Дзейнасць школ непарыўна звязана з апрацоўкай персанальных даных вучняў і іх бацькоў. З гэтай нагоды ў Нацыянальным цэнтры абароны персанальных даных склалі спецыяльны чэк-ліст. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Згодна з Законам аб абароне персанальных даных, усе ўстановы адукацыі з’яўляюцца аператарамі, на якіх ускладзены абавязак прыняць меры па забеспячэнні абароны персанальных даных.
У невялікім чэк-лісце “Абарона персанальных даных ва ўстанове адукацыі: важныя правілы” пералічаны ключавыя моманты, якія дапамогуць сістэматызаваць дзейнасць у абазначаным кірунку.
1. Неабходна прызначыць асобу, адказную за ажыццяўленне ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных, унесці неабходныя дапаўненні (змяненні) у службовую інструкцыю гэтага работніка.
2. Скласці і падтрымліваць у актуальным стане рэестр апрацоўкі персанальных даных.
3. Распрацаваць і зацвердзіць:
- палажэнне аб арганізацыі ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных;
- дакументы, якія вызначаюць палітыку ў дачыненні да апрацоўкі персанальных даных;
- парадак доступу да персанальных даных, у тым ліку да тых, што апрацоўваюцца ў інфармацыйным рэсурсе.
4. Унесці змяненні ў службовыя абавязкі асоб, якія апрацоўваюць персанальныя даныя.
5. Азнаёміць работнікаў і іншых асоб, якія непасрэдна ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных ва ўстанове, з палажэннямі заканадаўства аб персанальных даных.
6. Запланаваць і арганізаваць навучанне асоб, адказных за ажыццяўленне ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных, і асоб, якія непасрэдна ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных.
Патрабаванні да арганізацыі навучання па пытаннях абароны персанальных даных асоб, адказных за ажыццяўленне ўнутранага кантролю за апрацоўкай персанальных даных, а таксама асоб, якія непасрэдна ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных, устаноўлены падпунктам 3.3 пункта 3 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.10.2021 № 422 “Аб удасканаленні мер па абароне персанальных даных”.
Акрамя таго, установам адукацыі як аператарам неабходна забяспечыць рэалізацыю іншых прававых, арганізацыйных і тэхнічных мер, прадугледжаных законам. Напрыклад, распрацаваць форму згоды для выкарыстання ў тых выпадках, калі прававой падставай апрацоўкі персанальных даных выступае згода, арганізаваць фіксацыю і захоўванне інфармацыі аб прадастаўленні персанальных даных трэцім асобам (гэта могуць быць журналы, калі інфармацыя прадастаўлялася ў пісьмовым выглядзе, сістэма лагіравання ў інфармацыйным рэсурсе (сістэме) і г.д.).
Установы адукацыі цікавяць пытанні, звязаныя з выбарам прававой падставы апрацоўкі персанальных даных навучэнцаў для тых ці іншых мэт. У Нацыянальным цэнтры абароны персанальных даных абагульнілі такія запыты. У выніку атрымалася своеасаблівая памятка.
Згода на апрацоўку персанальных даных установе адукацыі не патрабуецца:
- для залічэння ва ўстанову адукацыі;
- для забеспячэння адукацыйнага працэсу;
- у мэтах ажыццяўлення навучання і выхавання;
- для вядзення класных журналаў (у тым ліку электронных);
- для арганізацыі фізічнага выхавання;
- для ўдзелу ў алімпіядах;
- пры арганізацыі ўліку дзяцей у мэтах атрымання імі агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі (усенавуч);
- пры арганізацыі харчавання навучэнцаў;
- для ажыццяўлення ўзаемадзеяння з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі.
Па матэрыялах сайта cpd.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі