Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў рамках рабочай паездкі ў Гродна наведаў Навукова-тэхналагічны парк Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Міністру адукацыі паказалі, як ідуць работы на другой чарзе будаўніцтва тэхнапарка. Сёння будынак знаходзіцца ў стадыі ўводу ў эксплуатацыю, плануецца, што ўжо летам тут з’явяцца новыя рэзідэнты. Другая чарга Навукова-тэхналагічнага парка — гэта больш за 6,5 тысячы квадратных метраў пад вытворчыя і офісныя памяшканні. Тут знаходзіцца 16 офісных памяшканняў, у тым ліку тыпу open-space для арганізацый IT-бізнесу, і 16 вытворчых — плошчай ад 150 да 280 квадратных метраў.
Ужо абсталявана сучаснай тэхнікай канферэнц-зала на 150 пасадачных месцаў для правядзення розных мерапрыемстваў, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню. Прадугледжаны кабінкі сінхроннага перакладу, у якіх адначасова змогуць працаваць 4 перакладчыкі. Таксама на новай пляцоўцы тэхнапарка размясціліся 3 co-working зоны, дзе прадстаўнікі IT, інавацыйнага бізнесу змогуць праводзіць семінары, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Гэта яшчэ і пляцоўка для студэнтаў з магчымасцю супрацоўнічаць з рэзідэнтамі тэхнапарка і рэалізоўваць свае бізнес-ідэі.
— На сёння ўжо сфарміраваны ліст чакання, практычна ўсе офісныя і 12 з 16 вытворчых памяшканняў зарэзерваваны будучымі рэзідэнтамі тэхнапарка, — расказаў прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі. — Мы супрацоўнічаем з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, якая ўзяла на сябе стварэнне на базе тэхнапарка выставачнага цэнтра. У спецыяльна прадугледжанай для гэтага зоне размесціцца пастаяннадзеючая выстава, на якой прадпрыемствы Гродна і вобласці змогуць прадстаўляць свае тавары і паслугі. Плануецца, што тут будуць праводзіцца экскурсіі як для замежных дэлегацый, так і для школьнікаў, каб прадэманстраваць вытворчы патэнцыял Гродзеншчыны, тэхнапарк як пляцоўку інавацыйнага прадпрымальніцтва.
Зараз у тэхнапарку ГрДУ імя Янкі Купалы, які быў створаны ў 2017 годзе на базе РУП “ВНВЦ “Тэхналаб”, дзейнічае 14 рэзідэнтаў, з якіх 7 кампаній створаны студэнтамі і выкладчыкамі Купалаўскага ўніверсітэта.
У тэхнапарку міністр адукацыі сустрэўся са студэнтамі розных факультэтаў УВА, якія расказалі пра студэнцкі медыяцэнтр, прадэманстравалі свае распрацоўкі, створаныя ў тым ліку на базе студыі стартапаў і праектаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Ігар Карпенка заклікаў моладзь прапаноўваць свае ідэі, рэалізацыя якіх паслужыць на карысць развіцця эканомікі краіны. А маладыя людзі, у сваю чаргу, смела ўступілі ў адкрыты дыялог з міністрам адукацыі. Падчас размовы ўздымаліся такія пытанні, як перспектывы развіцця дыстанцыйнай адукацыі, укараненне ў практыку навуковых распрацовак і інш.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.