Падабраць «Ключ» да прафесій. Настаўніца Інга Ціханавецкая стварыла прафарыентацыйную настольную гульню

- 13:30Новости, Шестой день

Прафарыентацыйная субота ў сярэдняй школе № 111 імя Міхаіла Каснерыка Мінска праходзіць гуляючы. Настаўніца пачатковых класаў Інга Ціханавецкая стварыла настольную гульню “Ключ”, якая знаёміць сваіх вучняў з папулярнымі прафесіямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Прафарыентацыйных мерапрыемстваў у нашай школе праходзіць шмат. Так, у першую чаргу мы з дзецьмі даведваемся пра прафесіі іх бацькоў — па суботах да нас прыхо­дзяць таты і мамы, расказваюць, як яны ратуюць людзей, працуючы на “хуткай дапамозе”, як робяць наша жыццё смачнейшым, ствараючы новыя цукеркі на фабрыцы “Камунарка”, і інш. Адпраўляемся мы і на выяз­ныя экскурсіі па месцы іх работы. Напрыклад, апошні мой дзень нараджэння выпаў на нашу прафарыентацыйную суботу і яго я правяла са сваім класам якраз на “Камунарцы” — на фабрыцы працуюць мамы нашых навучэнцаў і запрасілі нас на свае вочы паглядзець, як яны ствараюць ласункі. У бібліятэцы мы наведваем кніжныя выставы з прадстаўленнем сучасных прафесій (напрыклад, нядаўна дзеці знаёміліся з кірункамі ў ІТ-сферы), падчас інтэрактыўных мерапрыемстваў рашаем відэазагадкі, заданні ў канверце, збіраем тэматычныя пазлы. Праходзім і квест па школьных пляцоўках, падчас якога знаёмімся з прафесіямі кухара, сталяра, урача, настаўніка, дырэктара школы і інш.

Але падчас усіх гэтых мерапрыемстваў ідзе толькі агульнае знаёмства з рознымі прафесіямі, а не паглыбленне ў іх. Мне ж хацелася, каб дзеці, разважаючы пра самыя папулярныя прафесіі, зразумелі іх шмат­граннасць, розныя аспекты. Для гэтага я і стварыла гульню “Ключ”, — расказвае Інга Пятроўна.

Адна з першых прафесій, з якой знаё­мяцца дзеці ў гэтай гульні, — педагог. Па гэтым кірунку яны ўжо дасведчаныя гульцы. Нездарма ў мінулую пятніцу іх запрасілі прэзентаваць сваю настольную гульню на пасяджэнні выніковай калегіі Мінгарвыканкама падчас выставы “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця!”. Ацанілі яе не толькі настаўнікі сталіцы, але і кіраўніцтва Міністэрства адукацыі.

— Па сутнасці, гэта прывычная дзецям “хадзілка”, але тут галоўнае — даць ім магчымасць паразважаць, выказаць свае думкі, ідэі наконт канкрэтнай прафесіі. Кожная картка — гэта метафарычны вобраз прадстаўніка пэўнай прафесіі, які гульцы дапаўняюць важнымі фактамі. Напрык­лад, калі выпадае картка “Вобраз” — зна­чыць, гульцу трэба даць знешняе апісанне педагога. “Вока” раскрывае якасці і рысы характару, якія ён павінен мець: быць добрым, актыўным, валодаць лічбавымі тэхналогіямі і інш. Картка “Айсберг” азначае схаваныя факты пра прафесію, пра якія мала хто здагадваецца. Напрыклад, настаўнік заўсёды прыходзіць на ўрок пад­рыхтаваны, але на самай справе гэта вымагае шмат часу. “Адзінства” — той комплекс якасцей, якія робяць чалавека прафесіяналам. Так, кожная картка нясе ў сабе пэўны сэнс. Гэта не проста гульня, а запрашэнне да разважання аб прафесіях, — тлумачыць педагог.

Дарэчы, за распрацоўку гэтай гульні нас­таўнік-метадыст Інга Ціханавецкая атрымала прэмію Мінгарвыканкама. Яе педагог стварыла ў межах апісання свайго вопыту па тэме “Тэкстаграфіка — тэхналогія візуальных апор як сродак фарміравання чытацкай адукаванасці”.

Справа ў тым, што, калі знаёмімся з тэкстамі, мы іх проста чытаем, а на аналіз не заўсёды хапае часу. Гэтая ж тэхналогія разлічана на работу з рознымі тыпамі інфармацыі. Акрамя таго, мне хацелася выйсці за межы вучэбнага працэсу і ў забаўляльнай форме пашырыць погляд дзяцей на розныя прафесіі. Мы часта ўключаем гэтую гульню ў прафарыентацыйныя школьныя суботы як адзін са складнікаў комплексу мерапрыемстваў. Напрыклад, бяром пэўную прафесію (педагог, урач, швачка, архітэктар, фларыст ці інш.), гутарым пра яе, абыгры­ваем адметнасці ў інтэрактыўнай віктарыне, а пасля, каб падсумаваць пачутае, паразважаць пра прадстаўнікоў новай для сябе прафесіі, дзелімся на каманды і гуляем у “Ключ”.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара