Настаўнік назаўжды. Людміла Лаўрэнцьеўна Юргель з Глыбокага адзначыла 95­-годдзе

- 17:15Новости

95­-гадовы юбілей адзначыла Людміла Лаўрэнцьеўна Юргель з Глыбокага. Пра настаўніцкі шлях і галоўнае ў жыцці, якое ўмяшчае гісторыю сучаснай Беларусі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”  пагутарыла з ветэранам педагагічнай працы.

— Людміла Лаўрэнцьеўна, вы колькі вучняў выгадавалі і выхавалі?

— Неяк не задавалася гэтым пытаннем, хаця спецыяльнасць мая напрамую звязана з лічбамі — я ж настаўніца матэматыкі і фізікі. Школе аддала 36 гадоў, а класы часам былі вялікія, да 45 вучняў у адным здаралася. Таму іх лік на тысячы, напэўна.

— Як трапілі на Глыбоччыну?

— Закахалася ў настаўніка і ў 1954 го­дзе пераехала да яго, бо мы сталі сям’ёй. Так, я з суседняй Шаркаўшчыны родам, з вёскі Дубавое. Пасля заканчэння педінстытута ў Віцебску вярнулася на радзіму, працавала ў Юдыцынскай школе. У майго мужа, Івана Міхайлавіча Юргеля, былі дзве настаўніцкія спецыяльнасці, ён скончыў Глыбоцкае педагагічнае вучылішча. Два гады выкладаў у пачатковых класах, потым служыў у арміі. Вярнуўся і вырашыў далей завочна вучыцца. У Кіраўскай школе Глыбоцкага раёна мы ўжо на пару праводзілі ўрокі. Праз некаторы час мужа перавялі дырэктарам у Жданаўскую школу, дзе была сямігодка. Яшчэ 10 гадоў мінула — і мы пераехалі ў Глыбокае. У сярэдняй школе № 1, так атрымалася, зноў жа 10 гадоў працавалі (з 2012 года ўстанова адукацыі носіць імя П.В.Су­хога). Потым нас перавялі ў новую, толькі што пабудаваную школу № 3, цяпер яе ўсе веда­юць як раённую гімназію. Нам з мужам пашчасціла ісці разам па жыцці і ў прафесіі. Толькі ён фізіку выкладаў, а я матэматыку.

— Ці ёсць сярод вашых выпускнікоў педагогі?

— Ой, многа. Нават ветэраны педагагічнай працы ёсць. Хтосьці ў навуку пайшоў, дысертацыі абараніў.

Зрэшты, не важна, якая прафесія ў выпускніка, — важна, каб душа ляжала да справы, каб яна прыносіла карысць яму і людзям. А галоўнае, каб чалавек быў добры, тады настаўніку радасна за вучня.

Калі гаварыць пра нашу сям’ю, то мае сыны выбралі інжынерныя спецыяльнасці, абодва — кандыдаты навук. Дачка стала ўрачом. Адна з унучак — педагог па першай вышэйшай адукацыі, яна скончыла лінгвістычны ўніверсітэт у сталіцы. Але потым зацікавілася ІТ-сферай, там дасягнула поспехаў.

— Сувязь з выпускнікамі падтрымліваеце?

— Яны мяне не забываюць: прыхо­дзяць, прыязджаюць у госці. Гэтая сувязь для кожнага педагога важная.

— Што скіравала вас на педагагічны шлях?

Мне з малых гадоў падабалася настаўніцтва, вельмі я любіла гэтую работу і дзяцей. Бацькі ў мяне сяляне, звычайная вясковая сям’я. У нечым стрыечныя сёстры маці паўплывалі на выбар. Яны настаўнічалі даўно, пры Польшчы, а я і сёння іх доб­рым словам успамінаю. Усё ж вырашальнае, па-мойму, што сама мела здольнасці і моцнае жаданне.

— А дзе вучыліся?

— Спачатку ў польскай школе. Тры гады правучылася, і адбылося аб’яднанне Беларусі, школа стала беларуская — як жа мы радаваліся! Потым чорны час, Вялікая Айчынная вайна. Зноў наша тэрыторыя была акупіравана, пад немцамі. А ведаеце, пасля вызвалення сярод першага, што зрабілі, — арганізавалі заняткі ў школах. Усялякага жыта ў лёсе хапіла. Цяжка даводзілася і дзецям, але ж мы стараліся вучыцца і дапамагалі старэйшым, бо верылі ў лепшую долю. Жыццё сапраўды мянялася. Толькі вельмі марудна, людскім мазалём ды ўпартай працай. Затое вынікі! З Глыбокага да вёскі, дзе мы жылі падчас работы ў Жданаўскай сямігодцы, было недзе 25 кіламет­раў. У міжсезонне, калі нас выклікалі на нараду ў райцэнтр, мы ішлі пешшу ў гумавых ботах. Дабіраліся з прыгодамі, бо дарога ператваралася ў дрыгву. Пра рэйсавыя аўтобусы нават не марылі, не гаворачы пра асабістыя аўто.

