Пад увагай дэпутатаў

- 9:21Актуально, Калегіі, пасяджэнні

На сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў разгледзелі пытанне аб рэалізацыі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021—2025 гады.

Умінулым годзе на Гродзеншчыне былі выкананы ўсе ключавыя паказчыкі Дзяржпраграмы, за выключэннем ахопу дзіцячым аздараўленнем у лагерах з-за пандэміі, асвоена 807,5 млн рублёў. Дасягнуты пэўныя вынікі падчас рэалізацыі кожнай з 8 падпраграм.

Адкрываючы сесію, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук падкрэсліў, што рэалізацыя рэгіянальных мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” — адно з найважнейшых пытанняў, якое дэпутацкі корпус трымае на пастаянным кантролі. Вялікая ўвага ўдзяляецца не толькі адукацыйнаму працэсу, але і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей, рабоце з моладдзю.

— У рамках выканання падпраграмы “Дашкольная адукацыя” мы ставім сваёй задачай будаўніцтва новых дзіцячых садоў і забеспячэнне месцамі ў дашкольных установах максімальнай колькасці дзяцей, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Нарматыў забяспечанасці дзяцей месцамі ў дзіцячых садах выконваецца ва ўсіх раёнах, ён вырас і ў сярэднім па вобласці складае па выніках мінулага года 96 працэнтаў. У цэлым у вобласці месца ў дзіцячых садах ёсць для кожнага дзіцяці. Цяпер вырашаецца задача забеспячэння крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі.

Летась уведзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 230 месцаў у мікрараёне Грандзічы-2 у Гродне, у сакавіку бягучага года — дзіцячы сад на 230 месцаў у мікрараёне Паўднёвы-2. Працягваецца будаўніцтва трох садоў на 190 месцаў кожны ў Скідзелі, Слоніме і Лідзе. Выраблена праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва сада на 335 месцаў у гродзенскім мікрараёне Грандзічы-3. У рамках гэтай пяцігодкі запланавана будаўніцтва дашкольнай установы ў Ашмянах. Створана 87 дадатковых месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту ў садах Смаргонскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў шляхам перапрафілявання і адкрыцця дадатковых памяшканняў ва ўстановах адукацыі, аднаўлення функцыянавання групавых памяшканняў, якія раней не выкарыстоўваліся па прызначэнні.

Як адзначыў Руслан Абрамчык, высокім застаецца ўзровень дасягненняў школьнікаў. За апошнія два гады павялічылася колькасць вучняў 9 і 11 класаў, якія атрымалі высокія выніковыя адзнакі. У мінулым годзе атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём атрымалі 677 выпускнікоў 11-х класаў.

Стабільна выконваюцца мерапрыемствы падпраграмы “Спецыяльная адукацыя”. Кожнае дзіця з асаблівасцямі ў развіцці выяўляецца ў максімальна раннія тэрміны. Усе дзеці, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай адукацыі і карэкцыйна-педагагічнай дапамозе, атрымліваюць яе.

У сістэме прафесійнай адукацыі падрыхтавана больш за 8 тысяч выпускнікоў, якія забяспечаны першым працоўным месцам. Уведзена падрыхтоўка па 3 новых спецыяльнасцях і кваліфікацыях. На базе шасці рэсурсных цэнтраў у вучэбны працэс укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

У вобласці сфарміравана сістэма прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, рабочых (служачых), якая адказвае патрэбам рынку працы. У мінулым годзе на базе 14 устаноў дадатковай адукацыі дарослых прайшлі падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі больш як 12,3 тысячы чалавек, яшчэ звыш 1,8 тысячы — ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

— Адным з прыярытэтных напрамкаў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі з’яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне моладзі, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Традыцыйнымі сталі абласны фестываль патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, абласны злёт патрыятычных клубаў. Прайшло больш як 240 сустрэч у фармаце тэматычных дыялогавых пляцовак.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.