Перспектыўныя напрамкі развіцця гістарычнай адукацыі былі абмеркаваны падчас круглага стала “Беларускі гістарычны часопіс: 30 гадоў у айчыннай гістарычнай навуцы і сістэме адукацыі”, які быў арганізаваны ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— ”Беларускі гістарычны часопіс” быў і застаецца для спецыялістаў-гісторыкаў прэстыжнай пляцоўкай для апублікавання вынікаў як навуковых даследаванняў, так і метадычных распрацовак. На працягу 30 гадоў калегі-гісторыкі — вучоныя і педагогі — маюць цудоўную магчымасць прэзентаваць вынікі сваёй работы ў школьным класе і ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, — заўважыла дырэктар НІА Валянціна Гінчук. — Варта адзначыць высокі навуковы ўзровень, навізну і актуальнасць матэрыялаў, якія публікуюцца ў гэтым выданні. З поўным правам яго можна назваць люстэркам развіцця беларускай гістарычнай навукі. Інфармацыя пра адкрыцці і дасягненні беларускіх гісторыкаў упершыню з’яўлялася менавіта на старонках часопіса. Так, тут убачыла свет першая канцэпцыя гісторыі Беларусі, упершыню друкавалася інфармацыя пра ўнікальныя знаходкі беларускіх археолагаў. Часопіс з’яўляецца эфектыўным сродкам зваротнай сувязі паміж навукай і адукацыйнай практыкай.
Галоўны рэдактар часопіса Аляксандр Корзюк расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці выдання і агучыў яго галоўныя прынцыпы: пераемнасць, канцэптуальнасць, прафесіяналізм.
Навукова-метадычны “Беларускі гістарычны часопіс” выдаецца з 1993 года, уваходзіць у пералік навуковых выданняў нашай краіны для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па гістарычных і юрыдычных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі. Часопіс адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і ідэалогіі. Асноўныя задачы выдання — прапаганда гістарычных ведаў, фарміраванне патрыятызму праз вывучэнне гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і навуковых кадраў краіны ў галіне гуманітарнай і гістарычнай адукацыі.
На старонках часопіса публікуюцца навуковыя, навукова-папулярныя, аналітычныя, метадычныя, інфармацыйныя матэрыялы айчынных і замежных вучоных, выкладчыкаў, аспірантаў, метадыстаў, настаўнікаў. Спалучэнне навуковых і метадычных матэрыялаў садзейнічае арганічнаму аб’яднанню тэарэтычных напрацовак і іх укараненню ў адукацыйны працэс. Значная частка матэрыялаў выдання прысвечана гісторыі Беларусі ва ўсіх яе аспектах, такіх як гісторыя беларускай дзяржаўнасці, палітычная, эканамічная, ваенная, сацыяльная гісторыя, гісторыя культуры і мастацтва і інш. Адметнае месца займаюць публікацыі пра гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра апошнія дасягненні айчыннай гістарычнай навукі, беларускі погляд на сусветную гісторыю.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца ідэйна-зместаваму ўзроўню выдання, інфармацыйнаму напаўненню рубрык “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, “Палітычная гісторыя”, “Ваенная гісторыя”, “Дзяржава і права”, “Знаходкі і адкрыцці”, “Людзі гістарычнай навукі”, “Краязнаўства”, “Методыка. Тэорыя”, “Методыка. Вопыт”, “Адукацыя ХХІ стагоддзя”, “Шлях у навуку” і інш.
Для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў на старонках часопіса рознабакова асвятляецца перадавы вопыт айчынных настаўнікаў па арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў пры вывучэнні прадметаў грамадазнаўчага цыкла, па ажыццяўленні краязнаўчай работы, правядзенні выхаваўчых, інтэлектуальных мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне грамадзянскай пазіцыі маладога пакалення, павагі і любові да Радзімы.
— Калі ўзяць увесь стос у 284 нумары вышынёй паўтара метра, то перад намі будзе прадстаўлена ўся панарама развіцця гістарычнай навукі ў Беларусі за час незалежнасці. Сёлета мы хочам абагульніць артыкулы, якія былі надрукаваны па шэрагу кірункаў, і пачаць стварэнне серыі пад умоўнай назвай “Бібліятэка “Беларускага гістарычнага часопіса”, — адзначыў Аляксандр Корзюк.
Галоўны рэдактар прэзентаваў прысутным “Настольную кнігу настаўніка гісторыі”, якая складаеццца з матэрыялаў, што друкаваліся ў часопісе. Гэта першае выданне падобнага тыпу ў нашай краіне. Яно вырасла з рубрыкі “Школа маладога настаўніка”, якая на працягу прыкладна 10 гадоў існавала ў часопісе. Абагульненыя, дапоўненыя парады, згрупаваныя па тэматычных блоках, насычаныя прыкладамі і ілюстрацыямі, зробяць дапаможнік незаменным сябрам настаўніка, мяркуюць выдаўцы.
Намеснік галоўнага рэдактара “БГЧ” Наталля Матусевіч азнаёміла прысутных з метадычным складнікам выдання, акрэсліла актуальную праблематыку публікацый, у прыватнасці фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці школьнікаў. Сёння па-ранейшаму актуальныя распрацоўкі сцэнарыяў урокаў “ад А да Я” (правільная пастаноўка мэты, арганізацыя рэфлексіі і г.д.), прычым як для пачынаючых педагогаў, так і для вопытных. “Каб віртуозна распрацаваць свой урок, варта павучыцца на лепшых узорах”, — мяркуе Наталля Матусевіч.
Педагогі — удзельнікі круглага стала адзначылі запатрабаванасць урокаў-практыкумаў, урокаў абагульнення вывучанага, урокаў краязнаўства.
Пра канцэпты акадэмічнай гісторыі ў змесце школьнай адукацыі расказаў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі НІА Сяргей Паноў. Шляхі фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці раскрыла старшы выкладчык кафедры педагогікі і прадметных методык МАІРА Аксана Колтан. Яна азнаёміла прысутных з варыянтамі выкарыстання метаду “Аналіз месца памяці”. Чатыры кейсы па развіцці ў навучэнцаў на ўроках гісторыі кампетэнцый XXІ стагоддзя — крытычнага мыслення, крэатыўнасці, камунікацыі, кааперацыі — прадставіла выкладчык кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі БДПУ Дар’я Субоціна.
Як фарміраваць вобразы гістарычнага мінулага, якія дазволяць зразумець гістарычную карціну, максімальна наблізіць рэальнасць да той ці іншай гістарычнай падзеі, расказала старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Галіна Давідоўская. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на шэрагу эфектыўных прыёмаў работы, сярод якіх прыём мультысенсорнага ўспрымання карціны, калі адбываецца перавод статычнай візуалізацыі ў інтэрактыўную, прыём “Арт-касплэй”, які дазваляе пагрузіцца ў эпоху і творчасць таго ці іншага мастака і выклікае цікавасць як у вучняў, так і ў педагогаў. Зацікавіла прысутных і стварэнне вобразаў на аснове сямейнага альбома, а таксама з дапамогай штучнага інтэлекту. Усе гэтыя прыёмы дазволяць настаўніку скараціць часавую прастору паміж гістарычнай падзеяй і сучаснасцю.
Падводзячы вынікі работы круглага стала, Валянціна Гінчук адзначыла, што ў найбліжэйшы час НІА прадаставіць часопісу матэрыялы для публікацыі. Па-першае, гэта вынікі галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Выхаванне праз навучанне”, якая рэалізоўвалася ў інстытуце, — распрацаваныя дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы, накіраваныя на рэалізацыю метапрадметных і асобасных вынікаў навучання, якія прапісаны ў вучэбных праграмах. Па-другое, гэта вынікі рэспубліканскай кантрольнай работы. Сёлета, як вядома, былі напісаны дзве рэспубліканскія кантрольныя работы ў 10 і 11 класах па гісторыі Беларусі. Мяркуецца, што такая рэспубліканская кантрольная работа пройдзе і ў наступным навучальным годзе ў 11 класе. Педагогам будзе карысна паглядзець, якія ёсць цяжкасці ў засваенні тых ці іншых элементаў зместу адукацыі. Любая рэспубліканская кантрольная работа суправаджаецца анкетай, падчас якой выяўляюцца цяжкасці педагогаў у навучанні прадмету. Вынікі анкетавання таксама будуць прадстаўлены, і па іх можна будзе арыентавацца на тэматыку далейшых публікацый. Трэці момант — нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі. У лістападзе 2023 года адбудзецца яго першы этап. Будуць правярацца чатыры віды дасведчанасці: прыродазнаўчанавуковая, матэматычная, чытацкая і фінансавая. А таму было б нядрэнна, каб з’яўляліся артыкулы і на тэму фарміравання ў навучэнцаў функцыянальнай дасведчанасці на ўроках гісторыі і грамадазнаўства.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара