Педагагічная майстэрня “Пошук. Творчасць. Прафесіяналізм” у ГрАІРА аб’яднала вопытных педагогаў, пачынаючых спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі і студэнтаў адпаведнай спецыяльнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Мерапрыемства стала сапраўдным калейдаскопам арыгінальных і цікавых ідэй.
— Наша дашкольная ўстанова з 2016 года з’яўляецца абласным цэнтрам эфектыўных педагагічных практык па фарміраванні энергаэфектыўнага ладу жыцця, — падзялілася загадчыца дзіцячага сада № 45 Гродна Людміла Кушнірук.
Педагогі гэтай установы прадставілі аўтарскія дыдактычныя гульні і дапаможнікі. Напрыклад, з правіламі эканомнага выкарыстання цепла- і энергарэсурсаў выхаванцы знаёмяцца з дапамогай тэматычнага даміно і кубікаў, гульняў “Чацвёрты лішні”.
— Шмат напрацовак па відах альтэрнатыўных крыніц энергіі. І ўсё ж самы папулярны ў малышоў элемент тэматычных заняткаў — наша “энергаэфектыўная хата”: макет чатырохпакаёвай кватэры, дзе ўсе прадметы падчас заняткаў-гульні дзеці размяшчаюць разам з педагогам па прынцыпе лэпбука, — расказала Людміла Іванаўна.
Пра тое, як сфарміраваць і падтрымаць даследчую цікавасць у дашкалят, расказалі педагогі з Гальшанскага дзіцячага сада.
— Тры гады мы былі актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Развіццё даследчай кампетэнцыі выхавальнікаў дашкольнай установы ў рамках бесперапыннай адукацыі”, — адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Гальшанскага дзіцячага сада Наталля Скурновіч.
Ля стэндаў установы вельмі часта ўдзельнікі сустрэчы даставалі тэлефоны, каб сфатаграфаваць цікавыя ідэі. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся куфэрак даследчыка Знайкі: ярка аформлены кораб, які ўжо ў момант з’яўлення ў групе запэўнівае дзяцей, што сёння іх чакае нешта вельмі цікавае.
— Такі куфэрак напаўняецца ўсім неабходным для любых даследчых заняткаў і літаральна з першых мінут трымае ўвагу дзяцей у фокусе. А гэта палова поспеху, — патлумачыла Наталля Скурновіч.
Цікавая тактыльная распрацоўка для юных даследчыкаў — “Чароўны млын”. Пад дахам макета-млына дзеці знаходзяць слоічкі з крупамі і па прапанове выхавальніка навобмацак шукаюць адпаведныя зярняткі ў мяшочках побач. Напрыканцы гульні яны даведваюцца, ці правільна адгадалі матэрыял.
У размове закранулі і арганізацыю адукацыйнай дзейнасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прадстаўнікі спецыяльнага дзіцячага сада са Слоніма прадставілі карысную распрацоўку — электронную медыятэку інтэрактыўных плакатаў “Жураўлік ON-LINE”. Па прынцыпе “ў адным месцы і ў адзін час” знайсці тут можна больш за 20 інтэрактыўных плакатаў па розных лексічных тэмах. На рэсурсе размешчаны разнастайныя гульні, прэзентацыі і відэаролікі, картатэка фізкультмінутак і лагарытмічных практыкаванняў, пальчыкавых гульняў і загадак.
Са слоў намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці спецыяльнага дзіцячага сада Слоніма Алены Ярэміч, карыстаецца папулярнасцю ў калег і распрацаваны ва ўстанове інфармацыйна-метадычны партал “Спецыяльная адукацыя без меж”, які аб’ядноўвае назапашаны вопыт педагогаў па выкарыстанні ІКТ у адукацыйным і карэкцыйным працэсе.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара