У створаным у Старых Дарогах віртуальным музеі археалогіі можна знайсці многа цікавай інфармацыі аб горадзе і раёне, пачынаючы з бронзавага веку, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Працавалі над яго стварэннем педагогі і навучэнцы мясцовай сярэдняй школы № 2. Каб зрабіць музей напоўненым і максімальна карысным, збіралі інфармацыю пра самыя значныя археалагічныя адкрыцці ў Старадарожскім раёне. Так, дзякуючы актыўным пошукам былі знойдзены фотаздымкі старажытнарускага мяча і польска-венгерскай шаблі, старажытных бранзалетаў, пярсцёнкаў і інш.
— Мы шукалі даныя пра археалагічныя раскопкі ў розныя часы, — расказаў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Віталь Юрэвіч. — Дагэтуль у нас такой інфармацыі не было. Затое сёння ведаем, якія даследчыкі займаліся вывучэннем нашай мясцовасці ў ХІХ—ХХ стагоддзях, і ведаем, што цікавага ім пашанцавала знайсці. Такім чынам, музей дазваляе ўбачыць і даведацца, што адбывалася на нашай тэрыторыі на працягу многіх стагоддзяў.
Віртуальны музей унікальны тым, што ў ім захоўваюцца рэдкія архіўныя выпіскі, карты і іншыя дакументы, якія расказваюць пра гісторыю Старадарожскага раёна.
Наталля САХНО





