Не горы і моры, а родныя прасторы — любімы сюжэт для фота ў настаўніцы з Карэліч Ларысы Шугля

- 15:16Увлечения

На фота, зробленых настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Карэліч Ларысай Шугля, адчуваецца цяпло спелага збожжа, пах баравікоў, смак журавін, прахалода крыніц, чуваць бусліны клёкат… Гэтыя кадры прынеслі аўтару не адну перамогу на фотаконкурсах. Пра сакрэты ўдалых здымкаў даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ларыса Мікалаеўна амаль усё сваё свядомае жыццё не развітваецца з фотаапаратам. Са студэнцкіх гадоў гэта быў татаў плёначны “Зеніт”, а апошнія 12 гадоў з ёй заўсёды сынаў падарунак — лічбавая камера.

— Патрэба здымаць фота са мной з дзяцінства. Навучыў здымаць і друкаваць фота тата — калі рабіў фота нашай сям’і. Я, малая, заўсёды была з ім побач — і ў кадры, і з фотапраяўляльнікамі. Пазней здымала свае студэнцкія будні, калі з’явілася сям’я — свайго сына. Больш за 30 гадоў вяду фотахронікі са школьнага жыцця сваіх навучэнцаў. Здымаю і падарожжы. Я з фотаапаратам аб’ехала ўсю Беларусь, шмат бывала ў замежных вандроўках. Але, прызнаюся, мяне не вабяць горы і моры — самыя каштоўныя кадры я раблю толькі тут, на сваёй Карэ­ліцкай зямлі. Гэты край я ведаю ўздоўж і ўпоперак, але ўсё роўна кожны дзень адкрываю для сябе нешта новае. Куды б я ні ехала, фотаапарат заўсёды ляжыць напагатове на суседнім крэсле — без футляра і з ужо надзетым аб’ектывам. Таму я і ўзорны вадзіцель, хуткасны рэжым не парушаю, бо па дарозе часта выглядваю сюжэт для фота, — расказвае Ларыса Мікалаеўна.

Згублены каласок на зжатым полі, спроба крыла ў малечы з бус­лянкі, арэлі на старым дубе — у настаўніцы заўсёды ёсць чым напоўніць кадр. Праз аб’ектыў  Ларыса Мікалаеўна сама захапляецца родным краем і зачароўвае іншых. Найчасцей за сваімі сюжэтамі яна ладзіць сапраўдныя паляванні. Асабліва гэта тычыцца яе любімай птушынай тэмы.

Пра гэта яна можа расказваць гадзінамі:

— Пяць гадоў я ганялася за жураўлямі, пакуль не навучылася рабіць годныя фота. Дзе шу­каць гэтых птушак, я ўжо ведаю добра. Напрыклад, кожны год, перш чым адляцець у вырай, яны сілкуюцца ў нас за Нёманам, непадалёк вёскі Гнесічы. У гэтыя дні я ведаю нават дакладны час, калі іх можна тут убачыць — дастаткова арыентавацца на заход сонца (з дакладнасцю да мінут ён указваецца на календары). Як толькі сонца ніжнім краем дакранецца да вады — тут жа ляцяць птушкі. І да моманту, калі яго верхавіна схаваецца за гарызонтам, ужо ўсе птушкі на гняздоўях — ні адна не спозніцца. Яны прылятаюць кожны дзень з аднаго і таго боку — з кукурузнага поля, дзе яны часцей за ўсё харчуюцца. Таму пачынаю здымкі я там. Так магу за дзень прайсці дзясяткі кіламетраў.

Але знайсці жураўлёў мала. Сфатаграфаваць іх — вось задача з зорачкай! Гэта вельмі асцярожная птушка, і перахітрыць яе няпроста. Тут не дапамагае ні маскіроўка, ні камуфляж. Гэта нам падаецца, што мы схаваліся, а для жураўлёў любы чалавек навідавоку. У гэтых птушак ёсць вартавыя, наглядчыкі, і яны цябе заўва­жаць куды хутчэй, чым ты іх. Мой тата, былы паляўнічы, навучыў мяне падыходзіць да жураўлёў па ветры: птушка заўсёды ўзлятае супраць ветру, а зна­чыць — насустрач табе, таму ты ў любым выпадку не хвост убачыш, а дзюбу. Плюс жураўлі выбіраюць месцы паміж канавамі, і дабрацца да іх аб’ектывам цяжка. Але не пераказаць, які гэта азарт!

З другой любімай птушкай настаўніцы, буслам, куды прасцей. Калі пачынаецца жніво, для яе гэта як знак, бо за камбайнам ляцяць хмары буслоў. Яна ўжо ніяк не ўседзіць на месцы!

Часам Ларыса Мікалаеўна знаходзіць нават тое, пра існаванне чаго ніхто і не здагадваецца. Напрыклад, яна паставіла сабе мэту — знайсці чырванакніжную кветку сон-траву. І не важна, што на карце рэдкіх раслін Карэліччына не адзначана як тэрыторыя яе распаўсюджвання. Усё ж паходная настойлівасць маёй суразмоўніцы завяршылася жаданай знаходкай.

Фота настаўніцы першымі ацэньваюць яе вучні. Яны і самі ад яе вучацца ба­чыць прыгожае ў звычайным. Шмат гадоў Ларыса Мікалаеўна рабіла гэта ў межах аб’яднання па інтарэ­сах “Стоп-кадр”.

— Кожныя канікулы мы выбіраемся з дзецьмі фатаграфа­ваць прыроду. І ў поле ходзім, і на луг, і ў лес. Аднойчы, калі мы з дзецьмі і іх бацькамі саджалі лес, да нас выйшаў лось. Гэта былі неверагодныя эмоцыі! Шкада, што фотакамера была не напагатове, — дзеліцца настаўніца.

Штогод праводзяцца фотаконкурсы, і для іх настаўніца закідвае ў асобную папку самыя ўдалыя здымкі сваіх вучняў. Убачыла ў акне, што выйшлі камбайны ў поле, — тут жа дае кліч у класным чаце: “Жадаючыя, збіраемся ў школе!” Часам да вучняў далучаюцца іх малодшыя сястрычкі і брацікі. Напрыклад, фота 3-гадовай дзяўчынкі “Згублены каласок” стала лепшым на абласным этапе конкурсу фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі” .

— Дзеці-навічкі найчасцей круцяць галавой з фотаапаратам каля вока і проста бяздумна пстрыкаюць кнопкай. Я вучу іх камеру весці павольна, шукаючы цікавы сюжэт, факусіравацца на ім. Гэта як маляваць карціну. Вучу быць іх жвавымі, каб не ўпусціць найлепшыя кадры. Напрыклад, неяк са сваёй вучаніцай Дар’яй Ляйко мы вярталіся са здымак па беразе Нёмана і непадалёк перад намі пераплывала раку казуля. Мы беглі, стараючыся скараціць адлегласць для факусіроўкі кад­ра, так сказаць, максімальна наб­лізіць сваю мару. Крычу Дашы: “Лажыся! Бяры ўпор на локці!” Канечне, казуля нас убачыла, хаця ўжо амаль даплыла да берага, выходзіць да нас не захацела, але пакуль яна ўзяла радыус развароту, каб вярнуцца, Даша ад душы нафатаграфавалася. Пасля таго выпадку ёй давялося здымаць шмат жывёл. І са сваімі фота яна не раз была пераможцай.

Расці ў майстэрстве

— Я не той чалавек, які пстрыкнуў кнопкай і ўжо лі­чыць сябе асам. Павінна быць планка, каб імкнуцца да найвышэйшага ўзроўню майстэрства. І калі я стала весці гурток “Стоп-кадр”, вучылася сама і вучыла дзяцей на прыкладзе лепшых работ з Яндэкс-платформы. На галоўнай старонцы браўзера кожны дзень змяшчаецца фота дня. Яго выбіраюць карыстальнікі шляхам галасавання, адбіраючы не з тысяч, а з мільёнаў фота. І я кожны раз гля­дзела на гэтыя фота, па-добраму зайздросціла майстэрству іх аўтараў, а для сябе адзначала іх перавагі. Плюс у тым, што каменціравалі адбор фота для галасавання і прычыны, па якіх у пераможцы не могуць трапіць тыя ці іншыя фота, прафесіянальныя фатографы. Я прыглядалася, дзе яны абазначалі “перавес святла ў кадры”, “едкія колеры” і г.д., старалася разбі­раць чужыя памылкі, шмат чытала, вывучала тэхніку, рабіла высновы, выпраўляла ўласныя хібы.

Пра тое, што самаразвіццё ў фотакірунку маёй суразмоўніцы мела поспех, сведчыць і тое, што яе здымкі не раз былі выб­раны як фота дня на гэтай платформе і прызнаваліся лепшымі на рэспуб­ліканскіх конкурсах. Напрыклад, яна ўзяла гран-пры ў фотаконкурсе “Мой родны кут” Выдавецкага дома “Беларусь сёння”.

Пра аўтарскі падыход гаво­рыць, напрыклад, здымак Мірскага замка для конкурсу “Спазнай Беларусь”, які трапіў у тройку пераможцаў. Здавалася б, фота гэтай славутасці не рабіў толькі гультай. Ларыса Шугля прагульвалася ўздоўж гандлё­вых радоў у Міры, убачыла каля стала адной з гандлярак фанерны дыпламат, у якім тая прынесла свой тавар — ільняныя цацкі. Ён быў упрыгожаны брэндамі розных краін свету — ад Эйфелевай вежы да БігБэна. Ларыса Мікалаеўна папрасіла дазволу ў гаспадыні сфатаграфаваць гэты дыпламат. А сваё шкадаванне, што на ім не хапае беларускай славутасці, яна выправіла, сфатаграфаваўшы яго на фоне Мірскага замка і дапісаўшы: “Вандруйце па Беларусі!”.

На конкурсы Ларыса Шугля дасылае вык­лючна фота, знятыя ў Карэліцкім раёне, але ў сваю калекцыю дабаўляе фота з розных куточкаў Беларусі і будуе новыя фотамаршруты. Часта ўключае ў іх мясціны з фотаздымкаў пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, прычым у розныя поры года. Напрыклад, балоты Ельні яна бачыла восенню, а гэтым летам туды збіраецца на цвіценне душыцы.

Настаўніца дадае:

— Я заўсёды гавару дзецям, куды паеду. Хачу падахвоціць іх і выклікаць шчырае жаданне ба­чыць родны край на свае вочы. Мне крыўдна, калі нашы лю­дзі расказваюць у сваіх блогах, як прыгожа вакол нашай краіны. Нам ёсць чым ганарыцца і дома! Праўда, мы не заўсёды ўмеем прэзентаваць сваю краіну. Але ніколі не позна гэтаму навучыцца.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Ларысы ШУГЛЯ