстоўвацца дзеткамі. Дарэчы, усе гульні, якія прапаноўваюцца малым на тэматычных лакацыях, распрацаваны намі самастойна”.

Самая важная роля, якая ўскладзена на педагогаў установы, — гэта рознабаковае выхаванне дашкалят. На вырашэнне гэтай адукацыйнай задачы накіраваны не толькі кабінеты сада, але і калідоры. Так, на першым паверсе пад лесвіцай выхавальнікі стварылі экалагічныя зоны. Тут малышы знаёмяцца з жывёльным і раслінным светам, вучацца даглядаць яго прадстаўнікоў. Працягваецца экалагічнае выхаванне ў групах. Штогод у пачатку вясны дзеткі разам з педагогамі высейваюць агарод на акне, а пасля, з надыходам цяпла, высаджваюць яго на вулічных градках.

“Акрамя асноўных кірункаў выхаваўчай работы, вялікую ўвагу ўдзяляем супрацоўніцтву з Праваслаўнай царквой, — звяртае ўвагу загадчыца ўстановы. — Разам праводзім тэматычныя сустрэчы на Каляды і Вялікдзень. Акрамя гэтага, у мінулым годзе завяршылі рэалізацыю педагагічнага праекта “Патрыятычнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі азнаямлення з гісторыяй малой радзімы”, паспяхова абаранілі яго і атрымалі дыплом”.

Экалагічны бумеранг

У сярэдняй школе № 3 Нясвіжа сярод прыярытэтных кірункаў — экалагічнае выхаванне. Гэтаму спрыяюць многія фактары, у тым ліку атрыманы статус “зялёнай школы” і развіццё рэсурснага цэнтра па пытаннях эканоміі і энергазберажэння.

“Статус “зялёнай школы” нашай установе быў прысвоены тры гады назад, — расказвае дырэктар Марына Макаўчык. — Што тычыцца рэсурснага цэнтра, то ён, акрамя іншага, працуе і па экалагічным кірунку. У выхаванні беражлівых адносін да прыроды і навакольнага асяроддзя вялікае значэнне надаецца экалагічным аб’яднанням “Сябры прыроды”, “Экалагічны бумеранг” і “Чалавек рукатворачы”.

Экалагічныя акцыі праводзяцца ва ўстанове ў шосты школьны дзень, а таксама ў пазаўрочны час у межах адпаведных мерапрыемстваў. Для іх арганізацыі навучэнцы і педагогі выходзяць на тэрыторыю, якая за імі замацавана, і даглядаюць яе. А сад надзеі, які з’явіўся тут тры гады назад, — гэта сумесная адказнасць усіх навучэнцаў і калектыву школы.

Калі мы даведаліся пра правядзенне акцыі “Сад надзеі”, педагогі параіліся і вырашылі прыняць у ёй удзел. Для гэтага выкарчавалі старыя дрэвы і пасадзілі новыя. Але занялі імі не ўсю тэрыторыю, а толькі частку. Астатнюю разбілі на ўмоўныя ўчасткі і стварылі там зону адпачынку і экалагічную зону, дзе сёння растуць 18 відаў аднагадовых і 32 віды шматгадовых раслін. Сярод апошніх — туі, чырвоныя клёны, лаванда і інш.

“Амаль два гады назад мы пасадзілі яблыневы сад, — працягвае Марына Міхайлаўна. — Але да гэтага на працягу года на месцы будучага саду на ўсіх 15 сотках рос ячмень. У яго сяўбе дапамагла падшэфная гаспадарка. Летам культуру даглядала працоўная брыгада, а калі надышоў час, ячмень зжалі міні-камбайнам. Па словах старшыні Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі Васіля Іванавіча Грышчанкі, у нас быў добры ўраджай”.

Калі пасля жніва глеба была як след падрыхтавана, старшыня Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі прывёз у школу саджанцы яблынь. Высаджваць іх дапамагаў спецыяліст, які прафесійна гэтым займаецца. Школьны сад яшчэ зусім малады, але на яго і настаўнікі, і педагогі ўскладаюць вялікія надзеі.

“Мы ўпэўнены, што яблыкі, якія вырастуць на дрэўцах, будуць вельмі смачнымі, а ўра­джай штогод будзе багатым”, — зазначыла М.Макаўчык.

Недалёка ад саду ёсць эксклюзіўная дэкаратыўная сцежка, створаная педагогамі і вучнямі. Марына Міхайлаўна гаво­рыць, што такой няма ні ў адной школе краіны.

“Для таго каб яе ства­рыць, папрасілі дарожную плітку ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, — расказвае гісторыю стварэння сцежкі М.Макаўчык. — Спецыяльнага малюнка, каб яе выкласці, не шукалі, рабілі ўсё спантанна. А пасля, калі ўсё было зроблена, уразіліся вынікам: настолькі ўсё атрымалася прыгожа і арыгінальна!”

Калі сцежка была выкладзена, паміж пліткай хацелі пасе­яць траву, але пасля перадумалі і пасадзілі мох. І правільна зрабілі. Сёння сцежка, калі на яе глядзець з дарогі, нагадвае суцэльнае палатно, але з чаго яно зроблена, застаецца загадкай. Толькі падышоўшы бліжэй, можна зразумець, у чым сакрэт.

Малыя архітэктурныя формы, якія знаходзяцца побач, вучні стваралі разам з настаўнікам працоўнага навучання Канстанцінам Анатольевічам Камінскім. Увогуле тое, як сёння выглядае двор сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, — гэта заслуга не аднаго чалавека. Спачатку праект тэрыторыі стварылі настаўнікі. Пасля гэтага малюнак адрэдагаваў былы выпускнік установы адукацыі архітэктар Яўген Шчэрбач. Калі гэта было зроблена, адкрытым заставалася адно пытанне: што пасадзіць на пляцоўках, якія ўжо распланаваны згодна з дакументам? Тут на дапамогу таксама прыйшла былая вучаніца школы, студэнтка БДТУ, будучы ландшафтны дызайнер Юлія Несцер. Дзяўчына падказала, што і дзе пасадзіць, каб расліны радавалі вока ўсіх жыхароў Нясвіжа і не закрывалі фасад установы. А заключную задачу — звесці ўсе ідэі ў адзіную форму — на сябе ўзяла яшчэ адна былая навучэнка — дачка Марыны Міхайлаўны Ганна Макаўчык, якая працуе архітэктарам.

“Менавіта дзякуючы сумесным намаганням нашага калектыву і вучняў у нас атрымалася добраўпарадкаваць тэрыторыю і зрабіць установу адметнай і непадобнай да іншых”, — адзначыла М.Макаўчык.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА