Паляванне на скарбы, ці Групавая і парная работа ў пачатковай школе

- 14:19Педагагічная майстэрня

Адукацыйны стандарт агульнай сярэдняй адукацыі нацэльвае на прыярытэтны кірунак па фарміраванні агульнавучэбных уменняў і навыкаў. Вельмі важная актыўная пазіцыя вучня ў вырашэнні вучэбнай задачы, а гэта магчыма пры асаблівай арганізацыі вучэбнага працэсу і менавіта пры выкарыстанні парнай і групавой работы. У гэтым выпадку дзіця ўзбройваецца навыкамі самастойнай дзейнасці, займае пазіцыю даследчыка, становіцца раўнапраўным удзельнікам навучання.

Кожны настаўнік імкнецца выхаваць вучня, які ўмее вучыцца, навучыць дзяцей уменню спрачацца, адстойваць свой пункт гледжання, задаваць пытанні, быць ініцыятыўным у атрыманні новых ведаў. Псіхолагі вызначылі, што галоўным паказчыкам самастойнага мыслення, пазнавальнай актыўнасці дзіцяці з’яўляецца не індывідуальная работа хай нават пад кіраўніцтвам самага чуйнага дарослага, а супрацоўніцтва дзяцей у групах і парах.

Задачы групавой і парнай работы:

  1. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці.
  2. Развіццё навыкаў самастойнай вучэбнай дзейнасці: вызначэнне вядучых і прамежкавых задач, выбар аптымальнага шляху, уменне прадугледжваць наступствы свайго выбару, аб’ектыўна ацэньваць яго.
  3. Развіццё ўменняў паспяховых зносін (уменне слухаць і чуць адзін аднаго, выбудоўваць дыялог, задаваць пытанні на разуменне і г.д.).
  4. Удасканаленне міжасобасных адносін у класе.

    Безумоўна, групавая форма арганізацыі работы мае нямала вартасцей. Па-першае, павышаецца вучэбная і пазнавальная матывацыя навучэнцаў, па-другое, зніжаецца ўзровень іх трывожнасці, страху аказацца непаспяховым, некампетэнтным у вырашэнні пэўных задач, па-трэцяе, у групе павышаецца ўзровень навучанасці, эфектыўнасць засваення і актуалізацыі ведаў. Акрамя таго, паляпшаецца псіхалагічны клімат у класе.

    Аднак у групавой рабоце ёсць і некаторыя мінусы. Хаця вядучую ролю ў ёй адыгрываюць навучэнцы, яе эфектыўнасць шмат у чым залежыць ад намаганняў і майстэрства настаўніка.
  1. Групавой рабоце неабходна спачатку навучыць. Для гэтага настаўнік павінен патраціць час на ўроках. Без выканання гэтай умовы групавая работа бывае неэфектыўная.
  2. Арганізацыя групавой работы патрабуе ад настаўніка асаблівых уменняў і намаганняў.
  3. Пры непрадуманым камплектаванні груп некаторыя вучні могуць карыстацца вынікамі працы больш моцных аднакласнікаў.
  4. Падзел на групы можа праходзіць няпроста, нават драматычна.
  5. У класе заўсёды знойдуцца дзеці, якія хочуць працаваць у адзіноце. Ім трэба стварыць умовы для гэтага. І гэта дадатковыя цяжкасці для настаўніка.

    З мэтай паспяховага правя­дзення групавой работы важна прытрымлівацца наступных прынцыпаў:
  1. Улічваць узровень адукацыйных магчымасцей навучэнцаў.
  2. Улічваць асаблівасці складу групы.
  3. Складаць заданні выключна для сумеснага пошуку рашэнняў, г.зн. справіцца з імі за абмежаваны час можна толькі ў групе.
  4. Размяркоўваць ролі паміж удзельнікамі групы.
  5. Арганізоўваць камунікацыю ў групе і паміж групамі.
  6. Аналізаваць спосаб дзейнасці. Вынікам групавой работы павінна быць рэфлексія вучэбнай дзейнасці.

    Падзел класа на групы — важны момант у арганізацыі работы. Існуе шмат спосабаў падзелу, і яны ў значнай ступені вызначаюць тое, як будзе адбывацца далейшая работа ў групе і на які вынік гэтая група выйдзе.

    Варыянты камплектавання груп:
  1. Па жаданні. Аб’яднанне ў групы адбываецца па ўзаемнай згодзе. Вучням можна прапана­ваць два вырыянты:

    1) падзяліцеся на групы па …чалавек;

    2) падзяліцеся на … роўныя групы.

2. Выпадковым чынам. Група, сфарміраваная па прымеце выпадковасці, характарызуецца тым, што ў ёй могуць аб’ядноўвацца дзеці, якія ў іншых умовах ніяк не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой або нават варагуюць. Работа ў такой групе развівае ва ўдзельнікаў здольнасць прыстасоўвацца да розных умоў дзейнасці і да розных дзелавых партнёраў.

Гэты метад фарміравання груп карысны ў тых выпадках, калі перад настаўнікам стаіць задача навучыць дзяцей супрацоўніцтву. Ме­тад таксама можа выкарыстоўвацца ў класах, дзе паміж вучнямі склаліся ў цэлым добразычлівыя адносіны. Але ў любым выпадку педагог павінен валодаць дастатковай кампетэнтнасцю ў рабоце з міжасобаснымі канфліктамі.

Спосабы фарміравання выпадковай групы: жараб’ёўка; аб’яднанне тых, хто сядзіць побач (у адным радзе, у адной палове класа); з дапамогай імправізаваных фантаў (адзін з вучняў з заплюшчанымі вачыма называе нумар групы, куды адправіцца вучань, на якога паказвае ў пэўны момант педагог) і інш.

3. Па пэўнай прымеце. Такая прымета задаецца або настаўнікам, або любым вучнем. Так, можна па­дзяліцца па першай літары імя (галосная — зычная), у адпаведнасці з тым, у які час года нарадзіўся вучань (падзел на чатыры групы), па колеры вачэй (карыя, шэра-блакітныя, зялёныя) і г.д. Гэты спосаб па­дзелу цікавы тым, што, з аднаго боку, можа аб’яднаць дзяцей, якія рэдка ўзаемадзейнічаюць адно з адным або наогул адчуваюць непрыя­знасць, а з другога — першапачаткова задае некаторую агульную прымету, якая збліжае навучэнцаў, што аб’ядналіся. Ёсць нешта, што іх радніць і адначасова аддзяляе ад іншых. Гэта стварае аснову для эмацыянальнага прыняцця адзін аднаго ў групе і некаторага аддалення ад іншых (па сутнасці для канкурэнцыі).

4. Па выбары “лідара”. “Лідар” у гэтым выпадку можа або назначацца настаўнікам (у адпаведнасці з мэтай урока, таму ў якасці лідара можа высту­­паць любы вучань), або выбірацца дзецьмі. Фарміраванне груп ажыццяўляецца самімі “лідарамі”. На­прыклад, яны выходзяць да дошкі і па чарзе называюць імёны тых, каго яны хацелі б узяць у сваю групу. Назіранні паказваюць, што ў першую чаргу “лідары” выбіраюць тых, хто сапраўды здольны працаваць і дасягаць выніку. Часам нават сяброўства і асабістыя сімпатыі адыходзяць на другі план.

У тым выпадку, калі ў класе ёсць відавочныя аўтсайдары, для якіх сітуацыя набору ў каманду можа быць надзвычай балючай, лепш ці не ўжываць гэты спосаб, ці зрабіць іх “лідарамі”.

5. Па выбары педагога. У гэтым выпадку настаўнік стварае групы па нейкай важнай для яго прымеце, вырашаючы тым самым пэўныя педагагічныя задачы. Ён можа аб’яднаць вучняў з блізкімі інтэ­лектуальнымі магчымасцямі, з падобным тэмпам работы, а можа, наад­варот, стварыць роўныя па сіле каманды. Пры гэтым арганізатар гру­павой работы можа растлумачыць прынцып аб’яднання, а можа ўхіліцца ад адказу на пытанні вучняў наконт гэтага.

Назаву некалькі відаў групавой работы, якія выкарыстоўваю на ўроках у пачатковай школе: работа ў парах, мазгавы штурм, гульні “Працягні”, “Паляванне на скарбы”, “Снежны камяк”, “Мазаічная група”, ці “Пазлы”, прыём “Зігзаг” (метад пілы).

Мазгавы штурм

Выкарыстоўваецца для генерацыі ідэй і мае наступныя асаблівасці.
– Захоўваецца жорсткі рэгламент.

– Унутры групы размяркоўваюцца ролі (вядучага, сакратара, хранаметрыста).

– Пасля выпрацоўкі калектыўнага рашэння робяцца паведамленні ад розных груп.

Гульня “Працягні”

Заснавана на выкананні разнастайных заданняў “па ланцужку”.

Гульня “Паляванне на скарбы”

Настаўнік складае пытанні, якія могуць патрабаваць як ведання фактаў, так і асэнсавання ці разумення. Навучэнец або група павінны адказаць на пытанні, выкарыстоўваючы рэсурсы інтэрнэту, дадатковую літаратуру, падручнік.

Гульня “Снежны камяк”

Работа ў групе пачынаецца з выканання індывідуальнага задання. Усе навучэнцы атрымліваюць аднолькавыя заданні і самастойна іх выконваюць. Пасля гэтага ідзе работа ў парах: навучэнцы прапаноўваюць свае спосабы рашэння дадзенага задання, з якіх выбіраецца лепшае.

