Пірацкі куфар,

- 11:43Практыкум

ці Адукацыйны вэб­-квест на англійскай мове

Безумоўна, кожны настаўнік для павышэння эфектыўнасці ўрока прымяняе тыя ці іншыя лічбавыя прадукты, выкарыстоўвае розныя мабільныя дадаткі, анлайн-сэрвісы, камп’ютарныя праграмы. Апошнім часам усё большую папулярнасць набывае такая педагагічная інавацыя, як вэб-квест.

Што ж такое адукацыйны вэб-квест? Гэта сістэма праблемных заданняў з элементамі ролевай гульні, для выканання якіх выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы сеткі інтэрнэт. Гэта азначае, што настаўнік, складаючы заданні, падбірае інфармацыю ў інтэрнэце і дае навучэнцам адпаведныя гіперспасылкі. Усё захоўваецца на якім-небудзь вэб-рэсурсе, аформленым і структураваным як вэб-квест. Навучэнцы ў групах або індывідуальна выконваюць прапанаваныя заданні квеста, па завяршэнні якога прэзенту­юць уласныя вэб-старонкі па гэтай тэме або якія-небудзь іншыя творчыя работы ў электроннай, друкаванай ці вуснай форме.

Па сутнасці, для настаўніка замежнай мовы вэб-квест валодае асаблівай каштоўнасцю, паколькі, уцягваючы навучэнцаў у своеасаблівую гульню ці спаборніцтва, дазваляе ствараць творчую атмасферу, дзе кожны вучань уключаны ў актыўны пазнавальны працэс на аснове супрацоўніцтва. Да таго ж, вэб-квест з’яўляецца эфектыўнай формай ацэнкі ведаў і ўменняў навучэнцаў.

Распрацоўка вэб-квестаў — працэс працяглы і няпросты. Але дзякуючы спецыялізаваным анлайн-сэрвісам іх стварэнне становіцца прасцейшым, а канчатковы прадукт, г.зн. сам квест, — маляўнічым і разнастайным.

Упершыню гэтую тэхналогію я апрабавала ў 2015 годзе на адным з пасяджэнняў англійскага клуба. Тады на платформе Google-сайты я распрацавала вэб-квест “Зоркавыя войны” для навучэнцаў 8-х класаў. І зараз на прыкладзе “Зоркавых войнаў” раскажу аб патрабаваннях, што прад’яўляюцца да структуры вэб-квеста.

Асноўнымі элементамі вэб-квеста з’яўляюцца:

Уводзіны — гэта галоўная старонка, на якой сфармулявана тэма квеста і дакладна вызначаны ролі ўдзельнікаў, сцэнарый квеста або папярэдні план работы; абавязковай умовай з’яўляецца наяўнасць легенды, дзе паведамляецца праблема, якую неабходна вырашыць.

Цэнтральнае заданне — гэта серыя зразумелых навучэнцам цікавых і выканальных заданняў; павінен выразна прасочвацца вынік самастойнай работы навучэнцаў. Удзельнікі ў адпаведнасці з выбранымі ролямі выконваюць заданні.

Спіс інфармацыйных рэсурсаў — гэта спасылкі на канкрэтныя вэб-старонкі, неабходныя для выканання заданняў. Гэта могуць быць тэкставыя або відэарэсурсы (YouTube), а таксама прамыя спасылкі на анлайн-сэрвісы ці віджэты з дадатковымі заданнямі (onlinetestpad.com); у працэсе выканання вэб-квеста ў навучэнцаў развіваюцца лічбавыя навыкі работы з камп’ютарнымі праграмамі і сеткай інтэрнэт.

Парадак работы, які прадстаўлены ў выглядзе навігацыйнага меню.

Ацэнка, крытэрыі і паказчыкі якой залежаць ад тыпу вучэбных задач. На пачатковым этапе раскажыце навучэнцам, як іх работа будзе ацэньвацца. У табліцы адзнак можна вызначыць асобныя рубрыкі для індывідуальнай ці групавой работы.

Заключэнне, дзе падсумоўваецца вопыт, атрыманы навучэнцамі падчас выканання квеста. Карысна ўключыць у заключэнне дадатковыя спасылкі, каб падахвоціць навучэнцаў да пашырэння сваіх ведаў па тэме вэб-квеста, або праблемныя і рытарычныя пытанні, якія стымулююць актыўнасць навучэнцаў.

Кансультацыя для навучэнцаў.

Рэкамендацыі для настаўнікаў, якія будуць выкарыстоўваць гэты вэб-квест.

Спіс выкарыстаных крыніц ці спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы і інфармацыя аб умовах выкарыстання матэрыялаў пэўнага вэб-квеста.

Імкнучыся да бесперапыннай самаадукацыі, рэгулярна наведваю вялікую колькасць вэбінараў. У лютым гэтага года я даведалася пра існаванне анлайн-сэрвісу genially. Гэта рэсурс для стварэння разнастайнага інтэрактыўнага кантэнту. Працаваць у ім лёгка і хутка дзякуючы інтуітыўна зразумеламу інтэрфейсу. Хацелася паспрабаваць як мага больш магчымасцей гэтага сэрвісу, таму я вырашыла правесці заключны ўрок па краіназнаўстве з выкарыстаннем тэхналогіі вэб-квеста.

За два месяцы (студзень і люты) навучэнцы 6-х класаў на ўроках англійскай мовы пазнаёміліся з геаграфічнымі асаблівасцямі, нацыянальнымі сімваламі, паркамі і запаведнікамі дзевяці англамоўных краін, і, вядома ж, гаварылі пра родную Беларусь. Усе даныя ў сціснутым выглядзе мы ўносілі ў табліцу. Але галоўнай мэтай вывучэння любой замежнай мовы з’яўляецца здольнасць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў нестандартнай сітуацыі, максімальна набліжанай да рэальных зносін, таму я вырашыла распрацаваць вэб-квест, у якім заданні будуць выбудаваны па прынцыпе “снежнага камяка” — ад простых да больш складаных.

Вылучаюцца 3 асноўныя этапы работы над вэб-квестам:

• Пачатковы этап (камандны).
Навучэнцы дзеляцца на каманды. Ім паведамляюцца патрабаванні да работы над квестам, асаблівасці ацэньвання і плануемы канчатковы вынік.

• Ролевы этап.
Індывідуальная работа ў камандзе на агульны вынік. Удзельнікі выконваюць заданні. Паколькі мэта работы спаборніцкая, па заканчэнні работы над вэб-квестам каманда сумесна падводзіць вынікі выканання кожнага задання.

• Заключны этап.
Каманда працуе сумесна, затым прэзентуе вынік сваёй работы. Ацэньваюцца разуменне задання, дакладнасць інфармацыі, што выкарыстоўвалася, яе адносіны да зададзенай тэмы, крытычны аналіз, лагічнасць, структураванасць інфармацыі, падыходы да вырашэння праблемы, індывідуальнасць, прафесіяналізм прэзентацыі.

А зараз разгледзім усе гэтыя этапы на прыкладзе вэб-квеста “Пірацкі куфар”, распрацаванага на аснове серыі шаблонаў анлайн-сэрвісу genially.

Усе заданні аб’яднаны ў адну легенду — пошук пірацкіх скарбаў, дзеля чаго каманды, перамяшчаючыся па маршруце карты, выконваюць заданні і збіраюць літары-ключы для сакрэтнага кода ад пірацкага куфра.

Перад пачаткам квеста навучэнцы па­дзяліліся на дзве каманды па 5 чалавек. Для кожнай каманды былі прадугледжаны розныя заданні раўнацэннага зместу. Агульную інструкцыю да кожнага задання можна ўбачыць, націснуўшы на кнопку этапу. Пад кнопкай этапу прапануюцца і самі заданні для абедзвюх каманд.

Усяго прадугледжана пяць тыпаў заданняў па 2 варыянты, каб кожны навучэнец меў магчымасць выканаць свой фрагмент кожнага задання:

1. Заданне на супастаўленне: навучэнцам неабходна самастойна намаляваць злучальную лінію паміж назвай краіны і яе сталіцай, пры гэтым 1—2 сказамі аргументаваць свой выбар.
2. Заданне на вызначэнне месцазнаходжання: навучэнцам неабходна па фота і назве нацыянальнага парку вызначыць прыналежнасць да той ці іншай краіны, паказаць яе на карце і даць звесткі аб асаблівасцях гэтага парку.
3. Заданне на выбар з пары: навучэнцам неабходна выбраць з дзвюх прапанаваных карцінак адказ на пытанне аб раслінных і жывёльных сімвалах той ці іншай краіны.
4. Заданне на множны выбар: навучэнцам прапануецца выбраць адказ на пастаўленае пытанне і аргументаваць свой выбар дэталёвай інфармацыяй. Пытанні прапануюцца трох тыпаў: выбраць з 3-х варыянтаў, знайсці адзін правільны адказ з 4-х з дапамогай чарадзейнай лупы і выбраць правільны адказ, працягнуўшы лагічны ланцужок.
5. Заданне на складанне аповеду: навучэнцам прапануецца кніга падарожжаў, у якой кожны элемент з’яўляецца інтэрактыўным.

З дапамогай ClassTools.net опцыі выпадковага выбару навучэнцы атрымліваюць назву краіны і, карыстаючыся інтэрактыўным зместам, пераходзяць на патрэбную старонку. На старонцы электроннай кнігі, прысвечанай гэтай краіне, знаходзіцца спасылка на мультымедыйную прэзентацыю, па якой трэба расказаць пра гэтую краіну. У выніку павінен атрымацца лагічна звязны аповед з поўнай інфармацыяй аб краіне і яе асаблівасцях. На папярэдні прагляд і падрыхтоўку камандам даецца 5 мінут. Пасля выканання задання навучэнцам прапануецца дадатковая інфармацыя аб краінах свету і цытата для абмеркавання.

Пасля завяршэння выканання ўсіх заданняў вэб-квеста навучэнцы з атрыманых літар збіраюць словы і падбіраюць “сакрэтны код” для адкрыцця пірацкага куфра са скарбамі. Каманды лічаць атрыманыя за паспяховае выкананне заданняў манеты, і такім чынам вызначаецца каманда-пераможца і адзначаецца вучань, які набраў найбольшую колькасць манет. На этапе рэфлексіі аналізуюцца заданні, якія выклікалі найбольшую складанасць пры выкананні.

На мой погляд, пры навучанні замежнай мове адукацыйны вэб-квест мае шэраг пераваг, бо спрыяе развіццю камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў праз праектна-пошукавую дзейнасць.

Вольга БАНКЕВІЧ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці.