Перанос чэмпіянату пойдзе на карысць

- 12:15World Skills

Асацыяцыя WorldSkills International афіцыйна аб’явіла аб пераносе 46-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Shanghai 2021 на адзін год у сувязі з пандэміяй СOVID-19. Такім чынам, спаборніцтва будзе праведзена ў Шанхаі (Кітай) у 2022 годзе. У чэмпіянаце мяркуецца ўдзел больш чым 1400 удзельнікаў з 60 краін свету.

У сваім каментарыі Наталля Міхайлаўна Шаўчэнка-Саўлакова, начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва РІПА, менеджар развіцця руху WorldSkills у Беларусі, паведаміла, што ў сувязі з пераносам чарговага міжнароднага чэмпіянату для канкурсантаў спаборніцтва WorldSkills Shanghai 2022 бу­дзе павялічаны на 1 год узроставы ліміт. У спаборніцтвах у 2022 годзе змогуць пры­няць уд зел канкурсанты ва ўзросце да 23 (раней да 22) гадоў. Па некаторых высокатэхналагічных кампетэнцыях, якія ўвойдуць у пералік чэмпіянату 2022 года, змогуць удзельнічаць канкурсанты ва ўзросце да 26 гадоў (раней да 25). Усе тыя ўдзельнікі, што перамаглі ў Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства гэтага года, будуць мець магчымасць паўдзельнічаць у міжнародным чэмпіянаце 2022 года. Яны будуць працягваць рыхтавацца да гэтага спаборніцтва, як і планавалася, толькі тэрмін падрыхтоўкі павялічыцца, з улікам чаго будзе адкарэкціравана яе праграма.

У наступным годзе будзе ўзмоцнена работа па развіцці руху WorldSkills у дыстанцыйнай форме. Гэты фармат будзе прэваліраваць. Ён пацвердзіў сваю прадукцыйнасць у гэтым годзе, у перыяд пандэміі, асабліва ў частцы супрацоўніцтва з іншымі краінамі. Напрыклад, нашы навучэнцы, эксперты, педагогі сумесна з прадстаўнікамі Расійскай Федэрацыі супрацоўнічалі пры правядзенні мерапрыемстваў на прыкладзе летніх лагераў. Дыстанцыйны фармат будзе ўжывацца падчас прафесійнай падрыхтоўкі канкурсантаў, пры абмене вопытам экспертаў, правядзенні міні-конкурсаў, прафесійных проб і інш. Такім чынам можна будзе стварыць агульную дыстанцыйную платформу для ўсіх удзельнікаў руху WorldSkills Belarus сумесна з замежнымі партнёрамі. 2021 год стане рэзервовым для падрыхтоўкі канкурсантаў. Перанос міжнароднага чэмпіянату з 2021 на 2022 год паўплывае на ссоўванне на год і іншых мерапрыемстваў, якія планавалася правесці пад эгідай WorldSkills. 2021 год будзе напоўнены новымі мерапрыемствамі, якія будуць звязаны з гэтым рухам. Навучальным установам прапануюць новы фармат развіцця руху і падрыхтоўкі канкурсантаў, які апрабуюць у наступным годзе. Пасля правядзення сёлетняга чэмпіянату прафесійнага майстэрства была ўзмоцнена работа з інфармацыйнымі партнёрамі, якія задзейнічаны ў піяр-кампаніі па папулярызацыі руху WorldSkills і рабочых прафесій сярод моладзі.

Інфармацыйны партнёр WorldSkills Беларусь — “Выдавецкі дом “Праф-Прэс” Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і партал 1prof.by — раскажуць пра сучасныя прафесіі ў рамках новага праекта “WorldSkills — білет у будучыню”. Героямі матэрыялаў стануць пераможцы IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “WorldSkills Belarus 2020”. У рамках еўрапейскага праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” плануецца ствараць матэрыялы пра развіццё руху ў нашай краіне, яго герояў, навучэнскую моладзь, якая выбрала рабочыя прафесіі.

Традыцыйна ў канцы года прадстаўнікі краін — удзельніц Асацыяцыі WorldSkills International збіраюцца на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі для абмеркавання стратэгіі развіцця міжнародных конкурсаў WorldSkills. Сёлета такая сустрэча прайшла ў рэжыме відэаканферэнцыі. Перш-наперш на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі віталі тыя краіны, якія сталі новымі членамі Асацыяцыі WorldSkills International. У іх ліку Азербайджан, Кенія і Узбекістан. Такім чынам, ужо 85 краін свету ўваходзяць у склад гэтай арганізацыі і з’яўляюцца ўдзельнікамі глабальнага руху прафесійнага майстэрства. Асноўнымі пытаннямі для абмеркавання ўдзельнікамі пасяджэння Генеральнай Асамблеі сталі пытанні правядзення нацыянальных і міжнародных чэмпіянатаў WorldSkills ва ўмовах эпідэмічнай сітуацыі. Вымушаная ізаляцыя патрабуе развіцця дыстанцыйных форм зносін і выкарыстання новых фарматаў правядзення конкурсу. Дыстанцыйны, размеркавальны фарматы сёння ўжо выкарыстоўваюцца рознымі краінамі свету ў правя­дзенні мерапрыемстваў пад эгідай WorldSkills. Для больш маштабных спаборніцтваў, якім з’яўляецца міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства, такія фарматы менш прымальныя. Таму было прынята рашэнне асамблеі аб пераносе чэмпіянату, які планаваўся адбыцца ў Шанхаі ў 2021 годзе. Папярэдне разам з усімі зацікаўленымі асобамі ўдзельнікі пасяджэння асамблеі разгледзелі розныя сцэнарыі правядзення мерапрыемства з улікам верагодных рызык. У выніку, узяўшы пад увагу існуючыя фактары, абгрунтаваныя прагнозы, вопыт правядзення падобных мерапрыемстваў, яны прыйшлі да высновы адмяніць чарговы чэмпіянат. Асацыяцыя WorldSkills International лічыць, што загадзя прынятае рашэнне аб пераносе чэмпіянату — найлепшы варыянт, які дазваляе кожнай краіне ўжо зараз планаваць мерапрыемствы WorldSkills, ствараць новы фармат падрыхтоўкі ўдзельнікаў наступнага міжнароднага спаборніцтва. WorldSkills China і непасрэдна муніцыпалітэт Шанхая, дзе ў 2021 годзе планавалася правесці 46-ы Міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства, з разуменнем успрынялі перанос спаборніцтва. Канчатковая дата WorldSkills Shanghai 2022 яшчэ не зацвер­джана, аднак папярэдне мяркуецца, што чэмпіянат пройдзе ў перыяд з кастрычніка па лістапад 2022 года. Як раней паведамлялася, у Кітаі вялася работа па стварэнні музея, прысвечанага руху WorldSkills. Яго адкрыццё хацелі прымеркаваць да 46-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills. Як высветлілася, кітайскія калегі вырашылі не пераносіць гэтую падзею і прысвяціць адкрыццё музея іншай даце — музей будзе адкрыты ў 2021 годзе ў гонар 70-годдзя руху WorldSkills, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.

Рашэнне аб пераносе чарговага міжнароднага чэмпіянату падразумявае перанос на адзін год усіх наступных мерапрыемстваў WSI. Так, Міжнародны чэмпіянат WorldSkills Lyon 2023, які планаваўся адбыцца ў Францыі, пройдзе там у 2024 годзе. Арганізатары WorldSkills France і непасрэдна WorldSkills Lyon 2023 з разуменнем паставіліся да прынятага рашэння Генеральнай Асамблеі і маюць намер з яшчэ большай стараннасцю рыхтавацца да спаборніцтва з улікам існуючых фактараў.

Па прызнанні Крыса Хамфрыса, прэзідэнта і старшыні Савета WSI, 2020 год паставіў на паўзу нацыянальны рух WorldSkills. У большасці краін ён быў замаруджаны або адкла­дзены. Адбор і падрыхтоўка каманд WorldSkills Shanghai 2021 праходзілі не ў поўную сілу. У краінах пачалі планаваць правядзенне альтэрнатыўных спаборніцтваў і праграм анлайн-падрыхтоўкі, каб працягваць далучэнне моладзі да атрымання прафесійнай адукацыі.

Як вядома, Беларусь — адна з нямногіх краін, якой удалося правесці ў гэтым го­дзе поўнамаштабнае нацыянальнае спаборніцтва WorldSkills Belarus, што было станоўча ацэнена міжнароднай супольнасцю. Выступаючы на пасяджэнні Асамблеіі WorldSkills International, Дэвід Хоўі, генеральны дырэктар WorldSkills International, запэўніў, што, не зважаючы на эпідэмічныя наступствы, удасканаленне прафесійнага майстэрства будзе працягвацца, як і развіццё прафесійнай адукацыі і адукацыйнай прасторы, а таксама ў цэлым эканомікі і сацыяльнай сферы. Гэта няспынны працэс, у авангардзе якога павінна стаяць моладзь нашых краін, дэманструючы свае веды і ўменні на глабальнай платформе прафесійнага майстэрства.

У сферы руху WorldSkills 2021 год закліканы стаць годам інавацый у сістэме прафесійнай адукацыі кожнай з краін — удзель­ніц Асацыяцыі WorldSkills International, пашырэння нацыянальных пляцовак па развіцці руху WorldSkills, развіцця новых форм прафарыен­тацыйнай работы, далучэння моладзі да прафесійнай падрыхтоўкі па рабочых прафесіях, удасканалення прафесійнага майстэрства. У наступным го­дзе будуць выбудоўвацца новыя стратэгіі і камунікацыі руху WorldSkills, праводзяцца шматлікія піяр-кампаніі з мэтай прыцягнення да гэтага руху ўсё новых і новых маладых людзей, экспертаў, педагогаў, навучальных устаноў, каб працоўныя рэсурсы краін свету папаўняліся новымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў тым ліку і за кошт WorldSkills, каб моладзь магла прафесійна сарыентавацца і выбраць тую прафесію, што найбольш запатрабавана сацыяльна-эканамічным комплексам. Таму і надалей будзе весціся актыўная работа па прасоўванні руху WorldSkills.

Ала КЛЮЙКО.