— Наколькі з таго часу змяніліся адносіны дзяцей да настаўнікаў?

— Многа пра гэта размоў, мне здаецца, часам занадта. Разумееце, да тых, хто сапраўдны настаўнік, адносіны не змяніліся. Прывяду прыклад з мінулага. Муж, калі пасля педвучылішча яго адправілі ў вёску Удзела працаваць у пачатковых класах, аднойчы застаўся без чарніліцы. Правёў урокі, на перапынку перад апошнім папрасіў: “Дзеці, дайце мне чарніліцу. Трэба занатаваць у журнале, што мы зрабілі за дзень, пра што вы даведаліся”. Раней жа вучні насілі ў школу свае чарніліцы-неразлівашкі. Дык вось, хто быў у класе, усе разам падбеглі з чарніліцамі да настаўніка. Каб не пакрыўдзіць памочнікаў, ён пяром торк-торк у адну, потым у другую — кожную задзейнічаў у працэсе. Вучні засталіся задаволеныя — словамі не перадаць. Пасля на баць­коўскім сходзе вяскоўцы расказвалі, як дзеці дома хваліліся: “Сёння настаўнік скарыстаўся маёй чарніліцай!”

— Да любімага настаўніка ў падобнай сітуацыі цяперашнія дзеці прыбя­гуць?

Навыперадкі! Дапамагчы педагогу будуць лічыць за гонар, я ўпэўнена. Настаўніку многае дадзена, затое адказнасць на ім велізарная. Трэба часам дзяцей і падахвоціць, і прыструніць, але ўмела.

Настаўнік павінен быць для вучняў самым сумленным і справядлівым чалавекам на зямлі. Бо не толькі па падручніках, а найперш у зносінах на яго прыкладзе вучацца дзеці, у якіх усё жыццё наперадзе.

Як іх нацэлім, так будзе ў нас заўтра. Дапамагчы вучням выбраць правільную дарогу — галоўная настаўніцкая задача. Да чаго падобны клас? Да сям’і! Школа — вялікая сям’я. Калі мы вучым дзяцей наладжваць адносіны, у аснову закладваем, што нельга адгароджвацца ад праблем аднакласнікаў, калектыўных спраў. Гэта не чужое. Часам некаторыя настаўнікі ка­жуць, што іх не паважаюць, не слухаюцца на ўроках. Раю ім: зазірніце ў сябе! Для мяне такія скаргі сведчаць, што не знайшоў педагог ключык да дзяцей. Гэта асабісты вялікі мінус. У выпадку з маладым спецыялістам патрэбна неадкладная дапамога, сам ён не спраўляецца. А настаўніку са стажам, які не валодае класам, не месца ў школе. Такое ў мяне меркаванне.

— У вас былі любімцы ў класе сярод вучняў?

— Паасобку ніколі, у мяне любімцамі былі ўсе. Вучні ведалі: нават кругламу выдатніку я пяцёрку не пастаўлю, калі ён тэму недапрацаваў. Іншая справа, настаўнік павінен заахвоціць, а бывае, прымусіць да працы, настаяць на сваім. У парадку выключэння — даць магчымасць выправіцца. Пяцёрка на радасць і карысць вучня, калі ён сам разумее, што заслужана яе атрымаў. Калі адчувае, што настаўнік бачыць і шануе яго працу. Ніхто так чуйна не заўважае стаўленне настаўніка, як дзеці. Нам многаму варта ў іх вучыцца, асабліва ў маленькіх. Дабрыні, шчырасці — гэтага ў дарослых не хапае.

— Калі б давялося паўтарыць шлях, ці выбралі б вы педагогіку?

— Так. Без разваг.

— На вашу думку, з чаго складаецца шчасце?

— Усё жыццё — шчасце. Жывеш — і шчаслівы. Я так разумею: ты, сустракаючы дзень, павінен усміхнуцца і парадавацца, што ты жывеш. У доме, на прысядзібным участку ў мяне багата кветак. Было больш, цэлае мора! Мне падабаецца даглядаць кветкі. Цяпер, на жаль, здароўе не дазваляе гэта рабіць столькі, колькі хочацца. Раней людзі па вуліцы ішлі і спыняліся, дзівіліся прыгажосці. Вырошчвала многа гатункаў лілей. Раніцай, бывала, выйду з дому, удыхну водар і кожную кветачку нагнуся панюхаю. Чую, сусед жонцы гаворыць: “Паглядзі, Лаўрэнцьеўна цалуецца са сваімі кветкамі!” Магчыма, самае галоўнае для шчасця — радасць. Каб чалавек імкнуўся радавацца і радаваць, з дабром ставіўся да людзей. Трэба быць удзячным і любіць жыццё.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама