Выбраць такую сур’ёзную і трывожную тэму для ліпеньскага выпуску мяне прымусіла адна падзея: у падземным пераходзе станцыі метро “Плошча Перамогі” назірала юнака, які няцвёрда стаяў на нагах. Ён збіраў на каменнай падлозе кветкі, якіх не існавала. Мы, тыя, хто жыве ў соцыуме, ведаем пра наяўнасць праблемы залежных паводзін, але калі бачыш яе праяўленні — адчуваеш гэтую бяду, як гавораць у народзе, уласнай скурай.
Дыялог з чытачом
Больш за ўсё рызыкуюць апынуцца ў залежных паводзінах падлеткі. Амаль усе псіхолагі свету лічаць узроставы перыяд 12— 14 гадоў найбольш цяжкім перыядам эмацыянальнага развіцця. Пік негатывісцкіх рэакцый да дарослых і равеснікаў прыходзіцца на 12,5—13,5 года. Эмацыянальныя рэакцыі і паводзіны падлеткаў тлумачацца не толькі з’явамі гарманальнага характару. Яны залежаць таксама ад сацыяльнага фактару і ўмоў выхавання. Але калі вы маці, бацька, педагог падлетка, то не запісвайце дзіця ці вучня аўтаматычна ў адыктыўныя асобы. Звернем увагу на тое, што індывідуальныя адрозненні пераважаюць над узроставымі.
Адыктыўныя паводзіны — ад зін з тыпаў дэвіянтных паводзін (паводзін, якія маюць адхіленне) з фарміраваннем імкнення да адыходу ад рэальнасці шляхам штучнага змянення свайго псіхічнага стану пры дапамозе прыёму некаторых рэчываў ці пастаянным засяроджваннем увагі на пэўных відах дзейнасці з мэтай развіцця і падтрымання інтэнсіўных эмоцый. У адрозненне ад замежных даследчыкаў, большасць якіх лічыць адыкцыю сінонімам залежнасці, айчынныя вучоныя мяркуюць, што адыктыўныя паво-дзіны часцей за ўсё азначаюць, што хвароба яшчэ не сфарміравалася, а мае месца парушэнне паводзін, у адсутнасці фізічнай і індывідуальнай залежнасці.
Мы ўжо звярнулі ўвагу на ўзроставыя фактары рызыкі. Канкрэтызуем змест фактару “падлеткавы комплекс”. Пад падлеткавым комплексам разумеюць рэзка выяўленыя асаблівасці ўзросту: неспакой, трывогу, схільнасць да рэзкіх перападаў настрою, меланхоліі, імпульсіўнасці, негатывізму, канфліктнасці і супярэчлівых пачуццяў, агрэсіўнасці. Да псіхалагічных асаблівасцей падлеткавага ўзросту адносяць катэгарычнасць выказванняў і меркаванняў, жаданне быць прызнаным і ацэненым іншымі, якое спалучаецца з паказной незалежнасцю і бравадай, барацьбу з аўтарытэтамі і абагаўленне куміраў. Эгаістычнасць падлетка праяўляецца разам з адданасцю і самаахвяраваннем. Праяўленне грубасці і бесцырымоннасці да іншых людзей спалучаецца з уласнай ранімасцю, ваганнямі чаканняў ад аптымізму да самага чорнага песімізму. У падлеткавым узросце, у перыяд палавога сталення, паводзіны ў значнай меры вызначаюцца характэрнымі для гэтага перыяду рэакцыямі эмансіпацыі, групавання, захапленнямі (хобі) і сексуальнай цягай, якая фарміруецца. Гэтыя ж фактары могуць садзейнічаць уцягванню падлеткаў у групы, дзе практыкуецца ўжыванне алкаголю, тытуню і наркотыкаў, пры ўмове, што гэтыя групы могуць задаволіць якія-небудзь запыты падлетка, якія ён не зможа ажыццявіць у іншых групах.
Сучаснаму чалавеку даводзіцца прымаць шматлікую колькасць рашэнняў у адзінку часу. Нагрузка на сістэмы адаптацыі вельмі вялікая. Адыктыўная асоба шукае свой універсальны і аднабаковы спосаб выжывання — адыход ад праблемы. Натуральныя адаптыўныя магчымасці адыкту парушаны на псіхафізіялагічным узроўні. Першай прыкметай гэтых парушэнняў з’яўляецца адчуванне псіхалагічнага дыскамфорту. У якасці спосабу аднаўлення псіхалагічнага камфорту яны выбіраюць адыкцыю. Прывабнасць яе ў тым, што залежнасць уяўляе сабой шлях найменшага супраціўлення. Залежнасць перажываецца чалавекам як імпульсіўна-катэгарычная, непераадольная цяга. Разгледзім асобныя формы адыктыўных паводзін.
Алкагалізм. Алкагольная праблема, якая разглядаецца толькі ў медыцынскім аспекце, займае трэцяе месца пасля сардэчна-сасудзістых і пухлінных захворванняў. Пачаткам развіцця алкагольнай адыкцыі можа ста ць першая сустрэча з алкаголем, калі ап’яненне суправаджаецца інтэнсіўнымі эмацыянальнымі перажываннямі. Яны фіксуюцца ў памяці і прыводзяць да паўторнага ўжывання алкаголю. Сімвалічны характар ужывання спіртнога страчваецца — і чалавек пачынае адчуваць неабходнасць прыёму алкаголю з мэтай дасягнуць пэўнага чаканага стану.
Наркаманія. У большасці выпадкаў прыём наркатычных рэчываў звязаны з імкненнем да новых адчуванняў, да пашырэння іх спектра. Шукаюцца новыя спосабы ўжывання, новыя рэчывы і розныя спалучэнні гэтых рэчываў з мэтай дасягнення максімальнага эфекту. Працяглы прыём наркотыкаў правакуюць псіхічныя захворванні. Наркатычная залежнасць носіць больш выяўлены характар у параўнанні з алкагольнай. Вельмі хутка выцясняецца ўсё, што не адносіцца да адыкцыі, хутчэй наступае спустошанасць. Узрастае інтравертаванасць. Кола зносін ахоплівае ў асноўным тых, каго аб’ядноўвае наркатычная цяга. Асобы, якія ўжываюць наркотыкі, стараюцца ахапіць вялікую колькасць людзей, перашкаджаюць выхаду з гэтага асяроддзя. Побач з дэградацыяй асобы развіваюцца сур’ёзныя парушэнні на ўзроўні органаў і пачуццяў. Узрастаючая патрэба ў павелічэнні дозы можа стаць прычынай страты кантролю і смерці ад перадазіроўкі.
Азартныя гульні не звязаны з ужываннем рэчываў, якія змяняюць стан, але адрозніваюцца характэрнымі прыкметамі: пастаяннай уцягнутасцю, павелічэннем часу, які праводзіцца ў сітуацыі гульні; стратай ранейшых інтарэсаў, пастаяннымі думкамі аб працэсе гульні; стратай кантролю (няздольнасцю своечасова спыніць гульню); станам дыскамфорту па-за гульнявой сітуацыяй, фізічным нездароўем, дыскамфортам; паступовым пачашчэннем рытму гульнявой актыўнасці, імненнем да рызыкі; зніжэннем здольнасці супраціўляцца гэтаму жаданню. Садзейнічаць рызыцы развіцця цягі да азартных гульняў могуць дэфекты выхавання ў сям’і: гіпаапека, эмацыянальная нестабільнасць, надзвычайная патрабавальнасць, імкненне да прэстыжнасці і пераацэнка важнасці матэрыяльных выгод.
Адыкцыя да ежы. Аб харчовай залежнасці мы гаворым тады, калі кампанент атрымання задавальнення ад прыёму ежы пачынае пераважаць над задавальненнем пачуцця голаду і ўжыванне ежы садзейнічае адцягненню ад нечага іншага. Такім чынам, з аднаго боку, адбываецца адыход ад непрыемнасцей, з другога боку, — фіксацыя на прыемных смакавых адчуваннях. Аналіз гэтай з’явы дазваляе адзначыць яшчэ адзін момант: у выпадку, калі няма чым заняць вольны час ці запоўніць душэўную пустату, панізіць унутраны дыскамфорт, хутка ўключаецца хімічны механізм.
Другі бок харчовай адыкцыі — галаданне. Небяспека хаваецца ў своеасаблівым спосабе самарэалізацыі, а менавіта ў пераадоленні сябе, перамозе над сваёй слабасцю. Гэта спецыфічны спосаб даказаць сабе і іншым на што ты здольны. У перыяд такой барацьбы з самім сабой паляпшаецца настрой, з’яўляецца адчуванне лёгкасці. Абмежаванні ў ежы пачынаюць насіць абсурдны характар. Перыяды галадання змяняюцца перыядамі актыўнага пераядання. Адсутнічае крытыка сваіх паводзін. Разам з гэтым адбываюцца сур’ёзныя парушэнні ва ўспрыманні рэальнасці. Разбуральны характар гэтай формы залежнасці праяўляецца ў тым, што ў гэтым працэсе ўстанаўліваюцца эмацыянальныя адносіны, сувязі не з іншымі людзьмі, а з неадушаўлёнымі прадметамі ці з’явамі. Эмацыянальныя адносіны з людзьмі страчваюць сваю важнасць, становяцца павярхоўнымі. Спосаб адыктыўнай рэалізацыі са сродку паступова ператвараецца ў мэту.
Работа па прафілактыцы дэвіянтных паводзін, у тым ліку залежнасці, пачынаецца з псіхадыягностыкі. Выкарыстанне псіхадыягнастычнага інструментарыя дае магчымасць на раннім этапе выявіць схільнасці ў падлеткаў да адыктыўных паводзін. Але галоўным суб’ектам прафілактыкі адыктыўных паводзін падлеткаў з’яўляецца сям’я. У той жа час вельмі важным напрамкам работы з цяжкімі падлеткамі ў адукацыйнай установе з’яўляецца іх псіхолага-педагагічнае суправаджэнне на ўсіх этапах сацыялізацыі.
Псіхалагічнае люстэрка
Жыццёвыя акалічнасці
Накіроўваючыся ў захапляльнае падарожжа пад назвай “Жыццё”, знайдзіце тыя асаблівасці сваёй асобы, якія, магчыма, пакуль схаваны і для вас, і для навакольных. Праявіцца ім дапамогуць якія-небудзь цяжкія жыццёвыя акалічнасці. Падрыхтуйцеся да іх загадзя, і ў вас будзе больш шансаў не збочыць з пазітыўнага жыццёвага шляху.
МЕТОДЫКА ДЫЯГНОСТЫКІ СХІЛЬНАСЦІ ДА РОЗНАЙ ЗАЛЕЖНАСЦІ
Г.В.Лазавая (Санкт-Пецярбург, Спб. ДУФК імя П.Ф.Лесгафта)
Методыка ўяўляе сабой анкету шкальнага тыпу з пяццю варыянтамі адказаў (“не” — 1, “хутчэй не” — 2, “ні так, ні не” — 3, “хутчэй так” — 4, “так” — 5).
Тэст апытальніка змяшчае 70 пытанняў, накіраваных на вывучэнне схільнасці індывіда да 13 відаў залежнасцей. Вынікі дыягностыкі з’яўляюцца прыкладнымі і паказваюць агульную схільнасць да той ці іншай залежнасці, пры гэтым яны не з’яўляюцца падставай для пастаноўкі таго ці іншага дыягназу.
1. Час ад часу мне вельмі хочацца выпіць, каб расслабіцца.
2. У вольны час я часцей за ўсё гляджу тэлевізар.
3. Я лічу, што адзінота — гэта самае страшнае ў жыцці.
4. Я — чалавек азартны і люблю азартныя гульні.
5. Секс — гэта самае вялікае задавальненне ў жыцці.
6. Я даволі часта ем не ад голаду, а для таго, каб атрымаць задавальнне.
7. Я захоўваю рэлігійныя традыцыі.
8. Я ўвесь час думаю пра работу, пра тое, як яе палепшыць.
9. Я даволі часта прымаю лекі.
10. Я праводжу вельмі шмат часу за камп’ютарам.
11. Не ўяўляю свайго жыцця без цыгарэт.
12. Я актыўна цікаўлюся праблемамі здароўя.
13. Я спрабаваў наркатычныя рэчывы.
14. Мне цяжка змагацца са сваімі звычкамі.
15. Часам я не памятаю таго, што адбылося падчас ап’янення.
16. Я магу доўга пераключаць пульт у пошуках чаго-небудзь цікавага па тэлевізары.
17. Галоўнае, каб каханы чалавек заўсёды быў побач.
18. Час ад часу я наведваю залы гульнявых аўтаматаў.
19. Я не думаю пра секс толькі калі сплю.
20. Я пастаянна думаю пра ежу, уяўляю сабе розную смакату.
21. Я даволі актыўны член рэлігійнай суполкі.
22. Я не ўмею адпачываць, адчуваю сябе дрэнна ў час выхадных.
23. Лекі — самы просты спосаб палепшыць самаадчуванне.
24. Камп’ютар — гэта рэальная магчымасць жыць поўным жыццём.
25. Цыгарэты заўсёды са мной.
26. На падтрыманне здароўя не шкадую ні сіл, ні грошай, ні часу.
27. Паспрабаваць наркотык — гэта атрымаць цікавы жыццёвы ўрок.
28. Я лічу, што кожны чалавек залежны ад чаго-небудзь.
29. Бывае, што я крыху перабіраю, калі выпіваю.
30. Тэлевізар уключаны большы час майго знаходжання дома.
31. Калі я не побач з каханым чалавекам, я пастаянна думаю пра яго.
32. Гульня дае самыя вострыя адчуванні ў жыцці.
33. Я гатовы ісці на “выпадковыя сувязі”, бо ўстрыманне ад сексу для мяне вельмі цяжкае.
34. Калі ежа вельмі смачная, то я не ўстрымаюся ад дабаўкі.
35. Лічу, што толькі рэлігія можа выратаваць свет.
36. Блізкія часта скардзяцца, што я пастаянна працую.
37. У маім доме шмат медыцынскіх прэпаратаў.
38. Часам, седзячы ля камп’ютара, я забываю паесці альбо пра нейкія іншыя справы.
39. Цыгарэта — гэта самы просты спосаб расслабіцца.
40. Я чытаю медыцынскія часопісы і газеты, гляджу перадачы пра здароўе.
41. Наркотык дае самыя моцныя адчуванні з усіх магчымых.
42. Звычка — другая натура, і пазбавіцца яе складана.
43. Алкаголь у нашым жыцці — асноўны сродак расслаблення і павышэння настрою.
44. Калі зламаецца тэлевізар, то я не буду ведаць, чым сябе захапіць вечарам.
45. Быць пакінутым каханым чалавекам — самае вялікае няшчасце, якое можа адбыцца.
46. Я разумею азартных гульцоў, якія могуць за адну ноч выйграць шмат, а ў наступную — прайграць у два разы больш.
47. Самае страшнае — гэта атрымаць фізічнае калецтва, якое можа стаць прычынай сексуальнай непаўнацэннасці.
48. Пры наведванні магазіна не магу ўтрымацца, каб не купіць што-небудзь смачненькае.
49. Самае галоўнае ў жыцці — жыць напоўненым рэлігійным жыццём.
50. Мера каштоўнасці чалавека заключаецца ў тым, у якой меры ён аддае сябе працы.
51. Я даволі часта прымаю лекі.
52. “Віртуальная рэальнасць” больш цікавая, чым звычайнае жыццё.
53. Я штодзень куру.
54. Я стараюся пастаянна захоўваць правілы здаровага ладу жыцця.
55. Часам я ўжываю сродкі, якія лічацца наркатычнымі.
56. Чалавек — істота слабая, неабходна быць цярпімым да яго шкодных звычак.
57. Мне падабаецца выпіць і павесяліцца ў вясёлай кампаніі.
58. У наш час амаль усё можна даведацца з тэлевізара.
59. Кахаць і быць каханым — гэта галоўнае ў жыцці.
60. Гульня — гэта рэальны шанс сарваць куш, выйграць шмат грошай.
61. Секс — гэта лепшае баўленне часу.
62. Я вельмі люблю гатаваць і раблю гэта так часта, як магу.
63. Я часта наведваю рэлігійныя ўстановы.
64. Я лічу, што чалавек павінен працаваць сумленна, бо грошы — гэта не галоўнае.
65. Калі я нервуюся, я прымаю заспакойваючае.
66. Калі б я мог, то ўвесь час займаўся б камп’ютарам.
67. Я — курыльшчык са стажам.
68. Я непакоюся за здароўе блізкіх. Стараюся далучыць іх да здаровага ладу жыцця.
69. Па інтэнсіўнасці адчуванняў наркотык не можа параўнацца ні з чым.
70. Неразумна спрабаваць паказаць сваю сілу волі і адмовіцца ад розных радасцей жыцця.
Апрацоўка: падсумоўванне балаў па асобных відах схільнасцей да залежнасцей:
1. Алкагольная залежнасць: 1, 15, 29, 43, 57.
2. Тэлевізійная залежнасць: 2, 16, 30, 44, 58.
3. Залежнасць ад кахання: 3, 17, 31, 45, 59.
4. Гульнявая залежнасць: 4, 18, 32, 46, 60.
5. Сексуальная залежнасць: 5, 19, 33, 47, 61.
6. Харчовая залежнасць: 6, 20, 34, 48, 62.
7. Рэлігійная залежнасць: 7, 21, 35, 49, 63.
8. Працоўная залежнасць: 8, 22, 36, 50, 64.
9. Лекавая залежнасць: 9, 23, 37, 51, 65.
10. Камп’ютарная залежнасць: 10, 24, 38, 52, 66.
11. Тытунёвая залежнасць: 11, 25, 39, 53, 67.
12. Наркатычная залежнасць: 13, 27, 41, 55, 69.
13. Агульная схільнасць да залежнасцей: 14, 28, 42, 56, 70.
Умоўныя нормы: 5—11 балаў — нізкая, 12—18 — сярэдняя, 19—25 — высокая ступень схільнасці да залежнасцей.
Святлана РАДЗЬКОВА.
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.