Перагортваем старонкі педагагічнай паэмы разам з Лізаветай Ільяковай, якая адзначыла 90-гадовы юбілей

- 12:15Образование: взгляд через эпохи

Напярэдадні навучальнага года пад авацыю ўдзельнікаў і ганаровых гасцей канферэнцыі работнікаў адукацыі і навукі Першамайскага раёна Віцебска Лізавета Ільякова атрымала падзяку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароду ветэрану педагагічнай працы ўручыла яе вучаніца, а цяпер рэктар ВАІРА Вольга Лапацінская. Літаральна праз гадзіну ў гімназіі № 8 абласнога цэнтра пачнецца свята ў гонар Лізаветы Мікалаеўны. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з юбілярам пра шлях у прафесіі, школу кіравання, сакрэты даўгалецця і настаўніцкае шчасце.

Школа — маё жыццё

— Лізавета Мікалаеўна, чаму вы ў юнацтве вырашылі стаць настаўніцай?

— Па вялікім уласным жаданні і сямейнай традыцыі. У нашай дынастыі я дзявяты па ліку педагог. Сярод родных многа настаўнікаў, ёсць і дырэктар школы. Гэта ўсё ў Расіі, а мне па волі лёсу другой радзімай стаў Віцебск. Прыехала сюды, калі замуж выйшла — мой муж быў ваеннаслужачы. Працавала настаўніцай, потым завучам пачатковых класаў і дырэктарам паслядоўна дзвюх школ-новабудоўляў, 33-й і 37-й. Фактычна ўводзіла ў строй тры школы: дзве названыя на дырэктарскай пасадзе і раней яшчэ 23-ю. Проста там кіраўніка не адразу прызначылі, завуча не было, у чыю адказнасць уваходзіла б весці пытанні будаўніцтва, і мне, завучу пачатковых класаў, давялося ўзяць клопат на сябе. Заадно асвоіла некалькі будаўнічых спецыяльнасцей.

— Што для вас азначаюць словы «педагагічная дзейнасць»?

— Успомнілася мне гісторыя. Мужа тады па службе накіравалі ў групу савецкіх войск у Германіі. Здарылася так, што ён захварэў і яго адправілі на лячэнне ў Маскву. Я з дзіцем на руках засталася за мяжой, нам не было на што жыць. Таму, насуперак усяму, паехала ў наша галоўнае палітычнае ўпраўленне пад Берлінам, дзе папрасіла даць мне работу або дазвол на выезд у Савецкі Саюз. «Няма вакансій па вашай спецыяльнасці, — кажуць. — А вы што-небудзь яшчэ ўмееце?» «Не, — адказваю. — Акрамя школы, нічога не ўмею. Гэта маё жыццё». Відаць, цяпер не паўтарыла б «нічога не ўмею» — многаму, што не мае прамога дачынення да школы, навучылася. Але аснова асноў нязменная: педагагічная дзейнасць — маё жыццё.

— Трымаеце сувязь са сваімі выпускнікамі?

— Ды якую! Ведаеце, мне часам задаюць пытанне пра даўгалецце: у чым сакрэт? У мяне багата довадаў, і адзін з іх — я вельмі адчуваю пазітыўную энергетыку людзей, з кім працавала і каго вучыла. Сярод іх нямала педагогаў, вучоных, кіраўнікоў, у тым ліку ўстаноў адукацыі. Двое маіх вучняў на педагагічнай канферэнцыі выступалі ў якасці ганаровых гасцей: рэктар ВАІРА Вольга Лапацінская і намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. Некаторыя мае вучні ўжо самі на заслужаным адпачынку. Медыкаў многа. Напрыклад, Сяргей Фядзянін — прафесар кафедры шпітальнай хірургіі ў ВДМУ, мы трымаем сувязь. Па стане здароўя час ад часу я бываю ў медустановах. Ніколі ні да каго са сваіх выпускнікоў па нейкую персанальную дапамогу не звярталася. Аднак, дзе б ні апынулася, ідуць па калідоры людзі ў белых халатах – і спыняюцца, вітаюць мяне, дзякуюць, што дала ім пуцёўку ў жыццё.

