Загадчыца Мінскага гарадскога цэнтра здароўя ўрач па медыцынскай прафілактыцы Сняжана Каўрыга дае рэкамендацыі дзецям і бацькам, як паводзіць сябе летам, каб яно прайшло радасна і карысна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Сняжана Віктараўна, здаровы лад жыцця для дзяцей такі ж важны, як і для дарослых. З якіх кампанентаў ён складаецца?
— Найперш трэба назваць заняткі спортам і ўвядзенне фізічнай актыўнасці ў якасці карыснай звычкі; рэгулярныя прагулкі на свежым паветры; правільнае і збалансаванае харчаванне. Таксама немалаважную ролю адыгрывае асабістая гігіена. Калі выконваць яе правілы, рызыка захварэць з-за паразітаў і бактэрый зніжаецца. Не варта забываць і пра такі кампанент ЗЛЖ, як рэжым дня, які вельмі важны ў дзіцячым узросце. Планаванне распарадку дня і прытрымліванне яго з малых гадоў выхоўваюць дысцыплінаванасць, развіваюць арганізаванасць і мэтанакіраванасць. У выніку ў дзіцяці зніжаюцца трывога, дыскамфорт, мінімізуюцца выдаткі часу і энергіі на выкананне пэўных дзеянняў. Аднак вельмі важна памятаць, што ў першую чаргу здаровы лад жыцця павінен пачынацца з сям’і, у якой бацькі з’яўляюцца прыкладам для дзіцяці. Здаровыя звычкі, сфарміраваныя ў раннім узросце, прынясуць вялікую карысць у самастойным жыцці. Мае сэнс не толькі расказваць дзецям пра карысныя звычкі, але і прытрымлівацца іх самім.
— Якія формы асветніцкай работы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод педагогаў і дзяцей з’яўляюцца самымі дзейснымі? Раскажыце пра праект “Ваш выбар”.
— Для дзяцей і падлеткаў гарадскі цэнтр здароўя штогод ладзіць праект для летніх аздараўленчых лагераў “Ваш выбар”. Праект праходзіць пад дэвізам “На здаровай хвалі!”. У лагерах праводзіцца работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця на індывідуальным, групавым і агульналагерным узроўнях, і накіравана на павышэнне матывацыі дзяцей да вядзення здаровага ладу жыцця. У межах праекта праводзяцца спартыўныя, творчыя, інтэлектуальныя, забаўляльныя і іншыя мерапрыемствы, якія з’яўляюцца альтэрнатывай курэнню, ужыванню алкаголю і іншых псіхаактыўных рэчываў, запаўняюць вольны час дзяцей карыснай і цікавай дзейнасцю. Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у фізкультурна-спартыўных мерапрыемствах, якія прапагандуюць аптымальны рухальны рэжым. Серыя праектаў накіравана на выкананне норм рацыянальнага харчавання, правіл асабістай гігіены, загартоўванне.
У аснову “Вашага выбару” закладзена падрыхтоўка лідараў па праграме “Роўны вучыць роўнага”. Для папулярызацыі ідэй праекта ў лагерах працуюць прэс-цэнтры, інтэрнэт-рэсурсы, Telegram-каналы, дзе размяшчаюцца фотасправаздачы з мерапрыемстваў і акцый, а таксама аператыўныя навіны. Названы праект пашырае і ўмацоўвае веды яго ўдзельнікаў аб прынцыпах здаровага ладу жыцця, захаванні і ўмацаванні здароўя, паводзінах у грамадскіх месцах. У ходзе рэалізацыі праекта падлеткі паспяхова засвойваюць пытанні фарміравання здаровага ладу жыцця, у іх узрастае адказнасць за сваё здароўе.
Таксама гарадскі цэнтр здароўя рэалізуе праект “Лінія жыцця”, які накіраваны на прафілактыку наркаспажывання сярод падлеткаў, а таксама на супрацьдзеянне гвалту. Праект рэалізуецца ў фармаце семінара для педагогаў-псіхолагаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама для спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай службы ўстаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з мэтай пашырэння ведаў педагогаў-псіхолагаў і абмену вопытам.
— Лета — выдатная пара для адпачынку. Разам з тым менавіта ў гэты час у самых нечаканых месцах дзяцей можа напаткаць небяспека. Як можна засцерагчыся ад яе?
— Цудоўнае летняе надвор’е вабіць нас з дому на традыцыйныя летнія забавы: купацца, гуляць у лесе, смажыць шашлыкі! Але трэба быць вельмі ўважлівымі, каб пазбегнуць непрыемных нечаканасцей. Вось вы выязджаеце з дзіцем на пікнік. Як не атрымаць атручэнне? Для гэтага набываць трэба толькі свежыя прадукты высокай якасці ад надзейных пастаўшчыкоў. Не выкарыстоўвайце прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці або падазроныя на выгляд. Перад гатаваннем і ўжываннем ежы абавязкова старанна вымыйце рукі (не лішнім будзе і выкарыстанне спецыяльнага дарожнага антысептыку), а таксама ачысціце паверхні, на якіх будзеце гатаваць і падаваць ежу. Захоўвайце ежу ў герметычных кантэйнерах ці пакетах, каб прадухіліць забруджванне ад кузурак, зямлі ці іншых знешніх фактараў. Пасля таго як пікнік скончыцца, збярыце рэшткі ежы ў пакеты і выкіньце ў прызначаныя для гэтага скрыні. Не варта забіраць ежу з пікніка дадому і падвяргаць сваё здароўе дадатковай рызыцы.
Фота БелТА
Калі вы плануеце доўгі час быць на прыродзе, падумайце аб тым, як прадухіліць пераграванне на сонцы. Каб гэтага не здарылася, насіце адзенне з натуральных тканін (бавоўны або лёну), лёгкае і свабоднае, адмоўцеся ад рамянёў, якія шчыльна аблягаюць цела. Галава абавязкова павінна быць абаронена ад пякучых прамянёў галаўным уборам. Адзенне і галаўныя ўборы выбірайце светлых адценняў, яшчэ лепш — белага колеру. І не забудзьцеся пра вочы — надзеньце сонцаахоўныя акуляры. Варта памятаць і аб небяспечных суседзях, якія могуць быць у лесе, а менавіта аб кляшчах і змеях.
Сачыце за тым, каб на паляне, дзе вы размясціліся, не было высокай травы, бо там якраз і могуць хавацца кляшчы і змеі. Уважліва глядзіце пад ногі, пастаянна аглядайце сябе, апранайце адзенне, якое шчыльна закрывае цела, і высокія боты, калі заходзіце ў лес або ў густы хмызняк.
Калі ж замест лесу вы аддалі перавагу пляжу, тут таксама ёсць шэраг правіл. Пры выбары месца адпачынку трэба звярнуць увагу, як добраўпарадкаваны пляж, ці ёсць лаўкі, ценявыя навесы, кабінкі для пераапранання, арганізаваныя выратавальныя і медыцынскія пункты. Збіраючыся на пляж, абавязкова трэба ўзяць з сабой галаўны ўбор і пітную ваду. Нельга піць ваду з вадаёма, мыць у ёй агародніну, посуд, паласкаць рот.
Будзьце побач з дзіцем і не пакідайце яго аднаго ў патэнцыяльна небяспечных месцах. Памятайце, што дзеці — дапытлівыя і могуць не заўважыць небяспекі.
— У летні час дзеці больш схільны да курэння, асабліва да ўжывання вэйпаў. Як супрацьстаяць гэтаму злу?
— На жаль, сярод падлеткаў і моладзі сёння вельмі папулярныя электронныя цыгарэты, бяздымны тытунь. Колькасць іх спажыўцоў сярод падлеткаў за пяць гадоў вырасла ў тры разы. Шкода электронных цыгарэт відавочная і выклікае вялікую небяспеку для маладога арганізма. Утрыманне нікаціну і іншых хімічных рэчываў можа прывесці да прывыкання і негатыўна паўплываць на развіццё мозга і органаў. Араматычныя дабаўкі часцей за ўсё выклікаюць алергічную рэакцыю, аж да развіцця бранхіяльнай астмы. Вострыя рэспіраторныя захворванні і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі ў людзей, якія ўжываюць вэйпы, узнікаюць на 43% часцей, чым у тых, хто не курыць. Да таго ж няякасныя прылады могуць разарвацца прама ў роце. Курэнне вэйпаў можа быць зыходным пунктам для пераходу на звычайныя цыгарэты і на іншыя небяспечныя рэчы.
Каб супрацьстаяць гэтаму злу, трэба весці ўзмоцненую асветніцкую работу ў школах аб шкодзе курэння і ўжывання нікаціназмяшчальных вырабаў, актыўна далучаць бацькоў да прафілактыкі курэння сярод дзяцей. Тут неабходны асабісты прыклад. Не варта сварыцца ці пагражаць, абмяжоўваць зносіны з “дрэннымі сябрамі”. Галоўнае, што патрабуецца, — давер вашага дзіцяці да вас. Таму калі вы курыце, то не варта спрабаваць расказваць свайму дзіцяці пра шкоду курэння, а лепш шукаць іншыя падыходы. Важна развіваць сістэму дапамогі падлеткам у адмаўленні ад курэння, працаваць з улікам полу, узросту, асаблівасцей асобы дзіцяці. Да гэтай работы неабходна прыцягваць псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў і іншых зацікаўленых. А зацікаўленым павінна быць усё наша грамадства.
Па статыстыцы, у нашай краіне і за яе межамі ўжо больш за палову школьнікаў ва ўзросце да 14—15 гадоў спрабуюць курыць і прыкладна трэцяя частка робіць гэта рэгулярна. Смяротнасць нашых грамадзян, якія пачалі курыць у падлеткавым узросце, намнога вышэйшая ў параўнанні з тымі, хто ўпершыню закурыў у больш свядомым узросце (пасля 25 гадоў). У падлетка, які курыць, пакутуе памяць, яму цяжка завучваць тэкст, ён хутчэй стамляецца. Акрамя таго, курэнне прыводзіць да знясілення нервовых клетак, выклікаючы заўчасную стомленасць і зніжэнне актыўнасці мозга.
Пры курэнні ў падлетка адбываецца паталогія зроку, прыгнятаецца слыхавое ўспрыманне, зношваецца сардэчная мышца. Ранняе курэнне затрымлівае рост. Нікацін зніжае фізічную сілу, вынослівасць, пагаршае каардынацыю і хуткасць рухаў, таму спорт і курэнне несумяшчальныя. З павелічэннем колькасці падлеткаў, якія кураць, памаладзеў і рак лёгкіх. Акрамя таго, курэнне негатыўна ўплывае на знешнасць падлетка. Немалаважна і тое, што на пакупку цыгарэт трацяцца немалыя грошы, якія можна было б выкарыстаць на карысную пакупку, а не на атруту. На жаль, такую высокую цану курэння падлеткі да канца не ўсведамляюць і ступень згубных наступстваў курэння не выклікае ў іх страху за сваё здароўе.
Ала КЛЮЙКО