Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі сталіцы да пачатку новага навучальнага года ў самым разгары

- 11:08Новости

Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі сталіцы да пачатку новага навучальнага года ў самым разгары. Па словах першага намесніка старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Людмілы Барысенка, аб’ём фінансавання на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Мінска да навучальнага года штогод павя­лічваецца. Сёлета на гэтыя мэты выдзелена больш за 128 млн рублёў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Да 1 верасня чакаецца ўвод у эксплуатацыю школы-новабудоўлі ў жылым раёне Лябяжы, а таксама дзіцячага сада ў раёне вуліц Скрыпнікава — Адзінцова — Лабанка.

У Лябяжым будаўніцтва школы, якая разлічана на 1020 вучняў, выходзіць на фінішную прамую. Як расказалі ў “Мінск­будзе”, у актавай зале завяршаецца ўкладка паркету, а ў спартыўных залах на наступным тыдні плануюць пачаць мантаж гімнастычных снарадаў. Басейны фактычна гатовы да запаўнення вадой, засталося толькі прыбраць будаўнічы пыл. Мэбля расстаўлена па класах, паступова ўстанаўліваецца вучэбнае абсталяванне. У харчаблоку ўсё неабходнае абсталяванне ўжо зманціравана і гатова да падключэння. Практычна на ўсім аб’екце на змену аддзелачнікам прыйшлі наладчыкі, каб усё за- пусціць і праверыць.

На прылеглай тэрыторыі вядзецца доб­раўпарадкаванне. Будаўнікі пачалі ўкладку сучаснага пакрыцця бегавых дарожак і спартыўных пляцовак, якое складаецца з гумавай крошкі і поліўрэтанавага злучэння. Акрамя таго, трэба яшчэ дамасціць плітку, зманціраваць агароджу спортпляцовак і ганкаў, дабавіць малыя архітэктурныя формы.

Адной з задач праекціроўшчыкаў было стварэнне вялікіх спарткомплексаў, каб кожны вучань мог знайсці сабе актыўнасць на свой густ. Так, напрыклад, на цокальным паверсе школы будзе абсталяваны цір.

У горадзе завяршаецца капітальны рамонт сярэдніх школ № 53, № 95 і № 115, гімназій № 10 і № 36, а таксама спартыўнага стадыёна гімназіі № 14. Сярод устаноў адукацыі сталіцы, якія падлягаюць капрамонту, ёсць шэраг пераходных аб’ектаў. Так, у сярэдняй школе № 4 Ленінскага раёна будаўніча-мантажныя работы распачалі, але завяршыць іх плануецца ў наступным го­дзе. Для школы № 63 Першамайскага раёна зараз вызначаюць падрадную арганізацыю для правядзення капрамонту, які, як чакаецца, таксама будзе выкананы ў наступным годзе.

Актыўна вядуцца работы і па бягучым рамонце школ і дзіцячых садоў. На гэтыя мэты з бюджэту горада выдзелена больш за 63 млн рублёў, у тым ліку 15,7 млн рублёў — на замену аконных блокаў. Для ўстаноў адукацыі набываецца вучэбнае, гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне і інш.

Школы і дашкольныя ўстановы таксама праходзяць комплексную падрыхтоўку да маючага адбыцца ацяпляльнага сезона. Атрымаць пашпарты гатоўнасці да зімы ім неабходна ў тэрмін да 15 жніўня.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА