Падрыхтоўцы — асаблівая ўвага

- 16:45Навіны рэгіёнаў, Рознае
З 3 па 14 сакавіка на Магілёўшчыне праходзіць абласны этап конкурсу “Настаўнік года”. Падрыхтоўцы да яго ў Прыдняпроўскім краі ўдзяляецца вялікая ўвага. Для ўдзельнікаў абласнога этапу конкурсу на базе Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі былі арганізаваны спецыялізаваныя курсы педагагічнага майстэрства.

Як расказала начальнік цэнтра развіцця рэгіянальнай адукацыі МДАІРА Алена Афанасенка, гэтае мерапрыемства было распрацавана спецыялістамі аддзела з мэтай павышэння прафесійных навыкаў удзельнікаў і іх псіхалагічнай адаптацыі да ўмоў конкурсу.
— На вучэбных курсах, якія доўжыліся на працягу пяці дзён, мы стараліся сканцэнтраваць увагу слухачоў на розных аспектах праходжання конкурсных заданняў. Удзельнікі змаглі падрабязна азнаёміцца з новымі методыкамі і тэхналогіямі ў педагогіцы. Акрамя таго, для іх былі падрыхтаваны майстар-класы і псіхалагічныя трэнінгі. Адметна, што і майстар-класы, і лекцыі праводзілі непасрэдна людзі знутры знаёмыя з асаблівасцямі правядзення конкурсу, удзельнікі і прызёры рэспубліканскага этапу конкурсу, члены клуба “Крыштальны журавель”. Самаарганізацыі, псіхалагічнай разгрузцы, самааднаўленню, мастацтву сцэнічнай мовы нашых канкурсантаў вучылі таксама толькі кампетэнтныя спецыялісты, — паведаміла Алена Пятроўна.
— Падобныя мерапрыемствы неабходны, бо яны даюць нам своеасаблівы шанс праверыць свае сілы і веды. Мы таксама маем магчымасць пазнаёміцца адно з адным, абмяняцца назапашаным вопытам па розных тэмах, што вельмі важна напярэдадні конкурснага адбору, — лічыць прадстаўніца Бабруйскага раёна настаўніца інфарматыкі Глушанскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Таццяна Вячаславаўна Пузына.
Абсалютна згодны з ёй і астатнія слухачы спецыялізаваных курсаў. У падрыхтоўчым плане арганізатарамі абласнога конкурсу для ўдзельнікаў зроблена нямала. Цяпер, як гаворыцца, поспех кожнага з прэтэндэнтаў на высокае званне лепшага настаўніка Магілёўшчыны толькі ў яго руках.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.