Упершыню ў нашай краіне прайшоў конкурс “Junior Skills — на шляху ў прафесію” па кампетэнцыях педагагічнай накіраванасці. У спаборніцтвах сябе паспрабавалі навучэнцы сталічных педкласаў і першакурснікі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.
Конкурсны рух WorldSkills у нашай краіне выходзіць за рамкі прафесійнага спаборніцтва студэнтаў і навучэнцаў. Ён набывае шырокі прафарыентацыйны характар і прыцягвае таксама школьнікаў і нават дашкольнікаў. Так, зусім нядаўна ўпершыню нашы дзеці ўзялі ўдзел у чэмпіянаце BabySkills для выхаванцаў дзіцячых садоў.
У JuniorSkills свае сілы спрабуюць школьнікі. Гэты напрамак у нашай краіне пачаў развівацца ў 2015 годзе з мэтай прыцягнення ўвагі дзяцей і моладзі да свету сучасных прафесій, аказання дапамогі ў выбары далейшага прафесійнага шляху. Дагэтуль спаборніцтвы для школьнікаў праводзіліся толькі па кампетэнцыях, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі і робататэхнікай. Цяпер жа Мінскі гарадскі педагагічны каледж ініцыіраваў развіццё JuniorSkills у новым напрамку — па педагагічных кампетэнцыях.
Заўважым, што Мінскі гарадскі педагагічны каледж уключыўся ў рух WorldSkills не толькі ў якасці ўдзельніка — дзякуючы каледжу, педагагічны напрамак конкурснага руху актыўна развіваецца. Так, каледж стаў правайдарам новых кампетэнцый Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства: у 2018 годзе — кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” і ў 2020 годзе — “Пачатковая адукацыя”. Пад кіраўніцтвам дырэктара каледжа К.А.Пятруцкай сумесна з экспертамі па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” была распрацавана сістэма міні-чэмпіянатаў “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення”. Міні-чэмпіянаты — гэта форма арганізацыі конкурсу прафесійнага майстэрства, у рамках якой удасканальваюцца прафесійныя кампетэнцыі падчас выканання аднаго пэўнага модуля рэспубліканскага конкурсу. Міні-чэмпіянаты праводзяцца з 2018 года.
Акрамя таго, дзякуючы педкаледжу, быў адкрыты цэнтр WorldSkills кампетэнцый “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” на базе вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад — пачатковая школа № 31 Мінска”.
І вось цяпер яшчэ адна інавацыя — JuniorSkills, якую зноў жа рэалізуе педкаледж у якасці арганізатара і каардынатара. Былі распрацаваны конкурсныя заданні, праграма, форма правядзення конкурсу, крытэрыі ацэнкі. Дзялення на кампетэнцыі ў рамках конкурсу не было: заданні насілі агульны творчы характар, былі накіраваны на дэманстрацыю арганізацыйных уменняў і здольнасцей навучаць.
Да ўдзелу запрасілі навучэнцаў педагагічных класаў сталіцы, а таксама першакурснікаў педкаледжа. У першым туры ўзялі ўдзел 19 чалавек. Ён праводзіўся завочна. Канкурсантам прапаноўвалася стварыць буктрэйлер па мастацкім творы для дзяцей 6—10 гадоў. Буктрэйлер — гэта своеасаблівая анатацыя да кнігі ў відэафармаце, асноўная яго задача — зацікавіць і заінтрыгаваць чытача.
Канкурсанты выбралі для сябе такія творы, як “Разумны сабачка Соня” Андрэя Усачова, “Золушка” Шарля Перо, “Бобік у гасцях у Барбоса” Мікалая Носава, “Дзядя Фёдар і яго сябры” Эдуарда Успенскага і інш. Стваральнікі буктрэйлераў пастараліся прадставіць кнігі цікава, маляўніча, каб прыцягнуць увагу да сюжэтнай лініі і герояў, абудзіць жаданне прачытаць твор. Яны выкарыстоўвалі для гэтага розныя сродкі — дабаўлялі ў буктрэйлер мультфільмы, самі выступалі ў якасці расказчыка і г.д.
Першы конкурс “JuniorSkills — на шляху ў прафесію” прайшоў паспяхова. Плануецца пашыраць гэтую ініцыятыву і праводзіць JuniorSkills на рэспубліканскім, а потым і на міжнародным узроўні.
Па выніках першага конкурснага задання ў наступны этап выйшлі 8 удзельнікаў. Другі этап праходзіў вочна і ладзіўся ў цэнтры WorldSkills на базе дзіцячага сада — пачатковай школы № 31. Тут прайшло экспрэс-мерапрыемства “Навучу за 5 мінут”. Кожны канкурсант павінен быў арганізаваць работу па стварэнні творчага вырабу з дзецьмі 6—10 гадоў. Удзельнікам прапаноўваліся тры віды матэрыялаў — папера, пластылін, акварэльныя фарбы. Жараб’ёўка вызначыла, з якім матэрыялам кожнаму давядзецца працаваць. У ролі дзяцей выступілі валанцёры — навучэнцы каледжа. Канкурсанты вучылі іх рабіць парасоны, велікодны кошык, слімака, матылька, букет кветак і іншыя вырабы. Яны прапанавалі “дзецям” работу ў такіх тэхніках, як пластылінаграфія, маляванне пальчыкамі, лепка жгуцікамі, арыгамі і інш.
Пераможцамі конкурсу сталі навучэнка педкаледжа Лізавета Пукальчык і навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 92 Мінска Алена Бучнева.
— У педкласе вучыцца вельмі цікава,— расказвае пра сябе Алена Бучнева. — Тэмы, што ўзнімаюцца на факультатывах, мне вельмі даспадобы. Не менш цікавым быў конкурс. Мне спадабалася тое, што я атрымала магчымасць прадэманстраваць свае асобасныя якасці і паспрабаваць сябе ў рабоце. Для буктрэйлера я выбрала твор Сяргея Вольфа “Век яго не забуду”. Буктрэйлер рабіла першы раз у жыцці, было вельмі цікава, але няпроста. Два дні шукала галоўную ідэю, ад якой можна было б адштурхнуцца. А другое заданне ўвогуле было выклікам для мяне. Мой вопыт работы з навучэнцамі небагаты — у гэтым годзе паспрабавала сябе ў ролі настаўніцы падчас дня самакіравання ў школе. На конкурсе рабілі з пластыліну паштоўкі для ветэранаў да Дня Перамогі. На 5 мінут, пакуль доўжылася заданне, мне ўдалося па-сапраўднаму ўжыцца ў ролю педагога. Я бачыла толькі сваіх “навучэнцаў”, забыўшыся пра тое, што за мной назіраюць і ацэньваюць. Увогуле, ад гэтага задання і ад конкурсу я атрымала сапраўднае задавальненне.
Засталіся задаволены конкурсам і арганізатары, якія пераканаліся, што такое спаборніцтва — цудоўны сродак папулярызацыі педагагічных прафесій.
— Канкурсанты прадэманстравалі дастаткова высокі ўзровень для іх этапу прафесійнага развіцця. Мы перакананы, што ў гэтых дзяўчат наперадзе вялікія перспектывы. Гэта радуе, таму што ў шэрагі педагогаў сталічнай адукацыі прыйдуць мэтанакіраваныя, адказныя, высокаматываваныя, захопленыя прафесіяй педагогі, — дзеліцца меркаваннем Наталля Віктараўна Пралыгіна, загадчыца аддзялення “Дашкольная адукацыя” Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, эксперт WorldSkills па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. — Увогуле, адзначу, што конкурс праходзіў ва ўзрушанай атмасферы. Мы ўбачылі вочы з іскрынкамі цікаўнасці, творчыя знаходкі, ініцыятыўнасць. Усё гэта сведчыць пра тое, што конкурс будзе мець працяг. Будзем працаваць над выхадам на рэспубліканскі ўзровень, а далей — і на міжнародны.
Дар’я РЭВА.