Надзейная заслона: чым дапамагаюць дзецям камісіі па справах непаўналетніх

- 11:10Компетентно, Школа управления

Адна з самых актуальных і сацыяльна значных задач, якія стаяць перад грамадствам сёння, — звесці да мінімуму прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць здзяйсненню непаўналетнім проціпраўнага ўчынку. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць камісіі па справах непаўналетніх. Аб вопыце сваёй работы карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала намеснік старшыні КСН Cавецкага раёна сталіцы Аксана Ласіцкая.

— Аксана Уладзіміраўна, што лічыце галоўным у сваёй справе?

— Па выніках першага квартала гэтага года ў нашым раёне сталіцы няма рос­ту проціпраўных дзеянняў сярод падлеткаў. Наша камісія — каманда аднадумцаў, якія аб’яднаны адной мэтай — абараняць дзяцей, дапамагаць ім у складаных сітуацыях, фарміраваць іх асобу. Такі падыход прыносіць канкрэтныя прафілактычныя вынікі. Мы сабралі ў нашу камісію прафесіяналаў з розных галін і напрамкаў дзейнасці, сярод якіх — прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі раёна, упраўлення ўнутраных спраў, урачы рознага профілю, работнікі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач”, фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Савецкага раёна сталіцы і інш.

— Іншы раз да камісіі па справах непаўналетніх ставяцца як да карнай.

— З гэтым нельга пагадзіцца. Маё жыццёвае крэда: няма цяжкіх дзяцей — ёсць дзеці, якім мы своечасова не дапамаглі. Таму камісія па справах непаўналетніх імк­нецца дапамагчы дзіцяці, бацькам, якія трапілі ў складаную сітуацыю, ака­заць ім дапамогу ў цяжкі момант. Мы стараемся наладзіць кантакты з дзіцем і яго сям’ёй, устанавіць зваротную сувязь, вызна­чыць усе кропкі судакранання, каб паставіць негатыву надзейны бар’ер. Мы не толькі зай­маемся наступствамі ўжо здзей­сненага правапарушэння, але і  прымаем прэвентыўныя меры, каб не дапусціць яго.

— Звычайна дзіця, якое нічым не занята, не захоплена цікавай справай, часцей за ўсё ідзе на вуліцу шукаць прыгод, а там да правапарушэння недалёка.

— Сапраўды. Нездарма мы падключаем да супрацоўніцтва раённы Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач”, фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі Савецкага раёна Мінска. Яны з’яўляюцца пляцоўкай для правядзення вольнага часу нашых дзяцей, дзе дзейнічаюць разнастайныя бясплатныя аб’яднанні па інтарэсах. Тут ёсць магчымасць правесці вольны час мэтанакіравана і карысна. Аказвае садзейнічанне ў занятасці дзяцей і БРСМ, які прапаноўвае дзятве шэраг мерапрыемстваў забаўляльна-выхаваўчага характару. Са свайго боку мы імкнёмся далучаць дзяцей да разнастайных акцый, свят рознай тэматыкі, якія праводзяцца ў гора­дзе і непасрэдна ў раёне. Пытаннем арганізацыі вольнага часу школьнікаў павінны займацца кіраўнікі і педагогі навучальных устаноў, пастаянна быць у пошуку новых аптымальных падыходаў, скіраваных на павышэнне актыўнасці і зацікаўленасці іх выхаванцаў, далучаць да гэтага класнага кіраўніка, педагога сацыяльнага, псіхолага. У час канікул неабходна пільна сачыць, як дзеці праводзяць час, у чым яны задзейнічаны, які занятак выбралі і ці пад наглядам яны сваіх бацькоў. Усё пачынаецца з сям’і. Таму баць­кам трэба шмат увагі ўдзяляць сваім дзецям, працаваць у тандэме са школай, цікавіцца жыццём сваіх дзяцей, тэрмінова рэагаваць, калі бачаць, што дзіця замкнулася, змяніліся яго паводзіны. Дзяцей трэба любіць і разумець, ставіцца як да асобы, а не тупаць нагой і забараняць кожны крок. Сын ці дачка павінны адчу­ваць бацькоўскі клопат, павагу, і вы ў адказ адчуеце давер і паразуменне.

— А калі бацькі нядобранадзейныя?

— Сапраўды, сістэма работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў не будзе цэласнай без станоўчага ўплыву сямейнага выхавання. Часта прычыны негатыўных праяўленняў сярод непаўналетніх хаваюцца ў сямейнай нядобранадзейнасці, адмоўным уплыве бацькоў на дзяцей. Непаўналетнія ў такіх сем’ях становяцца відавочцамі, а па сутнасці, удзель­нікамі сямейных канфліктаў і скандалаў, рукапрыкладства, сварак і абраз, а часам і ахвярамі злачынстваў. Наша задача не нашкодзіць, а дапамагчы дзіцяці.

Я ўваходжу ў склад каардынацыйнага савета, дзе разглядаюцца пытанні аб прызнанні дзяцей асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Канечне, такія бацькі ўспрымаюць статус нядобранадзейнасці як кляймо на ўсё жыццё. Таму замоўчваюць факты непрыстойных паводзін, не імкнуцца змагацца са згубнымі звычкамі. Мы наладжваем сувязь з такімі сем’ямі, заахвочваем ісці насустрач, не адмаўляцца ад дапамогі, якую прапаноўваем, каб сям’я выйшла з цяжкага становішча. Бывае, што бацькі, якія ўжываюць спіртное, хацелі б, але не ведаюць, дзе прайсці лячэнне. Таму мы шмат увагі ўдзяляем асветніцкай рабоце, асаб­ліва з тымі, хто шчыра хоча вылечыцца, баіцца страціць сваіх дзяцей. Мы не ставім мэту ізаляваць дзіця ад нядобранадзейнай сям’і, а шукаем шляхі ўздзеяння, каб спы­ніць альбо папярэдзіць крытычную сітуацыю. Ёсць прыклады, калі бацькі прыходзяць на прыём і дзякуюць за тое, што іх выратавалі, не кінулі ў цяжкі момант і захавалі да іх чалавечыя адносіны. І гэта дае ім веру ў выпраўленне. У адносінах да нядоб­ранадзейных сем’яў і тых, хто ўжо стаў на шлях выпраўлення, заўсёды праяўляецца павышаная ўвага і нястомны клопат з боку кампетэнтных спецыя­лістаў, кіраўнікоў навучальных устаноў, педагогаў. І ўсё гэта дзеля таго, каб заха­ваць сям’ю, зрабіць яе паўнавартаснай, каб дзіця не было абдзелена ўвагай, клопатам і любоўю бацькоў.

Але ж бывае, што прыходзіцца ізаля­ваць дзіця ад нядобранадзейнай сям’і. І мы тлумачым, што гэта не пункт невяртання і шанс для аднаўлення сямейных адносін заўсёды ёсць. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобрана­дзейных сем’ях” дае права праз шэсць месяцаў прыняць два рашэнні: вярнуць дзіця ў сям’ю, калі бацькі адумаліся, альбо пазба­віць бацькоўскіх правоў. Тут усё ў руках баць­коў.

— Як вам удаецца пазбегнуць злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў?

— Мы ідзём па шляху апярэджання, прымянення прэвентыўных мер, вядзём шырокую асветніцкую работу, тлумачым дзецям, бацькам наступствы злачынных дзеянняў, уплыў наркотыкаў на здароўе, асабліва на падлеткавы арганізм, і ўвогуле на далейшае жыццё, бо злачынства за наркотыкі прадугледжвае вялікі тэрмін пакарання. У склад камісіі ўваходзіць урач-нарколаг, які цесна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі, непасрэдна з навучэнцамі, узаемадзейнічае з бацькамі, выступае на бацькоўскіх сходах, класных гадзінах. Мы дэманструем фільмы па тэматыцы наркаманіі, прадастаўленыя МУС і заснаваныя на рэальных падзеях і фактах. Калі прапагандуем здаровы лад жыцця, далучаем да гэтага тых навучэнцаў, якія паспелі паспрабаваць нікацін, алкаголь і ў даступнай форме могуць данесці іх шкоду сваім аднагодкам. У гэтым двайная карысць. Такія падлеткі дапамагаюць іншым і сабе: яны ўмацоўваюцца ў сваёй пазіцыі негатыўна ставіцца да дрэнных звычак і павышаюць сваю самаацэнку.

Практыкуем у раёне і правядзенне мерапрыемстваў з удзелам паспяховых навучэнцаў і тых, з кім праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. На такіх сустрэчах адразу відаць, як праблемныя дзеці міжволі цягнуцца за станоўчымі лідарамі, пачынаюць праяўляць актыў­насць, ініцыятыву. На базе сталічнай школы № 148 адкрыты цэнтр медыяцыі, дзе выкарыстоўваецца прынцып “роўны вучыць роўнага”. Калі ўзнікаюць канфлікты паміж дзецьмі, дарослыя не заўсёды могуць іх вырашыць, і тут на дапамогу прыходзяць самі непаўналетнія. Увогуле, пры правядзенні індывідуальнай работы з дзецьмі, якія спатыкнуліся, імкнёмся ўспрымаць кожнага як асобу. Нават калі падлетак учыніў правапарушэнне, мы ставімся да яго паважліва і прадастаўляем магчымасць выправіць свае паводзіны.

— А калі ўсё ж прыходзіць пакаранне за проціпраўныя ўчынкі?

— Калі падлетак здзейсніў чатыры адміністрацыйныя правапарушэнні, камісія, згодна з Законам “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, абавязана накіраваць яго ў спецыяльную ўстанову закрытага тыпу. Падлеткі і іх сем’і вельмі балюча ставяцца да гэтай меры, гэта для іх вялікае ўзрушэнне. Калі выклікаем іх на камісію, то яны раскайваюцца, але бывае, што лічаць сябе героямі. Аднак гэта толькі падлеткавая бравада, на самай справе ім вельмі страшна за свой лёс. Нават калі ўжо ўсё здарылася, мы не адракаемся ад такіх дзяцей, а ідзём побач з імі, з іх сем’ямі, каб раздзяліць іх боль, тлумачым, што сітуацыя не безнадзейная. Спецыяльная ўстанова закрытага тыпу для непаўналетніх — гэта не турма. Гэта перш-наперш навучальная ўстанова, дзе дзіця будзе вучыцца, атрымліваць спецыяльнасць, побач будуць педагогі, псіхолагі, якія акажуць неабходную дапамогу. Непаўналетняга нельга ўспры­маць як патэнцыяльнага злачынца. Яго жыццё толькі-толькі пачынаецца. Так, ён спатыкнуўся, атрымаў за гэта пакаранне, але гэта не азначае, што ён безнадзейны. У яго абавязкова знойдуцца сілы і матывацыя павярнуць сітуацыю ў лепшы бок. І так адбываецца з большасцю падлеткаў, якія ўчынілі правапарушэнні.

— На жаль, злачыннасць расце разам з дзецьмі…

— Так. Таму простыя жыццёвыя правілы трэба даносіць дзіцяці з маленс­тва. Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны ве­даць, што нельга браць чужое і чапаць старонняга чалавека. Калі гаварыць больш глабальна, трэба выхоўваць грамадзяніна ў духу павагі і бездакорнага выканання законаў сваёй краіны. У нас створаны ўсе ўмовы, каб мы маглі гэтыя пастулаты замацоўваць у фарміраванні асобы кожнага дзіцяці. Ёсць арганізацыі, якія гатовы выступіць для нас дарадчыкамі. Напрыклад, прыярытэтнай мэтай Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей з’яўляецца аказанне са­цыяльна-псіхалагічнай дапамогі. Там адкрыта круг­ласутачная інфармацыйная лінія па праблемах сям’і і дзяцей і экстраннай псіхалагічнай дапамогі. Дарослым трэба ведаць такія арганізацыі, каб атрымаць своечасовую параду.

Новыя кірункі сваёй работы ажыццяўляем і з навучальнымі ўстановамі, у прыватнасці выкарыстоўваем музеі і клубы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, дзе навучэнцы могуць адточваць прыёмы адзінаборстваў, атрымліваць навыкі страявой падрыхтоўкі, весці актыўны і здаровы лад жыцця. У іх расце ўсведамленне, што не ў канфлікце ў школе альбо на вуліцы трэба паказваць сваё ўяўнае лідарства, сваю сілу і спрыт, а пры выкананні добрых спраў, накіраваных на захаванне традыцый гістарычнага мінулага, шанаванне подзвігу нашых продкаў, нашай спадчыны.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА