Напрыканцы мінулага года ў летапіс Олтушскай сярэдняй школы ўпісана важная старонка: установе адукацыі прысвоена імя земляка героя Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Навумавіча Алесіка.
У сваім творы “Лісты да сына” вялікі педагог Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі сказаў, што “ў кожнага народа ёсць свая святыня — героі, якія паклалі жыццё на алтар свабоды і шчасця чалавецтва”. Сёння гэтыя словы не толькі не страцілі сваёй актуальнасці, а, наадварот, з’яўляюцца каштоўнай савецкай педагагічнай спадчынай, якая на практыцы даказала сваю значнасць.
Прысваенне ўстановам адукацыі імёнаў людзей, якія пакінулі след у гісторыі, — гэта не проста даніна памяці нашым землякам, але і дзейсны сродак выхавання навучэнцаў, упэўнена дырэктар Олтушскай сярэдняй школы імя А.Н.Алесіка Алена Марук.
Менавіта пад кіраўніцтвам Алены Леанідаўны калектыў і адміністрацыя выканалі вялікі аб’ём падрыхтоўчай работы, каб у 2023 годзе летапіс установы адукацыі папоўніўся важнай старонкай: школе прысвоена імя земляка, які па-геройску загінуў у баях пад Масквой у студзені 1942 года і быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.
Імя школе было прысвоена ва ўрачыстай атмасферы 12 снежня 2023 года ў прысутнасці ўсяго калектыву і ганаровых гасцей, сярод якіх былі начальнік аддзела адукацыі Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Васільевіч Пятручык, ваенны камісар Маларыцкага раёна падпалкоўнік Аляксандр Уладзіміравіч Праўдзін і інш.
Што тычыцца героя, імя якога ўжо месяц носіць наша школа, то Аляксей Навумавіч Алесік нарадзіўся ў весцы Нікольская Маларыцкага раёна. У гады польскай акупацыі актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-вызваленчай барацьбе супраць палякаў. Пасля ўсталявання савецкай улады адным з першых стаў участковым оперупаўнаважаным Маларыцкага раённага аддзела міліцыі. У першы ж дзень вайны, запісаўшыся добраахвотнікам, Аляксей Навумавіч пайшоў на фронт, пазней стаў стралком асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння НКУС СССР.
У марозныя дні ў студзені 1942 года 27 байцоў асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння НКУС СССР пад камандаваннем старшага лейтэнанта Кірыла Лазнюка атрымалі загад. Ім трэба было здзейсніць марш-кідок на лыжах па лясах Калужскай вобласці і напасці на фашыстаў у вёсцы Хлуднева, каб узяць пад кантроль важную дарогу на горад Сухінічы. Па гэтай трасе да Сухініч адступалі танкавыя падраздзяленні Гудэрыяна. Дыверсантам даручылі адцягнуць немцаў, утрымліваць дарогу да падыходу асноўных сіл 328-й стралковай дывізіі. У ліку атрада з 27 лыжнікаў быў наш зямляк Аляксей Навумавіч Алесік.
У ноч з 22 на 23 студзеня 1942 года воіны НКУС выйшлі да Хлуднева. Па разведданых, там павінен быў знаходзіцца ўзвод аховы фашыстаў, але ў пачатку аперацыі высветлілася, што ў вёсцы засяроджаны ўзмоцнены танкамі пяхотны батальён гітлераўцаў колькасцю да 400 чалавек. Нягледзячы на няроўнасць сіл, было прынята рашэнне ўступіць з ворагамі ў бой, разлічваючы на раптоўнасць удару і своечасовую падтрымку 1103-га стралковага палка 328-й стралковай дывізіі.
Бой ішоў каля сутак. Аднак 1103-і стралковы полк 328-й стралковай дывізіі не пачаў запланаваную атаку. На наступны дзень, 23 студзеня 1942 года, з суседняга мястэчка Маклакоў прыйшла калона фашыстаў, вёска была акружана з трох бакоў. Да моманту, калі непрыяцель адціснуў байцоў, якія выжылі, да бярвеністага збудавання (яно стала для іх апошнім сродкам абароны), яны паспелі ўжо знішчыць і параніць больш за 150 гітлераўцаў. Байцы не вагаліся і пад мінамётным абстрэлам. Ніхто з іх не кінуў зброі і не падняў рук. У гэтым баі загінуў і Аляксей Алесік.
У 1967 годзе імя Аляксея Навумавіча было занесена ў Кнігу народнай славы Маларыцкага раёна, а на будынку раённага аддзела міліцыі, дзе ён працаваў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Таксама ў 1967 годзе імя воіна-героя было прысвоена піянерскай дружыне Олтушскай сярэдняй школы.
Памяць пра героя-земляка трапятліва захоўваецца ў Олтушскай сярэдняй школе. Так, у гісторыка-краязнаўчым музеі ўстановы адважнаму земляку прысвечаны цэнтральны раздзел экспазіцыі. Навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Кацярыны Якаўлеўны Алесік і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Кацярыны Станіславаўны Алесік распрацавалі для гасцей музея шэраг тэматычных экскурсій, прысвечаных памяці героя. Дарэчы, экскурсіі вучні праводзяць самастойна: дзеці расказваюць пра жыццёвы шлях і подзвіг А.Н.Алесіка. Такія мерапрыемствы ў тым ліку арганізуюцца падчас інфармацыйных і класных гадзін.
Сёння пошукава-даследчы атрад “Юны следапыт”, якім кіруе Вячаслаў Зезюкоў, працягвае пошукавую работу па вывучэнні подзвігу Аляксея Навумавіча Алесіка. Вялікая ўвага асобе героя ўдзяляецца і ў рабоце ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт” пад кіраўніцтвам Ганны Стральцовай.
Кацярына АЛЕСІК,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства,
кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея
Олтушскай сярэдняй школы імя А.Н.Алесіка
Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці
Фота аўтара