Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж прымае самы актыўны ўдзел у руху WorldSkills. Яго навучэнцы выступаюць у розных кампетэнцыях, у тым ліку і ў кампетэнцыі “Візуальны мерчэндайзінг”.
Папярэдне па ініцыятыве кіраўніцтва ў каледж была запрошана Алена Уладзіміраўна Іванова, нацыянальны эксперт па гэтай кампетэнцыі, якая высока ацаніла бягучы ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў і правяла з трэнерамі і навучэнцамі інфармацыйны семінар. Сучаснасць ставіць асаблівыя патрабаванні да асоб, што заняты ў эканоміцы краіны: гэта павінны быць рознабакова падрыхтаваныя спецыялісты, якія валодаюць кампетэнцыямі на стыку розных галін. Менавіта візуальныя мерчэндайзеры і ёсць такія спецыялісты, якія сёння ўвасабляюць у сабе сучасныя рысы работнікаў з неабходным аб’ёмам ведаў, прафесійных якасцей і з’яўляюцца рухальнай сілай у гандлёвай сферы.
Спецыяліст па візуальным мерчэндайзінгу стварае экспазіцыі тавараў у вітрыне альбо ўнутры гандлёвай залы магазінаў і тым самым прываблівае людзей да пакупкі тавару, стварае пазітыўную атмасферу ў гандлёвай зале. Гэта спрыяе павелічэнню пакупніцкай здольнасці і максімальнаму продажу тавараў. Пры гэтым мерчэндайзер выкарыстоўвае ў сваёй рабоце веды з галіны рэкламы, маркетынгу, псіхалогіі, веданне трэндаў рынку, а таксама свае навыкі і ўменні мастацка-афарміцельскага плана.
Трэнер навучэнцаў і эксперт па гэтай кампетэнцыі Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Данута Сяргееўна Чэх-Астрашэўская, выкладчык, які крэатыўна мысліць, умее аб’яднаць любімай справай сваіх выхаванцаў. На яе занятках заўсёды пануе творчая атмасфера, якая спрыяе дасягненню канкурсантамі высокіх вынікаў. За час работы ў каледжы Данута Сяргееўна падрыхтавала звыш ста пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных аглядаў, конкурсаў і выстаў.
У майстэрні Дануты Сяргееўны створаны ўсе ўмовы для прафесійнага ўдасканалення і самаўдасканалення канкурсантаў: устаноўлены дзве вітрыны з падсветкай (споты) для адпрацоўкі мастацка-афарміцельскіх работ і навыкаў выкладкі тавараў, прынтар і камп’ютар з наборам спецыялізаваных графічных праграм і хуткасным доступам у інтэрнэт, стэнды для работы з рэкламнай плёнкай. Трэніроўкі праходзілі штодня, у тым ліку і ў час летніх канікул. Для аператыўнага абмену думкамі, ідэямі, фота- і відэаматэрыяламі Данута Сяргееўна стварыла чаты ў сацыяльных сетках, дзе канкурсанты выкладваюць скетчы, дошкі настрояў, гатовыя варыянты вітрын, а трэнер можа пры неабходнасці скарэкціраваць ход работы ці даць патрэбную параду.
Навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа канкурсантка ў кампетэнцыі “Візуальны мерчэндайзінг” Аліна Журыкава, шматразовая пераможца і лаўрэат гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, аглядаў, фестываляў, добра выступіла на конкурсе і паказала высокі вынік.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.