Пароль — Парнат

- 15:58Культура

Паступіць сюды няпроста, затое вучыцца — прэстыжна і вельмі цікава. Ужо амаль 60 гадоў вопытныя педагогі выхоўваюць таленавітых дзяцей у сталічнай Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.

Першапачаткова гімназія называлася Рэспубліканскай спецыялізаванай сярэдняй школай-інтэрнатам па музыцы і выяўленчым мастацтве. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося ў верасні 1962 года.

Таленту трэба дапамагаць

Зараз ніхто і не ўспомніць, каму першаму прыйшло ў галаву называць яе жартаўліва-паважліва Парнатам — па аналогіі з міфічнай свяшчэннай гарой Апалона (дзе, паводле легенды, жылі музы), змяніўшы канец слова на -нат, запазычаны, верагодна, у інтэрната. Назва прыжылася, і для шматлікіх выпускнікоў знакамітай установы адукацыі стала своеасаблівым паролем, што пацвярджае прыналежнасць да садружнасці “пасвячоных”.

Ішоў час, мяняўся статус установы, але нязменным заставаўся дух творчасці і высокай паэзіі ў музыцы, у спевах, у фарбах. Да нашых дзён гімназія-каледж мастацтваў першачарговай задачай лічыць развіццё здольнасцей адораных хлопчыкаў і дзяўчынак, будучых мастакоў і музыкантаў.

Навучэнцы з дзяцінства тут прывучаны захоплена і падоўгу працаваць, гадзінамі не адыхо­дзяць, скажам, ад фартэпіяна, здабываюць цудоўныя гукі са скрыпак і цымбалаў, па некалькі разоў перапісваюць нацюрморт або партрэт, каб натура ажыла на палатне. Нездарма выпускнікі, зараз ужо вядомыя музыканты, жывапісцы, скульптары, гаво­раць: “Галоўнае, чаму нас навучылі нашы настаўнікі, — гэта ўменне і жаданне натхнёна і шмат працаваць”.

На сённяшні дзень Парнат пакараюць каля 500 навучэнцаў. Акрамя спецыяльных, яны вывучаюць агульнаадукацыйныя дысцыпліны, жадаючыя папаўняюць любы з некалькіх узорных дзіцячых калектываў. Больш за 100 дзяцей атрымліваюць стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Звыш 180 юнакоў і дзяўчат з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, пераможцамі форумаў і выстаў.

Мастацтва нон-стоп

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Яўгенаўна Герасімовіч расказвае:

— Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка” не ­адзіная ў краіне, але па-свойму ўнікальная. Яна была адкрыта па ініцыятыве легендарнага Рыгора Шырмы.

Навучанне ў нас у асноўным на беларускай мове, у тым ліку ўсе агульнаадукацыйныя прадметы — матэматыка, фізіка, хімія і г.д. Толькі інфарматыка выкладаецца на рускай мове з-за складанасцей з тэрміналогіяй. Падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца па спецыяльнасцях “Жывапіс”, “Скульптура”, “Інструментальнае выкананне (па напрамках)”, “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”. Юныя таленты паступаюць у пачатковую школу (2—4 класы), затым пераходзяць у гімназію (5—9 класы) і, нарэшце, найбольш здольныя і мэтанакіраваныя — у каледж (1—3 курсы).

Дзяржава стварыла для вучобы ўнікальныя ўмовы. Светлыя, прасторныя вучэбныя класы і майстэрні, значная колькасць неабходных для заняткаў музычных інструментаў, абсталяванне і сама атмасфера ў гэтым храме мастацтваў на сталічнай вуліцы Макаёнка настройваюць на пакарэнне творчых вяршынь.

Па словах Людмілы Яўгенаўны, у гімназіі-каледжы працуе каля 230 настаўнікаў мастацкай, музычнай і агульнаадукацыйнай накіраванасці, усе яны сапраўдныя прафесіяналы. Нездарма практычна 60 працэнтаў навучэнцаў пасля заканчэння Парната паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Разам з дыпломамі астатнія выпускнікі атрымліваюць першае рабочае месца. Яны працуюць мастацкімі кіраўнікамі ў дзіцячых садах, кіруюць студыямі, творчымі калектывамі, выкладаюць у музычных школах.

— Каля 200 навучэнцаў, — працягвае Людміла Яўгенаўна, — пражываюць у спальных карпусах, іншымі словамі, у інтэрнаце, прычым фактычна бясплатна. Дзяржава забяспечвае дзяцей 4-разовым і зноў жа бясплатным харчаваннем. Старэйшыя, хто вучыцца ў каледжы, атрымліваюць стыпендыі, нярэдка павышаныя.

Дзеці, акрамя вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў, пасля абеду індывідуальна займаюцца музыкай ці выяўленчым мастацтвам. Гімназія-каледж мастацтваў для іх — другі дом. А ў кожны з 8 карпусоў, злучаных пераходамі, уключаючы два спальныя — для хлопчыкаў і дзяўчынак, яны могуць трапіць, не апранаючы вопратку…

Элітнае і любімае

…Кнігі, фатаграфіі, дыпломы навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў, якія адзначыліся на міжнародных конкурсах, і дзве цудоўныя жывапісныя работы — вялікі і яркі нацюрморт і абраз з выявай Георгія Перамаганосца — упрыгожваюць кабінет дырэктара ўстановы адукацыі Міхаіла Пазднікава. Вядома, што карціны напісаны знакамітым расійскім скульптарам і мастаком Зурабам Цэрэтэлі і падораны ад імя мэтра выпускнікам у знак удзячнасці.

Як і ўсе калегі, Міхаіл Аляксандравіч ганарыцца тым, што ў Парната такое слаўнае мінулае, знатныя выпускнікі і дастойная падрастаючая змена. Напрыклад, Ілья Волкаў, які стаў прызёрам на дзіцячым “Еўрабачанні” ў 2013 годзе.

— Вось яго фота з гэтага конкурсу, — паказвае дырэктар фатаграфію на сцяне. — Яшчэ адна наша дзяўчынка, Мілена Вольская, таксама ўдзельнічала там як бэк-вакалістка. Ілья быў вельмі артыстычным хлопчыкам, добра танцаваў, зараз працягвае адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

А гэта яшчэ адзін наш знакаміты вучань Дзяніс Ліннік. Яго з Мар’інай Горкі прывезла мама ў 2 клас. Ён займаўся на фартэпіяна, выступаў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Зараз ён піяніст, які гастралюе. На 55 гадоў з дня адкрыцця нашай установы адукацыі Дзяніс прыязджаў, даваў канцэрт з удзелам нашага аркестра. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат.

Гімназія-каледж мастацтваў заўсёды мела рэпутацыю элітнай навучальнай установы, дзе вучацца адораныя дзеці з усіх куткоў краіны. За час яе існавання тут падрыхтавана каля 2 тысяч спецыялістаў у галіне музычнага і выяўленчага мастацтва, многія з якіх сёння праслаўля­юць краіну.

І гэта, безумоўна, у першую чаргу, заслуга выдатнага калектыву педагогаў, упэўнена Людміла Герасімовіч:

— У нас ёсць людзі, якія працуюць у навучальнай установе звыш 40 гадоў. А настаўніку фізічнай культуры і здароўя Мікалаю Сляпцову, напрыклад, ужо за 80, ён узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Мікалай Мікалаевіч лічыць, што яго прадмет патрэбны ва ўсе часы і абсалютна ўсім. Такіх людзей з вельмі вялікім працоўным стажам у нас многа. Уявіць без іх Парнат проста немагчыма.

Уладзімір ПІСАРАЎ. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Працяг расказу пра будні Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка — у наступных нумарах “Настаўніцкай”.