Аўтарскія і журналісцкія матэрыялы, якія расказваюць пра лепшы педагагічны вопыт настаўнікаў краіны, прадстаўлены ў чарговым выпуску метадычнага дадатку да «Настаўніцкай газеты».
Пачынаецца дадатак з артыкула пра педагагічны фестываль «Ідэі настаўнікаў-лідараў – у практыку адукацыі», які прайшоў у БДПУ з удзелам вядомых настаўнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, навучэнцаў педагагічных класаў. Сустрэчы лепшых педагогаў краіны з будучымі прадстаўнікамі прафесіі ў сценах УВА сталі добрай традыцыяй, якую вельмі важна падтрымліваць.
Пра педагагічнае крэда і эфектыўныя падыходы ў выкладанні замежнай мовы расказала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Асіповіч Таццяна Гарбачова.
Якія актуальныя тэмы ўзнімаюць у сваіх даследчых работах юныя краязнаўцы з Хомскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна? НастаўніцагеаграфііЛюдміла Юрашэвіч прадставіла лепшыя праекты, з якімі яе вучні перамаглі на раённых і абласных конкурсах і канферэнцыях.
Як нясумна рыхтавацца да ЦЭ, ведае настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Слоніма Ірына Захарчук. Яна падзялілася вопытам уключэння ў заняткі гульнявых элементаў і гульняў, у прыватнасці філвордаў і трыміно.
Пра інавацыйны праект па развіцці крэатыўнага мыслення малодшых школьнікаў у матэрыяле «Ні дня без крэатыву» паведаміла Святлана Гін, кандыдат педагагічных навук, прафесар кафедры педагогікі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Пра карысць, якую прыносіць настаўніку і вучням прымяненне на ўроках такога інструмента, як «Білеты на выхад», расказалі настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Шумак і настаўніца біялогіі Таццяна Пархамчук з пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана.
Увазе калег настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 126 Мінска Ірына Новік прапанавала сітуацыйныя задачы з выхаваўчым патэнцыялам, якія садзейнічаюць фарміраванню патрыятычных пачуццяў.
Раім пачытаць матэрыял «Каштоўныя мінуты» Мiкалая Запрудскага, прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі адукацыі, і Галiны Сухавай, настаўніцы гімназіі № 5 Віцебска імя І.І. Люднікава. Аўтары прапануюць некалькі меркаванняў з каментарыямі аб тым, як можна ацаніць каштоўнасць мінут на ўроку.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота БДПУ