Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка ў рамках рабочай паездкі на Віцебшчыну 30 чэрвеня правёў сустрэчу з працоўным калектывам філіяла БДТУ “Полацкі дзяржаўны лясны каледж”.
Найстарэйшая ў краіне ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая забяспечвае фундаментальную падрыхтоўку спецыялістаў лясной гаспадаркі, у лістападзе адзначыць сваё 100-годдзе. За гэты час Полацкі дзяржаўны лясны каледж (раней — Полацкі лясны тэхнікум) выпусціў больш за 16 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў. Сярод яго выпускнікоў — вядомыя вучоныя, кіраўнікі вядучых гаспадарак і прадпрыемстваў. Сёння каледж актыўна ўкараняе перадавыя тэхналогіі і адзіны ў рэспубліцы паўнавартасна спалучае адукацыйны працэс з арганізацыяй вытворчай лесагаспадарчай дзейнасці. Свае веды і вопыт навучэнцам перадаюць кампетэнтныя выкладчыкі з дапамогай сучаснага абсталявання. Вучэбна-доследны лясгас плошчай 10,7 тысячы гектараў з’яўляецца ўнікальнай вучэбна-вытворчай і навукова-даследчай базай для правядзення вучэбных заняткаў і практык, рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў, пляцоўкай міжведамаснага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з арганізацыямі —заказчыкамі кадраў.
Разам з кіраўніком ведамства ў сустрэчы прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Святлана Валюшкіна. У размове закраналіся актуальныя пытанні сучаснай адукацыі і павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў, далейшае ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыі адукацыйнага працэсу ў каледжы.
Па ацэнцы міністра, сістэма адукацыі працуе стабільна. Практычна на завяршальным этапе навучальны год; цэнтралізаванае тэсціраванне і работа прыёмных камісій ідуць у штатным рэжыме. Ігар Карпенка азнаёміў педагогаў з асноўнымі палажэннямі другой рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, запрасіў прысутных выказаць свае заўвагі і прапановы, расказаў аб падрыхтоўцы да Рэспубліканскага педагагічнага савета. У прыватнасці, былі абмеркаваны змяненні ў правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і, адпаведна, у правядзенні выніковай атэстацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. На парадку дня — сумяшчэнне школьных выпускных экзаменаў з цэнтралізаваным тэсціраваннем, пашырэнне практыкі арганізацыі ўнутраных алімпіяд ва ўстановах вышэйшай адукацыі і павелічэнне мэтавага набору. Вучыцца па запатрабаваных спецыяльнасцях змогуць мэтавікі з населеных пунктаў, дзе пражывае 20 тысяч і больш жыхароў, што дазволіць у тым ліку больш вынікова вырашаць пытанні матывацыі да падрыхтоўкі і наступнай прафесійнай дзейнасці, забеспячэння кадрамі прадпрыемстваў і арганізацый, замацавання маладых спецыялістаў. Вектар развіцця нацэлены на стварэнне конкурснай сітуацыі на мэтавыя месцы і павышэнне адказнасці мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, якія будуць выдаваць мэтавыя накіраванні; пры гэтым не выключана ўвядзенне такога паняцця, як рэкамендацыя педагагічнага савета.
Асобна Ігар Карпенка спыніўся на падыходах да ўвядзення дыстанцыйнай формы навучання. У другой рэдакцыі кодэкса яна азначана як від завочнай, што “ажыццяўляецца пераважна з выкарыстаннем сучасных камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Аднак у дачыненні да падрыхтоўкі па спецыяльнасцях, дзе патрабуюцца канкрэтныя практычныя навыкі, гэты падыход наўрад ці мэтазгодны. Тое ж можна сказаць і аб “дыстанцыйцы” на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, бо задача школы не проста ў перадачы пэўнай інфармацыі: найперш яна выконвае функцыю сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў. Менавіта тут моладзь набывае каштоўны вопыт зносін у рознаўзроставых калектывах і з равеснікамі, вучыцца дзейнічаць у розных сацыяльных ролях, выпрацоўвае мадэлі паводзін. З-за пандэміі COVID-19 многія навучальныя ўстановы ў шэрагу краін закрываліся або поўнасцю пераходзілі на дыстанцыйнае навучанне. Праведзеныя Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) даследаванні сведчаць: гэта негатыўна адбілася на якасці і даступнасці агульнай сярэдняй адукацыі. Як вынік, рэкамендавана пераводзіць навучанне ў дыстанцыйны фармат толькі ў самых крайніх выпадках і пажадана не закрываць установы.“У той жа час для школы створана інфармацыйна-адукацыйная платформа, — адзначыў міністр. — Мы папрасілі рэгіёны падключыць да распрацоўкі відэаўрокаў і праверачнага інструментарыю нашых лепшых настаўнікаў. Зразумела, што названы рэсурс не замяняе адукацыйны працэс, а дапаўняе яго. Платформа будзе выкарыстоўвацца і тымі, хто па пэўных прычынах не зможа прыйсці на ўрокі. Да канца гэтага навучальнага года платформа функцыянавала ў тэставым рэжыме, а з 1 верасня пачне работу ў поўным аб’ёме”.
Падчас адкрытага дыялогу Ігар Васільевіч асобна акцэнтаваў увагу на пытаннях міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў, рэфармавання сацыяльна-гуманітарнага блока ў вышэйшай школе, пераходу на прыкладны вучэбны план і дадаў, што ў перспектыве азначаныя пераўтварэнні непазбежна закрануць усе ўзроўні прафесійнай адукацыі. “Калі мы хочам рухаць сістэму наперад, то трэба і выкладчыку мяняцца, падстройвацца пад запыты рынку працы, эканомікі, змяненні, якія адбываюцца ў свеце”, — адзначыў міністр. У сістэме ПТА будзе здзейснены пераход на адзіны від — прафесійны каледж. Разам з тым ні ў якім разе не змяншаецца значэнне сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асобна кіраўнік ведамства засяродзіў увагу на неабходнасці выпрацоўкі адзіных падыходаў да рэсурсных цэнтраў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, маштабнай падтрымцы цэнтраў кампетэнцый ва ўстановах прафадукацыі і сеткавым ўзаемадзеянні: “Сёння ў нашай краіне 51 такі цэнтр, прычым 16 абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, недзе мы нават спрацавалі на апярэджванне. Прагрэсу ў гэтым кірунку значна садзейнічае актыўны ўдзел у руху WorldSkills. Запатрабаванасць рабочых кадраў і спецыялістаў з высокім узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці расце. Мы нацэлены на падрыхтоўку работніка, які не проста валодае сучаснымі ведамі і тэхналогіямі, а будзе драйверам развіцця на прадпрыемстве ці ў арганізацыі па месцы работы, гэта магутны рэзерв для павышэння вытворчасці працы”.
У Полацку міністр адукацыі таксама наведаў стадыён “Хімік” (абмяркоўваецца мэтазгоднасць перадачы аб’екта ў карыстанне ляснога каледжа) і праінспектаваў ход капітальнага рамонту ў сярэдняй школе № 14.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.