З Міхаілам Волкавым у адным калектыве доўга працавалі: я дырэктарам, ён — настаўнікам матэматыкі. Геніяльны педагог! Аднак жа з характарам. Калі ўпэўнены, што яго рашэнне правільнае, то не саступіць. Мы з ім сварыліся амаль штомесяц па рабоце. Разам з тым па жыцці гэта чалавек з тых, пра каго коратка кажуць — сапраўдны. Зноў жа, трымаем сувязь. Шчыра кажу: ніводнага дня не мінае, каб я кагосьці з вучняў і калег не сустрэла, каб хтосьці не сказаў добрыя словы, хаця на рабоце я была строгая. А можна, раскажу, як я дрэнна пачынала?

Педагагічная загартоўка

— А раскажыце!

— Прыехала ў Віцебск летам. Далі мне загад у 19-ю школу ісці настаўніцай пачатковых класаў, мне тады яшчэ курс заставалася вучыцца на гістарычным факультэце ў Ліпецку. Ва ўстанове два першыя класы фарміруюць. Мне адзін аддаюць, другі — вопытнаму педагогу з напрацаваным аўтарытэтам. Зразумела, большасць бацькоў імкнецца, каб дзеці ў яго вучыліся. У выніку зачытвае завуч спісы: у маім 1-м «Б» каля 30 вучняў, у 1-м «А» — звыш 40. Як павялі мы дзяцей у клас, век не забуду. За калегай рухаецца вялікі атрад, а за мной, па маіх уражаннях, зусім кароценькі. Таты з мамамі за намі крочаць. Прыйшлі, я тварам у рукі на стале ўткнулася і расплакалася наўзрыд. Першакласнікі ў жаху, у бацькоў вочы вялікія. Цішыня, маўчанне. Потым адна з жанчын не вытрымала: наблізілася да мяне, спытала, што мяне так засмуціла. «Палова маіх збегла ў паралельны клас, — вымавіла ў роспачы. — Яны не хочуць у мяне вучыцца!» Бацькі, за імі вучні пачалі суцяшаць. Неяк узяла сябе ў рукі. І найпершай маёй мэтай стала даказаць: я невыпадковы ў школе чалавек.

— Мяркуючы па тым, што праз год работы вас прызначылі завучам пачатковых класаў, атрымалася?

— Напэўна. Праўда, напачатку зноў атрымала пілюлю. Памятаю, выходжу за дзверы пасля таго, як мяне прадставілі на новай пасадзе, і раптам чую з’едлівы каментарый калегі: «Ды хто яна такая! З вёскі прыехала, ды яшчэ будзе нас кантраляваць!» Прыдумала, што рабіць. Акрамя іншага, у класных журналах глядзела тэмы заўтрашніх урокаў у настаўнікаў і сама рыхтавалася да кожнага. Наведвала заняткі, дасведчана з пункту гледжання методыкі разбірала. Паступова пераканала калег у сваёй кампетэнтнасці. Недаверлівая педагог таксама пачала мяне паважаць. Між іншым, наш вопыт быў прадстаўлены ў экспазіцыі школы на ВДНГ у Маскве. Вярнулася я дадому з медалём удзельніцы гэтай усесаюзнай выставы — адна з першых маіх значных узнагарод.

За перамогу — паркет

— Якія з узнагарод за працу ў сістэме адукацыі самыя каштоўныя для вас?

— Даражу граматамі Міністэрства Узброеных Сіл СССР (у групе савецкіх войск у Германіі) і Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за метадычную работу, знакамі выдатніка адукацыі БССР і СССР. Безумоўна, ганаруся дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Хаця мой першы Чырвоны Сцяг, таксама дарагі і памятны, быў пераходны. З калектывам 33-й школы заслужылі яго за перамогу ў гарадскім спаборніцтве сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Звычайна новай установе патрабуецца пэўны час, каб пачаць эфектыўна працаваць. Мы ж практычна са старту дэманстравалі высокія вынікі, на другі год работы нас прызналі лепшай школай у горадзе. У мяне, дырэктара, запыталіся: што хацелася б, акрамя сімвала лідарства — Чырвонага Сцяга,  у якасці матэрыяльнай часткі ўзнагароды? Я марыла пакласці паркет на трэцім паверсе, у чым і прызналася. Мае намеры падтрымалі. Нам выдзелілі 300 кв. м. паркету — усё, што мелася тады ў абласных фондах.

— Навошта ў школе паркет, нібы ў палацы?

— У выхаванні няма дробязей, аб эстэтыцы і прыгажосці неабходна пастаянна клапаціцца, і кіраўніку найперш. У цэлым, галоўныя для мяне ўзнагароды — чалавечая ўдзячнасць і разуменне: мне насамрэч многае ўдалося зрабіць для развіцця адукацыі. Яшчэ дабаўлю сюды магчымасць на працягу жыцця пазнаёміцца, разам працаваць, сябраваць з такімі аднадумцамі, з якімі быць поруч — свята, падарунак лёсу.

— Калі згадаць падарункі ад вучняў і калег — якія найбольш запамінальныя?

— За працоўны перыяд каштоўных падарункаў ніколі не прымала ні ад дзяцей, ні ад бацькоў, ні ад настаўнікаў. На пенсіі сітуацыя змянілася: атрымліваю падарункі да кожнай чырвонай даты. Людзі памятаюць мяне, стараюцца парадаваць — дзякуй за гэта. Лепшым для мяне заўсёды былі і застаюцца кнігі. Штодзень не менш за 2—3 гадзіны я чытаю. Каб зменшыць нагрузку на вочы, размяркоўваю чытанне на 3 этапы ў дзень. Беражліва захоўваю выданні з даравальнымі подпісамі. Зараз на маім стале «Мудрыя выказванні жанчын свету», што некалі падарыла Вольга Лапацінская. Такія кнігі хочацца і карысна перыядычна перачытваць, удумвацца ў кожны радок.  

Школа кіравання

— Што неабходна дырэктару, каб сфарміраваць дружны і паспяховы педкалектыў?

— Якраз 4 верасня збіраюся ў сваю школу, цяпер гэта гімназія № 8. Там ладзяць свята, будуць мяне віншаваць з юбілеем. Задумвалася, што пажадаць параўнальна нядаўна прызначанаму дырэктару Ігару Шалапуху. Найперш параю выбудоўваць і ўмацоўваць падмурак пачатковай школы. Надзвычай важная метадычная работа. Не бывае так, каб скончыў інстытут — і гатова: настаўніку трэба кожны дзень вучыцца. Падчас майго дырэктарства мы з педагогамі-энтузіястамі шырока разгарнулі метадычную работу. У прыватнасці, настаўнікі арганізавалі семінар «Творчая асоба: як яе выхаваць?» Гэта была наша эксперыментальная лабараторыя, дзе акумуляваліся і нараджаліся навацыі, эфектыўныя адукацыйныя мадэлі і падыходы па кожным профілі навучання. Разам выпрацоўвалі стратэгію развіцця. Калі трывала наладзілі ўзаемадзеянне з вышэйшай школай, нашым настаўнікам фактычна не патрабавалася павышэнне кваліфікацыі, бо ў нас штодзень была вучоба. Не раз мы выступалі ў ролі рэспубліканскіх эксперыментальных і інавацыйных пляцовак.

Лізавета Ільякова разам са сваёй пераемніцай на дырэктарскай пасадзе — ветэранам педагагічнай працы, заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь Раісай Грабоўскай і цяперашнім дырэктарам гімназіі № 8 Віцебска Ігарам Шалапухам

— Вельмі важны аспект — кадры…

— Мне шчасціла ў жыцці з калектывамі, якія ўзначальвала. Педагогі ішлі за мной, прычым не толькі ў пераносным сэнсе. Прызнацца, з 23-й у 33-ю школу за мной перайшла амаль трэць настаўнікаў, з 33-й у 37-ю — і таго больш. Можа, не зусім добры прыклад, але людзі прасілі — я не змагла адмовіць. Менавіта вакол гэтых прафесіяналаў фарміраваліся эфектыўныя педагагічныя каманды, якія задавалі тон на прасторы горада, вобласці, рэспублікі. Яшчэ важна пастаянна самаўдасканальвацца, мы над гэтым многа працавалі. Калі сустракаюся са сваімі настаўнікамі, мне прыемна чуць іх водзывы: «Школа кожны дзень узнімала нас на новую прыступку і тэарэтычна, і метадычна».

— Чаму сярод вашых выпускнікоў столькі медыкаў?

— З 1984 па1998 г. я ўзначальвала 37-ю школу і створаны на яе базе ліцэй № 1. Установа адукацыі выйшла ў лепшыя спачатку ў горадзе, затым у вобласці і па многіх напрамках работы — у рэспубліцы. Мы наладзілі плённае ўзаемадзеянне з віцебскімі ВНУ. Задумаліся над актуальным сёння пытаннем — арганізацыяй профільнага навучання. Першымі заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з медуніверсітэтам, у 1987 г. адкрылі біёлага-хімічныя класы. Я з’ездзіла ў Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя і дабілася дазволу на правядзенне сумешчанага інтэграванага экзамену. Гэта быў першы такі вопыт у Беларусі і сенсацыя ў вобласці, калі наш профільны 11-ы клас у поўным складзе (25 чалавек) паступіў ва ўніверсітэт і склаў цэлую групу лячэбнага факультэта.

— Ці ўсе з іх сталі ўрачамі?

— Так. Яны пацвердзілі спачатку паспяховай вучобай, потым працай і жыццём зроблены ў школе выбар. Па аналагічнай сістэме праз 2 гады адкрылі матэматычныя класы, затым — англійскія і гуманітарныя; адпаведна заключылі дагаворы з тэхналагічным універсітэтам і педінстытутам імя С.М. Кірава (цяпер ВДУ імя П.М. Машэрава). Нарэшце, абмеркавалі ў калектыве і звярнуліся да кіраўніцтва з ініцыятывай працягнуць эксперымент: адкрыць ліцэй.

Праз церні да зорак

— Ідэю наверсе падтрымалі?

— Давялося ў розныя дзверы пастукацца. Мне паслядоўна адмовілі ў райвыканкаме, гарвыканкаме і аблвыканкаме. Прычына была адна: «Ільякова вырашыла сабраць лепшыя розумы горада, а куды падзець троечнікаў?!» Са мной у аблвыканкам хадзілі трое прарэктараў, але і разам пераканаць адказнае начальства нам не ўдалося. На эмоцыях прарэктар з педінстытута нават прапанавала: «Прыходзьце заўтра да нас, напішам разгромны артыкул у «Настаўніцкую», газета дапаможа».

— Была публікацыя?

— З павагай адношуся да галіновага выдання, па гэты дзень чытаю кожны нумар. Аднак тады адмовілася, бо не граміць было мэтай, а ствараць. Тут выйшаў з водпуску старшыня райвыканкама, у першай інстанцыі рашэнне прымалі без яго. Вось ён мяне грунтоўна падтрымаў і навучыў, куды паехаць, з кім сустрэцца, што і як гаварыць. У выніку вярнулася з Мінска з дазволам Міністэрства адукацыі, пацвярджэннем Міністэрства аховы здароўя. Так нарадзіўся знакаміты ліцэй. Мы на ўсю краіну гучалі як № 1: быць лідарамі ў прафесіі і грамадскім жыцці, наватарамі і творцамі ператварылася ў стыль жыцця настаўнікаў. Яны станавіліся зоркамі на адукацыйнай прасторы і запальвалі зоркі сваіх вучняў.

Настаўніцкае шчасце

— Па-вашаму, у чым заключаецца настаўніцкае шчасце?

— У першую чаргу варта казаць пра чалавечае шчасце. Кожнаму неабходна быць шчаслівым у сям’і, ва ўзаемадзеянні з соцыумам. У выпадку з настаўнікам тады гэтая цёплая энергія перадаецца ад яго дзецям. Шчасце педагога — умець навучыць дзіця, каб яно раскрылася ў тым станоўчым, да чаго здольнае. Каб выгадаваць з вучня пераемніка, лепшага за цябе. Прафесійнае шчасце — задавальненне вынікам работы. Шчасце ў тым, каб ты сам быў запатрабаваны. Вось гэтую запатрабаванасць я моцна адчуваю: столькі гадоў ужо не працую, а да мяне не толькі калегі, але і бацькі навучэнцаў па парады звяртаюцца. У мяне добрая сям’я, родныя ў любой сітуацыі побач. Я 46 гадоў пражыла з мужам, многа з ім падарожнічала. Зараз гэтым не здзівіш, а я дзякуючы яму ў 17 краінах пабывала, і гэта мне дапамагала ў рабоце. У мяне шырокае кола добрых знаёмых, сяброў-аднадумцаў. Таму я шчаслівы чалавек і шчаслівы настаўнік.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара