Педагог-псіхолаг: пясочная тэрапія дапамагае дзіцяці выказаць тое, на што не хапае слоў

- 13:48Образование, Приложение, Психолог в школе

Сучасныя метады практычнай псіхалогіі прапануюць шырокі арсенал метадаў і тэхнік для работы спецыяліста. Адным з такіх метадаў з’яўляецца пясочная тэрапія. 

Гульні з пяском і цацкамі з’яўляюцца натуральным заняткам для дзяцей, таму выкананне заданняў прыносіць ім не толькі карысць, але і задавальненне.

У сваёй працы я актыўна выкарыстоўваю метад пясочнай тэрапіі. Прымяняю гэты метад у рабоце з навучэнцамі 1—6 класаў, а таксама ў рабоце з педагогамі і баць­камі. Пясок можа быць любы: кварцавы, рачны, пясок для шыншыл і нават манна. Сам метад пясочнай тэрапіі можа выкарыстоўвацца як самастойна, так і ў якасці дадатку да іншых відаў тэрапіі.

Не заўсёды дзеці ідуць на кантакт, а часам і зусім не могуць выказаць свае думкі словамі. Пясочная тэрапія дапамагае дзіцяці выказаць тое, на што не хапае слоў, пры дапамозе пяску, фігурак і вады, дапамагае сфарміраваць унутраны вобраз, схаваны ў падсвядомасці, і адлюстраваць яго на пясочным полi. Акрамя творчага працэсу і выдатнай трэніроўкі фантазіі, гульні з пяском дазваляюць стварыць мост ад несвядомага да свядомага, ад унутранага свету да знешняга, ад духоўнага да фізічнага.

У рамках шостага школьнага дня ў гімназіі працуе “Бацькоўскі клуб”. На занятках з дзецьмі і бацькамі выкарыстоўваю кінетычны пясок, паказваю, як праца­ваць з ім, а таксама знаёмлю бацькоў з метадамі зняцця напружання. Падчас сумеснай работы дзіцяці і аднаго з баць­коў умацоўваецца давер, наладжваецца кантакт і ўзаемадзеянне паміж імі. Работа з кінетычным пяском гарманізуе нервовую сістэму, знімае напружанне, супакойвае, паляпшае псіхічнае развіццё дзіцяці.

Заняткі пачынаюцца са знаёмства з пяском і яго ўласцівасцямі. З дзецьмі і бацькамі мы абмяркоўваем правілы работы з гэтым матэрыялам. Пасля гэтага даецца інструкцыя, напрыклад: стварыце герб сваёй сям’і. На заключным этапе работы абмяркоўваем іх гербы, сімволіку, якую яны выбралі, адчуванні, якія  ўзнiкалi ў працэсе стварэння, цяжкасці, з якімі сутыкнуліся, і падво­дзім вынікі заняткаў. Заняткі разлічаны на 45 хвілін.

Таксама ў сваёй рабоце выкарыстоўваю светлавы стол-планшэт для малявання пяском. Ён дапамагае вырашаць такія праблемы ў дзіцячым калектыве, як дзіцячыя страхі, няўпэўненасць у сабе, трывога, крыўдлівасць і многія іншыя. Таксама выкарыстоўваю светлавы стол-планшэт у рабоце з адоранымі дзецьмі.

У працэсе работы дзеці цалкам паглыбляюцца, уключаюцца ў гульню з пяском — эмацыянальна, псіхічна і фізічна. Такім чынам ствараюцца спрыяльныя ўмовы для праяўлення ў дзяцей дапытлівасці, канцэнтрацыі ўвагі, захопленасці, а таксама для развіцця фантазіі. З дапамогай метаду пясочнай тэрапіі ў залежнасці ад пастаўленай мэты фармірую ў дзяцей наступныя кампетэнцыі: камунікатыўныя, каштоўнасна-сэнсавыя, вучэбна-пазнавальныя.

Пясочнае поле і фігуркі выкарыстоўваю і для індывідуальнай работы. Кіруючы цацкамі, дзіця можа выка­заць свае пачуцці і эмоцыі, паказаць, як яно ставіцца да сябе, бацькоў і людзей, якія побач з iм, да пэўных падзей у яго жыцці, адлюстраваць, што яго турбуе або палохае. Прайграваючы хвалюючыя сітуацыі ў пяску, дзіця мяняе сваё стаўленне да гэтых сі­туацый.

Такім чынам, немагчыма пераацаніць карысць пясочнай тэрапіі ў рабоце з дзецьмі і дарослымі. Пясочная тэрапія дапамагае ўбачыць свой унутраны свет, разабрацца ў сабе, развівае навык самастойна знаходзіць выхад са складаных сітуацый, творчы патэнцыял, дорыць пачуццё камфорту і знімае мышачнае напружанне.

Юлiя ЯНКОЎСКАЯ,
педагог-псіхолаг гiмназii № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна,

магiстр псiхалагiчных навук,
спецыялiст першай квалiфікацыйнай катэгорыi
Фота з архiва гiмназii