Далей дзве пары аб’яд­ноў­ваюцца, і работа працягваецца ў групе з чатырох чалавек, дзе зноў адбываецца абмеркаванне рашэнняў і выбіраецца лепшае з іх. У канцы работы ўсе навучэнцы трап­ляюць у адну групу. На гэтым апошнім этапе рашэнні ўжо не абмяркоўваюцца, групы робяць паведамленні аб сваёй рабоце.

Гульня “Пазлы”

Настаўнік дзеліць тэму на некалькі частак так, каб кожная група атрымала сваю частку тэмы. Таксама ўсе групы атрымліваюць спіс неабходных крыніц або самі вучэбныя матэрыялы, з дапамогай якіх яны вывучаюць прапанаваную частку тэмы. Пасля вывучэння матэрыялу або выканання задання групы перафарміроўваюцца так, каб у кожную новую групу трапілі па 1 чалавеку з іншых груп.

Кожны член новай групы тлумачыць сваім новым калегам сваю частку тэмы, асновы якой ён вывучыў у складзе папярэдняй групы, і адказвае на зададзеныя пытанні. Па заканчэнні работы дзеці ро­бяць высновы.

Прыём “Зігзаг”, або метад пілы

Навучэнцы арганізуюцца ў групы па 4—5 чалавек для работы над вучэбным матэрыялам, які разбіты на фрагменты. Затым дзеці, якія вывучаюць адно і тое ж пытанне, але знаходзяцца ў розных групах, сустракаюцца і абменьваюцца інфармацыяй як эксперты па адпаведным пытанні. Гэта называецца “сустрэча экспертаў”. Затым яны вяртаюцца ў свае групы і вучаць усяму новаму, пра што даведаліся самі, іншых членаў групы. Тыя, у сваю чаргу, дак­ладваюць аб сваёй частцы задання (як зубцы адной пілы).

Заданні павінны быць такімі, каб дружная і зладжаная работа ўсіх членаў групы давала значна лепшы вынік, чым мог бы атры­маць кожны з удзельнікаў, калі б працаваў адзін.

Мэтазгодна выкарыстоўваць:

– заданні, якія патрабуюць выканання вялікага аб’ёму работы;

– заданні, якія патрабуюць разнастайных ведаў і ўменняў, усёй сукупнасцю якіх не валодае ні а дзін з вучняў паасобку, але валодае група ў цэлым;

– заданні на развіццё творчага мыслення, дзе патрабуецца генерыраваць максімальную колькасць арыгінальных ідэй;

– заданні, якія патрабуюць прыняцця рашэнняў, што непасрэдна тычацца будучай дзейнасці гэтай групы.

Змест работы павінен быць цікавы дзецям. Заданні павінны быць даступныя дзецям па ўзроўні складанасці, праблемныя, ствараць пэўныя пазнавальныя цяжкасці, прадастаўляць магчымасць для актыўнага выкарыстання наяўных ведаў.

У пачатковай школе можна прапанаваць дзецям простыя правілы сумеснай работы, з дапамогай якіх навучэнцы змогуць кантраляваць сябе і праводзіць рэфлексію. У 3—4-х класах такія правілы (або крытэрыі ацэнкі работы) вучні могуць выпрацоўваць самі.


Правілы сумеснай работы:

1) працаваць дружна: быць уважлівымі адзін да аднаго, ветлівымі, не адцягвацца на пабочныя справы, не перашкаджаць адзін аднаму, своечасова аказ­ваць дапамогу, выконваць указанні старэйшага;

2) працаваць па алгарытме (плане);

3) своечасова выконваць заданне: сачыць за часам, даво­дзіць пачатую справу да канца;

4) якасна выконваць работу (акуратна, без памылак), выконваць тэхніку бяспекі, эканоміць матэрыялы;

5) кожны ўдзельнік групы павінен умець абараняць агульную справу і сваю ў прыватнасці.

У заключэнне хачу даць некалькі парад па арганізацыі групавой і парнай работы:

– нельга прымушаць да агульнай работы дзяцей, якія не хочуць працаваць разам;

– варта дазволіць адсесці ў іншае месца вучню, які хоча працаваць адзін;

– групавая работа павінна займаць не больш за 15—20 хвілін у 1—2-х класах, не больш за 20—30 хвілін — у 3—4-х;

– нельга патрабаваць абсалютнай цішыні ў класе, бо дзеці павінны абмяняцца думкамі, перш чым прадставіць “прадукт” сумеснай працы. Няхай у класе існуе ўмоўны сігнал, які будзе паказваць на перавышэнне дапушчальнага ўзроўню шуму (на­прыклад, звычайны званочак);

– нельга караць дзяцей па­збаўленнем права ўдзельнічаць у сумеснай рабоце.

У групавой рабоце нельга чакаць хуткіх вынікаў. Не варта пераходзіць да больш складанай работы, пакуль не будуць прапрацаваны самыя простыя формы зносін. Неабходны час і практыка, разбор памылак. Гэта патрабуе ад настаўніка цярплівасці і карпатлівай работы.

Галіна МАЗУРА,
настаўніца пачатковых класаў Кямелішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.