“Школьны экадвор” — гэта творчая прэзентацыя ўсіх экалагічных праектаў, якія на працягу года дзеці рэалізоўвалі са сваімі педагогамі і бацькамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Творчая справаздача
Пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі К.В.Ярашэвіч вядуцца цікавыя даследаванні
Увесь навучальны год гімназісты, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі экалагічнага клуба Vita, пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў працавалі па кірунках “Біяразнастайнасць”, “Энергазберажэнне”, “Водазберажэнне”, “Абыходжанне з адходамі” і “Якасць атмасфернага паветра”. Яны вывучалі відавую разнастайнасць раслін і жывёл, якіх можна заўважыць на тэрыторыі гімназіі, аналізавалі спосабы скарачэння вода- і энергаспажывання, вызначалі крыніцы ўтварэння адходаў дома і ў гімназіі, знаёміліся са спосабамі іх мінімізацыі, ацэньвалі ўзровень забруджвання паветра ў мікрараёне ўстановы адукацыі, рыхтавалі памяткі, флаеры, прэзентацыі, выступалі на інфармацыйных і класных гадзінах, праводзілі інтэрактыўныя заняткі, акцыі. І цяпер прыйшоў час цікава і даступна расказаць пра ўсё тое, чаму яны навучыліся, на інтэрактыўных пляцоўках школьнага экадвара.
“Школьны экадвор” — гэта аўтарская экалагічная ініцыятыва гімназіі ў межах адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Яна матывуе ўдзельнікаў на дзеянні па вода- і энергазберажэнні, раздзельным зборы адходаў, захаванні біяразнастайнасці, разумным спажыванні рэсурсаў.
На свята ў гімназічны двор традыцыйна прыходзяць жыхары найбліжэйшых дамоў, члены сем’яў навучэнцаў гімназіі, вучні і педагогі іншых школ горада. Іх прываблівае інтэрактыўны фармат: гульнявыя практыкаванні, камандныя гульнявыя заданні, рухавыя гульні, наглядныя эксперыменты і дэманстрацыі, практычныя парады, як сваімі дзеяннямі не нашкодзіць сабе, іншым і навакольнаму асяроддзю. Школьнікі рыхтуюць для ўдзельнікаў мерапрыемства памяткі, буклеты, якія не даюць ім забыць пра важныя правілы і дапамагаюць выкарыстоўваць карысныя эказвычкі дома, а таксама раздаюць інструкцыі, у якіх пазначаны адрасы пунктаў раздзельнага збору адходаў у Смаргоні, кантактныя даныя дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аховы навакольнага асяроддзя.
Вучымся на станцыях
Пачатак “каляровых” станцый ёсць!
Традыцыйна інтэрактыўныя станцыі разгорнуць сваю работу ў двары гімназіі каля дзікага лугу. Тут не косяцца трава і кветкі, якія адцвілі, не зграбаецца лісце, за кошт чаго павялічваецца біяразнастайнасць раслін, насякомых, за якімі можна назіраць. Кожны год станцыі мяняюцца, дабаўляюцца новыя, каб было цікава і тым, хто іх прадстаўляе, і тым, каму яны прадстаўляюцца. Напрыклад, у мінулым годзе ўпершыню з’явілася жоўтая станцыя. На ёй гімназісты знаёмілі гасцей з кветкамі, якія растуць на дзікім лузе і маюць суквецці жоўтага колеру. Гэта чыстацел, падбел, ястрабок, лаганец, чына, дзьмухавец, асот і інш.
Усяго ж на ўчастку для экскурсій расце некалькі дзясяткаў травяністых раслін самых розных колераў і адценняў. Адна з выпускніц гімназіі Вераніка Хаменка фатаграфавала іх, і на аснове гэтых фота яе равеснікі разам з настаўнікамі стварылі вызначальнік раслін, у які ўвайшлі больш за 40 відаў.
Гэтым разам гімназісты раскажуць удзельнікам экадвара, што такое экаслед і водны след, што абазначаюць эказнакі, сарыентуюць, дзе знайсці чыстае паветра, навучаць эканоміць электраэнергію, пазнаваць птушак і расліны, рабіць кампост, выбіраць экалагічныя мыйныя сродкі, а юныя сіноптыкі правядуць майстар-клас на гімназічнай метэастанцыі. Далучыцца да дзяцей і начальнік Смаргонскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аксана Страшкевіч, якая раскажа пра экалагічную сітуацыю на тэрыторыі Смаргоншчыны.
— Кожны год навучэнцы 1—9-х, а часам і 10-х класаў уваходзяць у ініцыятыўную групу экалагічнага маніторынгу. Яны дапамагаюць рабіць прэзентацыі, праводзіць конкурсы, гульні і, вядома, даследаванні. У нашай гімназіі ёсць абсталяванне для вызначэння якасці паветра, — гаворыць настаўніца геаграфіі Тамара Міхайлаўна Санюк.
Шасцікласніца Вікторыя Царык добра ведае каштоўнасць прэснай вады, таму ўжо рыхтуецца працаваць на воднай станцыі:
— Здаецца, што запас вады на Зямлі вялікі, але насамрэч толькі 1% усёй вады можна выкарыстоўваць для піцця. Кожны чалавек пакідае свой след — на снезе, пяску. Але мала хто ведае, што чалавек пакідае і водны след.
Маецца на ўвазе колькасць вады, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці тавараў і паслуг. Чым больш мы спажываем прадуктаў з вялікім водным следам, тым менш становіцца вады на планеце. Адкуль жа гэты след бярэцца? Усё вельмі проста: вада патрэбна для вырошчвання раслін, правядзення вытворчых працэсаў (ахаладжэнне, замочванне, прамыванне і інш.). Атрымліваецца, што за кожным прадуктам цягнецца след з вады, выкарыстанай для яго стварэння. Напрыклад, для кубка кавы неабходна 140 л вады, а на вытворчасць 1 кг шакаладу спатрэбіцца 17 тон вады (гэтай колькасцю можна напоўніць басейн!). Калі вы хочаце падлічыць свой водны след, Вікторыя раіць выкарыстоўваць дадатак “Калькулятар воднага следу”.
Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі, расказвае:
— Яшчэ ў верасні нашы навучэнцы вызначаліся з тэмамі сваіх праектаў, дзяліліся на групы ці працавалі індывідуальна. Яны шукалі інфармацыю, апрацоўвалі яе, правяралі, вучыліся прадстаўляць свае праекты (вусна, праз прэзентацыю, інтэрактыўную экалагічную гульню і г.д.), апрабоўвалі іх на аднакласніках, а цяпер прэзентуюць на школьным экадвары.
Беражом энергію
І.А.Дурэйка і В.Ю.Грышан вучаць карыстацца сонечным гадзіннікам
Шырока разгарнулася работа ў гімназіі і ў кірунку энергазберажэння. У яе ўключыліся і навучэнцы, і іх бацькі, і грамадскасць. За гэтую сістэмную работу калектыў гімназіі мае дыплом ІІ ступені ў вобласці на конкурсе “Энергамарафон”, а таксама ў якасці падарунка за перамогу ў конкурсе “Энергія сонца для “зялёных школ” тры гады назад атрымаў сонечную панэль. Яна ўстаноўлена на тэрыторыі школы і не толькі сілкуе сабой ліхтар, але і стала наглядным аб’ектам для правядзення ўрокаў фізікі і прыродазнаўства, экскурсій для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў.
Т.М.Санюк гаворыць:
— Работа па энергазберажэнні ў нас праходзіць у два этапы — гэта тэарэтычная і практычная часткі. Так, у нашым раёне ёсць сонечная электрастанцыя, ветраныя энергагенератары, Рачунская малая ГЭС і, канечне, суседняя Астравецкая АЭС. Вывучаем і іншыя электрастанцыі нашай краіны і замежныя.
Практычная ж частка — гэта дамашні і школьны аўдыт. Аўдыт дома праводзяць усе класы. У яго рамках першы тыдзень дзеці разам з бацькамі здымаюць паказчыкі з лічыльнікаў. Пасля праходзяць тэатэрытычныя заняткі па энергазберажэнні, робяцца памяткі з падказкамі, потым паўторна здымаюцца паказчыкі і падлічваецца эканомія. Яна атрымліваецца на працэнтаў 10—15 большай. Што да школы, то мы складаем энергетычныя пашпарты кабінетаў, дзе ўлічваюцца затраты на асвятленне і тэхнічныя сродкі навучання. Энергаспажыванне падлічваецца і ў кожным кабінеце паасобку, і ў школе ў цэлым. Гэта робіцца разам з намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. У выніку выпрацоўваецца праграма на наступны навучальны год па зніжэнні спажывання энергіі.
Дырэктар школы Ірына Анатольеўна Дурэйка адзначае:
— Мы стараемся выхоўваць усебакова развітых маладых людзей, у тым ліку і экалагічна дасведчаных. Што б мы ні арганізоўвалі, у нашых дзяцей заўсёды праяўляецца экалагічнае мысленне. Нездарма іх бацькі гавораць, што экалагічныя парады ім даюць іх дзеці, а не наадварот.
— Нашы навучэнцы не ўпрыгожаць школу ці кватэру мішурой, — дадае Вольга Юр’еўна Грышан, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, — не ўпакуюць падарунак ці кветкі ў глянцавую абгортку са стужкамі, не выкінуць на сметнік батарэйкі, нескарыстаныя лекі. Яны абавязкова падыдуць экалагічна правільна да вырашэння любой задачы. Тое, як праяўляюць сябе дзеці ў штодзённым жыцці, сведчыць, што мы на правільным шляху.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара