У рабоце VII пленума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прынялі ўдзел больш за 140 прафактывістаў з розных рэгіёнаў краіны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Адказна і бяспечна
На сёння галіновая арганізацыя аб’ядноўвае больш за 580 тысяч чалавек. За 10 месяцаў бягучага года створана 20 новых пярвічак. Колькасць арганізацый з ахопам прафсаюзным членствам ніжэйшым за 80% знізілася з 39 да 17.
У цэнтры ўвагі пленума былі пытанні аховы працы. У холе Дома прафсаюзаў разгарнулася тэматычная выстава.
Галоўны тэхнічны інспектар працы галіновага прафсаюза Марына Лясун праінфармавала, што за 9 месяцаў бягучага года галоўнымі тэхнічнымі інспектарамі арганізацыі ажыццёўлена 82 планавыя праверкі і 435 маніторынгаў выканання заканадаўства аб ахове працы. Выяўлена больш за 3 тысячы парушэнняў, наймальнікам выдадзена 517 прадстаўленняў, рэкамендацый і даведак. Прыпынялася эксплуатацыя 65 адзінак абсталявання.
На працягу лета тэхнічныя інспектары працы актыўна маніторылі сітуацыю ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, на месцах працы студатрадаў, а таксама ў сельскагаспадарчых арганізацыях, дзе падчас уборачнай кампаніі былі задзейнічаны навучэнцы і настаўнікі. Разам з сацыяльнымі партнёрамі прафсаюзы правялі шэраг мерапрыемстваў у кірунку нулявога траўматызму, забяспечылі дзейнасць тэлефонных гарачых ліній.
Асаблівая ўвага ўдзялялася актывізацыі дзейнасці грамадскіх інспектараў непасрэдна на працоўных месцах. За 9 месяцаў бягучага года для іх правялі 297 вучэбных семінараў, на якіх павысіць свае кампетэнцыі змаглі больш за 12,5 тысячы чалавек. Па традыцыі па выніках 2022 года вызначылі пераможцаў галіновага этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае правядзенне прафарганізацыямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы.
На сёння ва ўстановах адукацыі і навукі працуе каля 15 тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы.
На пленуме падрабязна абмеркавалі існуючыя праблемы. Адна з іх — адсутнасць спецыялістаў па ахове працы ў школах, дзіцячых дашкольных установах і каледжах. Справа ў тым, што заканадаўства прадугледжвае ўвядзенне ў штат такога спецыяліста для арганізацый сферы паслуг пры колькасці работнікаў больш за 200 чалавек. Вядома ж, дапамогу можа аказаць інжынер па ахове працы Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Але гэта адзін спецыяліст на ўвесь раён, а часам і на некалькі бюджэтных галін.
Застаецца не да канца вырашаным пытанне своечасовага праходжання вадзіцелямі школьных аўтобусаў медагляду перад выхадам у рэйс і назначэння ў школах адказных за выпуск на лінію аўтобусаў у тэхнічна спраўным стане. Ёсць над чым працаваць і ў плане забеспячэння пэўных катэгорый работнікаў галіны сродкамі індывідуальнай абароны.
— Неабходна дабівацца павелічэння фінансавання мерапрыемстваў па ахове працы праз наладжванне больш цеснага ўзаемадзеяння рэгіянальных упраўленняў па адукацыі з цэнтрамі па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і прадстаўнікамі выканаўчай улады, — падкрэсліла Марына Лясун.
Час салідарнасці
Таксама на парадку дня былі пытанні, якія тычацца сацыяльнай падтрымкі педагогаў, развіцця прафсаюза, выхавання маладой змены, удзелу ў будучай электаральнай кампаніі, міжнароднага супрацоўніцтва з калегамі з дружалюбных краін і інш. Унесены актуальныя змяненні і дапаўненні ў Статут галіновага прафсаюза.
Таццяна ЯКУБОВІЧ: Няпростая геапалітычная сітуацыя вакол нашай краіны патрабуе ад прафсаюзаў павышанай увагі. Мы павінны быць пагружаны ў жыццё працоўных калектываў, своечасова і адэкватна рэагаваць на любыя спробы дэстабілізацыі маральна-псіхалагічнага клімату.
Старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч адзначыла неабходнасць працягваць узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі адносна павышэння заработнай платы. Як вядома, у бягучым годзе крок за крокам павялічваліся заробкі як у цэлым работнікаў сістэмы адукацыі, так і асобных катэгорый. Таццяна Раманаўна заўважыла: ёсць напрацоўкі, каб у наступным годзе мэтанакіравана падняць даход некаторым спецыялістам вузкай накіраванасці. Разам з тым яна акцэнтавала ўвагу на такім рычагу павышэння зарплаты, як перагляд памеру надбаўкі за кантракт, і прывяла станоўчыя прыклады з практыкі дзейнасці Бярэзінскага, Мінскага, Вілейскага, Валожынскага, Пухавіцкага, Стаўбцоўскага і іншых раёнаў. Так, з 1 верасня 2023 года ўсім работнікам устаноў адукацыі Бярэзінскага раёна ўстаноўлена надбаўка па кантракце ў памеры 50% ад акладу (максімальна магчымая па заканадаўстве). На жаль, у асобных рэгіёнах краіны яна па-ранейшаму застаецца вельмі нізкай — ад 0,1 да 10% ад акладу.
Прыярытэтнымі напрамкамі ў рабоце з моладдзю кіраўнік галіновага прафсаюза назвала развіццё яе творчых ініцыятыў, актыўнае ўключэнне ў кіраўніцтва прафсаюзных арганізацый усіх узроўняў, навучанне, прававая дасведчанасць. Для гэтага робіцца нямала. Так, перспектыўная моладзь рэгулярна запрашаецца на адукацыйныя модулі, якія праводзяцца ў Цэнтры маладзёжных ініцыятыў пад Лагойскам. На першыя працоўныя месцы прафактывістаў з ліку выпускнікоў прафсаюз накіроўвае лісты з добрымі рэкамендацыямі. 21 навучэнец у 2023 годзе атрымаў стыпендыю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, яшчэ 40 будуць удастоены выплат Цэнтральнага камітэта прафсаюза. Праведзены конкурс на лепшы студэнцкі інтэрнат з пункту гледжання работы пярвічак па засяленні, арганізацыі побыту і вольнага часу навучэнцаў. Яго пераможцаў урачыста ўзнагародзілі на пленуме.
Таццяна Якубовіч адзначыла, што набліжэнне электаральнай кампаніі патрабуе пэўнай работы па прававой асвеце моладзі наконт таго, як пройдзе адзіны дзень галасавання, па якім прынцыпе будуць выбірацца дэпутаты Усебеларускага народнага сходу. Многія маладыя людзі будуць галасаваць упершыню, веданне сваіх правоў і абавязкаў дапаможа ім не паддавацца інфармацыйным фэйкам.
— Прафсаюз адукацыі і навукі заўсёды быў і застаецца актыўным удзельнікам значных электаральных кампаній у краіне. Напярэдадні важных грамадска-палітычных падзей мы як ніколі павінны прадэманстраваць салідарнасць, згуртаванасць і адзінства дзеянняў, — зрабіла акцэнт Таццяна Раманаўна.
Кіраўнік галіновага прафсаюза спынілася і на міжнароднай дзейнасці, якая паспяхова развіваецца. Так, у верасні Мінск прыняў удзельнікаў VII з’езда Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі з 7 краін СНД. Пярвічкі 6 універсітэтаў сталі ўдзельнікамі XXXVI з’езда Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў, на якім абмяркоўваліся пытанні настаўніцтва і адаптацыі маладых спецыялістаў. Умацоўваць і пашыраць міжнародныя кантакты плануецца і надалей.
У якасці гасцей у рабоце пленума прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды і намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў. У сваіх выступленнях яны закранулі актуальныя для педагагічнай супольнасці аспекты і адказалі на пытанні ўдзельнікаў форуму.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара