Парад музеяў

- 10:50Культура

Сярод шматлікіх мерапрыемстваў нядаўняй XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі асабліва яркім быў парад музеяў, арганізаваны супрацоўнікамі аддзялення краязнаўства Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. На імправізаванай музейнай вуліцы выставачнага павільёна размясціліся стэнды музеяў устаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны. Педагогі і юныя экскурсаводы азнаёмілі наведвальнікаў выставы з багатай палітрай айчыннай музейнай педагогікі. Яшчэ парадам музеяў можна неафіцыйна назваць Міжнародны дзень музеяў. 18 мая кожны музей краіны, у тым ліку паўтары тысячы школьных, выглядае па-асабліваму ўрачыста, па-параднаму. Усе мы чулі пра чароўную ноч музеяў. Аднак чароўным можа быць не толькі ноч, праведзеная ў музеі, але і дзень, і раніца, і вечар. І чароўнасць гэтая не абмяжоўваецца толькі сённяшняй датай. Наведайце музей (можна заўтра, праз месяц, праз паўгода) — і вы ў гэтым пераканаецеся. У музеях нам заўсёды рады. Некалькі адрасоў падкажа рубрыка “Музейная педагогіка”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.