Падарожжа дзеля жыцця

- 14:08Адукацыйная прастора

“Я хачу жыць у свеце, дзе важна быць здаровым” — пад такім дэвізам Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА пачынае рэалізацыю праекта Dance4Life Беларусь. Гэта міжнародны праект, накіраваны на прасоўванне здаровага ладу жыцця сярод маладых людзей, на раскрыццё іх асабістага патэнцыялу. Праект дзейнічае ўжо 17 гадоў у 17 краінах свету. Ключавымі партнёрамі Dance4Life Беларусь сталі Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя нашай краіны, Інстытут ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі.

Хочаш змяніцца — рухайся!

У Беларусі тэставы праект будзе працаваць на працягу года. За гэты час плануецца з ліку маладых людзей падрыхтаваць чэмпіёнаў-роўных трэнераў-фасілітатараў, якія затым будуць працаваць з групамі сваіх аднагодкаў па 10-модульнай праграме, што ўключае такія тэмы, як здаровы лад жыцця, рэпрадуктыўнае здароўе, прафілактыка ВІЧ. У праграме ёсць і элементы цімбілдынгу, мэтапакладання, гендарнай роўнасці і інш.

Днямі ў Мінску прайшла прэзентацыя праекта для работнікаў цэнтраў, дружалюбных да дзяцей, валанцёраў клубаў ЮНЕСКА, супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў і ўстаноў сістэмы адукацыі. Сустрэчу праводзілі спецыялісты фонду “Фокус-Медыя” (Расія), якія ўжо 15 гадоў рэалізуюць праграму Dance4Life ў краінах постсавецкай прасторы.

Старшыня праўлення Беларус­кай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый Субцэльны падкрэсліў, што ў найбліжэйшы год праграма будзе працаваць з установамі і арганізацыямі ў Мінску, а затым у планах працягнуць яе ў Гомелі, Пінску, Салігорску і інш.

Алеся Меляшчэня, інспектар галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, падчас сустрэчы адзначыла: “Калі мы спытаем у нашай моладзі, што такое здаровы лад жыцця, то ў адказ пачуем, што гэта здаровае харчаванне, заняткі спортам, асабістая гігіена, адмова ад алкаголю і цыгарэт і інш. Усё правільна, але гэта яшчэ і ўменне жыць з карысцю для сябе і іншых, у гармоніі з сабой. І сёння прафілактычная работа з моладдзю павінна выходзіць на новы ўзровень — за межы простага знаёмства з фактамі, разумення, што добра, а што дрэнна. Таму спадзяюся, такі праект якраз і дасць нам дадатковыя магчымасці”.

Расказваючы пра спецыфіку праграмы, Ірына Сцеба, супрацоўніца “Фокус-Медыя”, адзначыла: “Пасля шэрага даследаванняў спецыялістаў стала відавочна, што моладзь ведае шмат пра праблему ВІЧ, правільна адказвае на пытанні пра шляхі перадачы і прафілактыку, але колькасць новых ВІЧ-станоўчых падлеткаў не змяншаецца. Гэта гаворыць пра тое, што веды напрамую не ўплываюць на змяненне мадэлі паводзін і што паміж ведамі і змяненнямі паводзін трэба ўключыць кампанент, які фарміруе адносіны, і толькі пасля апрабавання новай мадэлі малады чалавек можа нешта мяняць. Таму ў Dance4Life з’явілася ідэя распрацаваць праграму пад назвай “Падарожжа дзеля жыцця”, асноўная мэта якой — станаўленне асобы падлетка. Яе ўдзельнікі ствараюць свае журналы падарожнікаў, запісваючы “бартавыя” нататкі”.

10 крокаў да здароўя

“Наша праграма — гэта творчае ўзаемадзеянне, гульнявыя кампаненты, прак­тыкаванні, якія дазваляюць маладому чалавеку адказваць на свае ж пытанні, — тлумачыць Ірына Сцеба. — Асноўны метад у праграме па зніжэнні рызыковых паво­дзін — вопыт. Наша праграма складаецца з 10 сустрэч па 90 мінут. Маладыя лю­дзі падчас кожнай пражываюць новы вопыт. І ў іх ёсць магчымасць адказаць на пытанні самім сабе. Напрыклад, на трэнінгах па булінгу кожны зможа пабываць у ролі ахвяры. Булінг з’яўляецца ў навучальных установах таму, што тыя, хто гэты булінг пачынае, ні разу не адчувалі эмоцый ахвяры. Яны не разумеюць таго, суп­раць каго накіроўваюць агрэсію, і для іх гэта часта становіцца жартам, гульнёй. А калі становяцца на месца ахвяры, то пачынаюць разумець яе пачуцці. Такія трэнінгі будуць і на тэму супрацьстаяння маральнаму і фізічнаму гвалту, палавых узаемаадносінах, ВІЧ-інфекцыі і інш.”

Арганізатары  праекта “Dance4Life Беларусь” ужо атрымалі больш за 40 заявак ад патэнцыяльных чэмпіёнаў, але працягнуць іх прымаць яшчэ да 5 лістапада. А калі і пасля гэтай даты будуць жадаючыя сярод юнакоў, то для іх тэрміны прыёму могуць працягнуцца і далей (пакуль хлопцаў значна менш, чым дзяўчат, а арганізатары хацелі б дасягнуць гендарнага балансу).

Абавязковая частка праграмы — чэленджы, якія будуць ладзіцца па выніках праходжання кожнага з 10 крокаў. На­прыклад, калі маладыя людзі адвыклі ад шчырых гутарак з бацькамі, аддаліліся ад іх, то ім прапаноўваецца пагутарыць з баць­камі на пэўную тэму ці проста спы­таць у мамы, за што яна яго любіць (часта пачутае становіцца адкрыццём). Пры вывучэнні гендарных норм і праў маладым лю­дзям прапаноўваецца зрабіць тое, чаго не чакаецца ад супраць­леглага полу, напрыклад, хлопцам — зрабіць хатнюю ўборку ці зварыць суп, дзяўчатам — забіць цвік. Гэта, па словах ініцыятараў праграмы, дапамагае размежа­ваць паняцці “пол” і “гендар” і абмеркаваць гендарныя стэрэатыпы, якія моцна абмяжоўваюць маладых людзей у выбары жыццёвага шляху. Напрыклад, ­адзін з юнакоў расказаў, што з маленства марыў танцаваць, але тая кампанія, з якой сябраваў, зрабіла б яго ізгоем, калі б ён пайшоў у танцавальны гурток.

“Адзін з самых важных чэленджаў, які распрацоўваўся на міжнародным узроўні і які мы ў Расіі ажыццявіць не можам, — наведванне клінікі, дружалюбнай да падлеткаў. У нас такой няма. Таму для беларусаў тут дадатковы бонус. Пра вашы цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, дзе можна атрымаць спектр неабходнай дапамогі — ананімна, канфідэнцыяльна, без прывязкі да месца пражывання і ў прыязных умовах, — мы можам толькі марыць. У Расіі моладзь у абсалютнай большасці баіцца звярнуцца да таго ж гінеколага са сваімі праблемамі, каб не пачуць у адказ абразу, пагрозу паведаміць бацькам. Таму нашы маладыя людзі баяцца займацца сваім здароўем. Кожны чалавек мае права на медыцынскую дапамогу, але на справе ў такіх выпадках па яе мала хто з падлеткаў звяртаецца”, — гаворыць Ірына Сцеба.

Вучыцца для сябе і для іншых

“Чэмпіёны, якіх мы будзем рыхтаваць з падлеткаў, — не псіхолагі, не коўчы, не спецыяліс­ты. Не ставім мы мэтай ім даць і зашмат трэнерскіх навыкаў. Мы проста дапамагаем чэмпіёнам навучыцца размаўляць з падлеткамі, навучыцца ствараць сітуацыю і кіраваць ёй. Чэмпіёнам можа стаць кожны жадаючы, але павінен быць мінімальны вопыт работы з моладдзю. Як правіла, да нас часцей ідуць тыя, хто ўжо быў важатым у летніках, ці тыя, хто збіраецца стаць педагогам”, — тлумачыць спецыяліст “Фокус-Медыя”.

У самых актыўных і матываваных удзельнікаў праекта ёсць магчымасць працягнуць навучанне і стаць сертыфікаваным міжнародным трэнерам.

Аляксандр Аляксееў, каардынатар праграмы Dance4Life Беларусь, расказвае пра планы на гэты навучальны год так: “Ад матывацыі і кампетэнтнасці чэмпіёнаў залежыць усё, таму мы правядзём іх адбор. Мы аб’яўляем яго сярод маладых людзей ад 16 да 24 гадоў. Гэта могуць быць удзельнікі клубаў ЮНЕСКА, прадстаўнікі іншых сфер нефармальнай адукацыі, валанцёры і іншыя, якія маюць вопыт правядзення інтэрактыўных трэнінгаў і камфортна адчуваюць сябе сярод равеснікаў. Для прэтэндэнтаў мы правядзём сустрэчу-трэнінг з прэзентацыяй праекта, з цімбілдынгам і наступным субяседаваннем. Пасля гэтага кандыдаты адправяцца на навучанне ў НДЦ “Зубраня” на сямідзённы трэнінг “Падарожжа дзеля жыцця”(з 20 па 27 лістапада). Вядучымі выступяць міжнародныя сертыфікаваныя чэмпіёны. У ходзе інтэнсіву ўдзельнікі пройдуць комплекснае навучанне з 10 модуляў па такіх тэмах, як цімбілдынг, мэтапакладанне, матывацыя, рэпрадуктыўнае здароўе, гендарная роўнасць, эфектыўнае ўзаемадзеянне з грамадствам. Усе ўдзельнікі атрымаюць навыкі правядзення трэнінгаў па гэтых модулях. У працэсе навучання з удзельнікаў будуць сфарміраваны пары чэмпіёнаў.

Пасля вяртання ў Мінск кожная трэнерская пара правядзе 10 модуляў да канца зімы 2021 года ва ўстановах адукацыі, маладзёжных клубах, аб’яднаннях і інш. Наша каманда акажа ім сваё суправаджэнне ў арганізацыі. Запланаваны ў тым ліку і карпаратыўныя актыўнасці, каб нашы чэмпіёны маглі бліжэй пазнаёміцца адно з адным. У маі для іх пройдзе ЗЖЛ-camp — трохдзённы палатачны лагер на прыродзе”.

Ірына Сцеба: “Хоць у назве Dance4Life ёсць слова танец, асноўныя кірункі работы і мэты праекта напрамую не звязаны з ім. Танец стаў галоўным сімвалам праекта, які аб’ядноўвае яго актывістаў. Танец — гэта найперш рух. А рух — гэта змяненні. Толькі калі ты пачынаеш рухацца, нешта вакол цябе мяняецца. Танец — універсальная мова, зразумелая моладзі ўсяго свету, і ён закліканы быў стаць рупарам моладзі і магчымасцю прыцягнуць увагу іх равеснікаў да пэўных праблем. Так танец аб’яднаў тых маладых людзей,  якім  важна  іх  здароўе.

Новыя формы прывычнага фармату

Алена Гілько, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 161 Мінска, пасля знаёмства з праектам і ўдзелу ў некаторых яго гульнявых практыкаваннях зазначыла: “Праграма цікавая, эмацыянальная, камфортная для ўдзельнікаў. Яна дазваляе развіваць добразычлівыя зносіны, вучыць правільна адстойваць свой пункт гледжання, свае правы. Але ў мяне прапанова — уключыць яшчэ і інтэнсіў для педагогаў, якія бу­дуць потым працаваць з гэтай праграмай. Хаця б асноўныя трэнінгі. Па-першае, калі педагог мабільны, узброены новымі методыкамі, навыкамі, “фішкамі”, то за ім і дзеці пацягнуцца. Па-другое, калі вернуцца з вучэбных трэнінгаў у “Зубраняці” яго навучэнцы, веданне педагогам зместу ўсіх тонкасцей “Падарожжа” дасць куды большы эфект”.

На гэта Аляксандр Аляксееў сказаў, што калі ёсць попыт, то такія трэнінгі для педагогаў абавязкова будуць праведзены.

Наталля Карпушава, намеснік начальніка ўпраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы МГІРА, з цікавасцю пазнаёмілася з прэзентацыяй праекта і адзначыла: “Гэтая праграма сугучная з тым, чым мы, педагогі Беларусі, даўно займаемся. У нас ёсць некалькі праграм па тэме здаровага ладу жыцця, нашы педагогі добра знаёмы з тэмай рэпрадуктыўнага і сексуальнага здароўя, узаемаадносін, насілля, булінгу, кібербелінгу, медыяцыі і інш. Але праграма Dance4Life можа стаць новым інструментам для нашай работы. Гэта магчымасць для нас абнавіць існуючыя праграмы. Сама назва “Танцуй дзеля жыцця” гучыць і, безумоўна, зацікавіць моладзь. Гэта маладзёжны фармат. Прычым гэты праект можа стаць не толькі новай формай узаемадзеяння і выхавання маладых людзей, але і самім педагогам дазволіць глыбей пагрузіцца ў тэму і навучыцца больш камфортна адчуваць сябе ў тонкіх тэмах, чаго, на жаль, ім пакуль часта не хапае”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены фондам “Фокус-Медыя”.