Зборныя каманды з 23 устаноў вышэйшай адукацыі прынялі ўдзел у Рэспубліканскіх лёгкаатлетычных гульнях сярод студэнтаў. Спаборніцтвы прайшлі на базе Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы.

Праграма першынства ўключае ў сябе 26 дысцыплін (13 мужчынскіх і 13 жаночых) і з’яўляецца найбольш багатай на медалі сярод усіх алімпійскіх відаў спорту.
Па выніках турніру перамогу атрымала зборная Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Прадстаўнікі гэтай УВА сталі лепшымі ў бегу, скачках у даўжыню, сямібор’і і спартыўнай хадзьбе. Асабліва вызначыліся Максім Грабарэнка, які заваяваў 1-е месца ў бегу на 60 і 200 метраў, і Яраслаў Кавалёў — чэмпіён сямібор’я. Таксама верхнюю прыступку п’едэстала пакарылі Леў Скорыш у скачках з шастом і Яна Зубкова, якая святкавала перамогу на дыстанцыях 3000 і 5000 метраў па спартыўнай хадзьбе.
Студэнтка завочнага факультэта ВДТУ Руслана Рашкаван была прызнана лепшай спартсменкай спаборніцтваў. Дзяўчыне ўдалося перамагчы ў бегу на 60 метраў і ў бегу на 60 метраў з бар’ерамі.
Другое агульнакаманднае месца ў зборнай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Студэнтам ВДТУ не было роўных у бегу з бар’ерамі і ў эстафеце 4х400. Таксама выдатныя вынікі паказалі штурхальнікі ядра — Марыя Сікорская заваявала “бронзу”. Не адсталі і пяціборцы — Ірына Ванюк таксама на 3-м месцы.
Замыкаюць тройку прызёраў Рэспубліканскіх лёгкаатлетычных гульняў сярод студэнтаў прадстаўнікі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя I.П.Шамякіна. Ім удалося вызначыцца ў скачках у вышыню: найвышэйшую прыступку п’едэстала пакарыў Уладзіслаў Кучко. З найлепшага боку паказала сябе і Настасся Гаўрылік, якая заваявала “бронзу” ў скачках у даўжыню і “серабро” ў скачках з шастом.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.