Учора ў Палацы Незалежнасці адбылася традыцыйная сустрэча прэзідэнта нашай краіны з пераможцамі і лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.
“Нашы сустрэчы напярэдадні Дня настаўніка ўжо сталі добрай традыцыяй. І сёння я шчыра рад павіншаваць усіх прадстаўнікоў самай высакароднай прафесіі са святам, а прысутных у гэтай зале педагогаў — з паспяховым выступленнем у Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”.
Гэты конкурс карыстаецца нязменнай увагай грамадскасці і шырока асвятляецца ў сродках масавай інфармацыі. За яго ўдзельнікаў хварэе вельмі многа людзей, прадстаўнікоў розных пакаленняў, таму пераможцы конкурсу па праву набываюць вядомасць і становяцца дастойнымі арыенцірамі для тысяч настаўнікаў нашай краіны”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета крыштальны журавель дастаўся самаму маладому за ўсю гісторыю конкурсу ўдзельніку, але, як было заўважана, Віктар Жук, настаўнік гісторыі 11-й школы Маладзечна, ужо адбыўся не толькі як педагог, але і як асоба. Пасля школы ён атрымаў рабочую прафесію, працаваў на будоўлі, адслужыў у войску. І ў педагогіку прыйшоў усвядомлена.
Віктар Жук як пераможца конкурсу стаў уладальнікам прыгожага крыштальнага жураўля і аўтамабіля, ключы ад якога атрымаў з рук прэзідэнта.
У гэтым годзе на старт конкурсу выйшла больш за 30 тысяч педагогаў, якія працуюць у самых розных школах — ад маленькай сельскай да гарадской. “На працягу многіх гадоў мы робім усё магчымае, каб у нашай краіне кожнае дзіця мела магчымасць атрымаць якасную адукацыю незалежна ад таго, дзе яно жыве”, — заўважыў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што правядзенне конкурсу садзейнічае павышэнню прэстыжу прафесіі настаўніка і аказвае прыкметны ўплыў на развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сапраўдны настаўнік — гэта не толькі пісьменны выкладчык, але і цікавы чалавек, які здольны зацікавіць сваім прадметам, абудзіць у школьнікаў энтузіязм і творчую энергію. “Мы будуем новыя школы, умацоўваем іх матэрыяльна-тэхнічную базу, укладваем велізарныя сродкі ў аснашчэнне кабінетаў неабходным абсталяваннем, развіваем інфармацыйнае асяроддзе. Наша галоўная мэта — зрабіць так, каб айчынная сярэдняя школа заўсёды адказвала патрабаванням часу”, — сказаў прэзідэнт.
Акрэсліваючы найважнейшую ролю прафесіі настаўніка ў сучасным грамадстве, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “Мы жывём у дынамічны час. Удасканальваецца сістэма адукацыі, узбагачаецца яе змест, укараняюцца новыя тэхналогіі, але пры гэтым нязменнай застаецца найвялікшая роля настаўніка. Няма больш важнага ў грамадстве чалавека, чым настаўнік. Без настаўніка не можа быць нармальнага грамадства і дзяржавы”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сучасныя вучні могуць браць інфармацыю не толькі з кніг і падручнікаў, але і з інтэрнэту, умеюць працаваць на камп’ютары. “І школа павінна адпавядаць гэтым рэаліям. Настаўнік не можа адставаць ад вучняў. Яму неабходна ста ць аўтарытэтным і дасведчаным старэйшым таварышам. У той жа час у яго багажы павінны быць асноўныя веды і каштоўнасці, напрацаваныя многімі пакаленнямі папярэднікаў”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
На сустрэчы ў нязмушанай сяброўскай атмасферы абмяркоўваліся самыя розныя пытанні, якія тычацца развіцця беларускай школы. Сярод іх — адносіны паміж школай і сям’ёй, роля настаўніка ў выхаванні падрастаючага пакалення, фарміраванне здаровага ладу жыцця, навучанне працоўным дысцыплінам, работа дзяржаўных і прыватных навучальных устаноў, змест вучэбных праграм.
У прыватнасці, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звязвае негатыўныя праявы ў грамадстве з недаглядам у школьным выхаванні. Падчас сустрэчы з канкурсантамі было ўзнята пытанне ўзаемаадносін школы і сям’і.
— Бясспрэчны факт, што толькі сумеснымі намаганнямі бацькоў і настаўнікаў мы зможам падрыхтаваць нашых дзяцей да самастойнага жыцця. І тое, што ў апошні час усё больш і больш мы пачынаем канстатаваць факты негатыўнага ў нашым грамадстве, звязана з велізарнымі недапрацоўкамі — вашымі і маімі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што ў нас бяруць у заложнікі, кураць, п’юць, больш за тое, ужываюць наркотыкі, — вялікі мінус вам і мне як прадстаўніку ўлады. І мы з гэтым павінны разабрацца, прытым радыкальна.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай сітуацыі, вядома, можна спаслацца на тое, што дзеці знаходзяцца пад вялікім уплывам вуліцы, свайго асяроддзя і іншых працэсаў. “Але гэта для нас дадатковая нагрузка. Усё роўна яны прыходзяць у школу, і мы павінны быць вельмі таленавітымі, каб паказаць, што няправільна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ва ўдзельнікаў сустрэчы іх меркаваннем наконт аб’ектыўнасці зместу адпаведных вучэбных праграм. У якасці прыкладу прэзідэнт звярнуўся да беларускай літаратуры: “Васіль Быкаў не быў маім прыхільнікам, але ў яго ёсць выдатныя творы — тое, што мы і нашы дзеці павінны ведаць. А ёсць некаторыя аўтары, уключаныя ў школьную праграму, якія толькі прозвішча беларускае носяць, а чытаць няма чаго”.
Падчас сустрэчы абмяркоўваўся і змест школьнага курса гісторыі, у прыватнасці падача звестак аб Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць процістаяць спробам нівеліраваць і забраць у беларускага народа Вялікую Перамогу над фашызмам.
Гаворачы ў цэлым пра гісторыю, прэзідэнт заявіў аб недапушчальнасці яе перапісвання пад тую ці іншую асобу, уключаючы кіраўніка дзяржавы. “Гэтага быць не павінна. Самае страшнае, калі пасля твайго сыходу пачнуць усё пераацэньваць і наогул перакрэсліваць. Мы ні ў якім разе перш за ўсё гуманітарныя дысцыпліны не павінны падладжваць пад кагосьці. Гэта павінна быць аб’ектыўна і сумленна: як было, так трэба і падаваць”, — лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў, што, будучы прэзідэнтам, не мае намеру прыкладаць нейкія асаблівыя намаганні, каб прыцягнуць на свой бок прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.
— Гэта прыніжэнне інтэлігенцыі, і я ніколі, пакуль буду прэзідэнтам, не стану іх прымушаць хваліць мяне і мой перыяд кіраўніцтва. Гэта пасля мяне яны няхай ацэняць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ніякай тут дыктатуры няма. Так, у нас ёсць пэўная дзяржаўная пазіцыя, і мы вітаем, калі яе людзі падтрымліваюць. Але калі ў інтэлігента — мастака, пісьменніка — ёсць свой пункт гледжання і пазіцыя — калі ласка, гавары.
На сустрэчы таксама ўзнімалася моўнае пытанне. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў важнасць захавання і вывучэння абедзвюх дзяржаўных моў — як беларускай, так і рускай. У гэтым, паводле яго слоў, у тым ліку заключаецца багацце беларускага народа.
Разам з тым прэзідэнт заўважыў, што на вывучэнне беларускай мовы трэба выдзяляць больш часу, чым утрымліваюць вучэбныя праграмы сёння. Родная мова з’яўляецца асноўнай прыкметай дзяржаўнасці, таму яе трэба ведаць.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў аб’ектыўна разабрацца ў існуючых праблемах сферы адукацыі.
— У адрас сістэмы адукацыі гучыць нямала нараканняў, прычым справядлівых. Гэта тычыцца зместу і складанасці вучэбных праграм, якасці падручнікаў, падыходу да моўнай падрыхтоўкі вучняў, шостага школьнага дня і іншых пытанняў.
Па маім даручэнні адна камісія ўжо скончыла працаваць, і я катэгарычна не задаволены тым, як праходзіла гэтая работа (асабліва на апошняй стадыі), і ўмяшальніцтвам асобных чыноўнікаў у яе дзейнасць. Зараз разбіраюцца праваахоўныя органы. Ацэнку атрымаюць усе, хто спрабаваў уплываць на вынік работы гэтай камісіі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Тым не менш мне прыйшлося прызначыць паўторную групу спецыялістаў, якія вывучаць усе існуючыя сёння ў школе праблемы — ад скаргаў настаўнікаў на празмерныя нагрузкі да скаргаў вучняў, якія не ўспрымаюць тое, чаго не павінна быць у школе.
Прэзідэнт падкрэсліў, што да адпаведнай работы неабходна далучыць лепшых настаўнікаў Беларусі, у тым ліку пераможцаў конкурсу “Настаўнік года” розных гадоў.
“Вы павінны стаць незалежнымі экспертамі і маімі надзейнымі дарадцамі ў рабоце па ўдасканаленні айчыннай адукацыі. Я чакаю ад вас заўваг, рэкамендацый, прапаноў, канструктыўнай крытыкі і новых ідэй”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адукацыя ў краіне павінна быць аптымальнай. Ні вучань, ні настаўнік не павінны быць перагружаны чымсьці лішнім і непатрэбным. Разам з тым гаворка хутчэй ідзе аб неабходнасці дашліфаваць тыя ці іншыя аспекты ў сферы адукацыі, а не пра карэнную ломку ці чарговую рэформу ўжо складзенай сістэмы.
Што тычыцца заробкаў педагогаў, прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на цяжкасці ў эканоміцы, звязаныя з сусветным крызісам, у апошні час былі прыняты рашэнні, накіраваныя на павышэнне матэрыяльнага стымулявання працы настаўнікаў.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў гэтым пытанні многае залежыць і ад саміх педагогаў, іх здольнасці пераарыентавацца і выбудаваць сваю работу з навучэнцамі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, у тым ліку больш шырока выкарыстоўваць дадатковыя заняткі, гурткі і факультатывы.
У сваю чаргу пераможцы і лаўрэаты конкурсу выказалі падзяку Аляксандру Лукашэнку за ўважлівае стаўленне да праблем сярэдняй школы і запэўнілі беларускага лідара ў тым, што і далей будуць працаваць на карысць беларускай сістэмы адукацыі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.