Пра гатоўнасць устаноў адукацыі Піншчыны да новага навучальнага года расказаў Віктар Гаўрыловіч

- 14:01Планерка

Пра гатоўнасць устаноў адукацыі Піншчыны да новага навучальнага года і іх кадравае забеспячэнне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае начальнік раённага аддзела па адукацыі Віктар Гаўрыловіч.

На пастаянным кантролі

— Што ўдалося зрабіць орга­нам кіравання адукацыяй, каб навучальныя ўстановы сустрэлі сваіх выхаванцаў цалкам падрыхтаванымі?

— На асаблівым кантролі — рамонт устаноў адукацыі, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай і кадравай базы, арганізацыя харчавання, пытанні перавозкі і бяспекі дзяцей. Дысцыпліна і парадак перш за ўсё!

Спецыяльная камісія з ліку прадстаўнікоў адпаведных службаў і ведамстваў на чале з намеснікам старшыні Пінскага райвыканкама яшчэ ў красавіку ацаніла гатоўнасць школ да будучага Дня ведаў. Па выніках работы камісіі былі выяўлены 282 парушэнні, якія ты­чыліся санітарна-гігіенічных, пажарных, энерганаглядных і іншых патрабаванняў. Да сярэдзіны жніўня гэтыя парушэнні ўстаранёны цалкам. Падпісаны пашпарты гатоўнасці ўсіх школ.

У новым навучальным годзе будуць працаваць 62 установы адукацыі. У выніку аптымізацыі закрыта Боркаўская базавая школа, а Ласіцкі дзіцячы сад рэарганізаваны. Акрамя таго, Пінскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі далучыцца да Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна. Гэта звязана са зніжэннем колькасці выхаванцаў у іх і больш эфектыўным расходаваннем бюджэтных сродкаў. Усім вызваленым работнікам прапанаваны працоўныя месцы ў іншых установах раёна.

Школы і дзіцячыя сады пры­муць амаль 5,3 тысячы выхаванцаў. Упершыню за парты сядуць 357 дзяцей. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складзе каля 11 чалавек. Да навучальнага года атрымаюць дапамогу 1960 дзяцей, якія выхоўваюцца ў 895 мнагадзетных сем’ях.

— Якім чынам будзе арганізавана харчаванне школьнікаў?

Пераход на новыя прынцыпы харчавання ва ўстановах адукацыі раёна пачаўся ў мінулым навучальным годзе, а ў новым цалкам завершыцца. З гэтай мэтай была істотна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў. Заключаны 24 дагаворы на пастаўку прадуктаў харчавання з вытворцамі і аптовымі арганізацыямі. Аналіз кантролю харчовых адходаў у мінулым навучальным годзе паказаў, што іх колькасць не перавышае 8%. Галоўныя складнікі запатрабаванасці страў — ежа павінна быць не толькі смачна згатавана, але і прыгожа і апетытна пададзена.

Пытанні, звязаныя з арганізацыяй харчавання, знаходзяцца на пастаянным кантролі. Так, у мінулым навучальным годзе міжведамасная камісія правяла 71 праверку ўстаноў адукацыі раёна. Усе выяўленыя парушэнні своечасова ўстаранёны.

— Колькі дзяцей маюць патрэбу ў падвозе да школ і да­школьных устаноў?

— 663 вучні і 340 дашкольнікаў будуць дастаўляць ва ўстановы адукацыі 32 адзінкі аўтатранспарту, у тым ліку 26 школьных аўтобусаў. У мінулым навучальным годзе Піншчына атрымала 5 новых школьных аўтобусаў і адзін аўтамабіль, спецыяльна абсталяваны для перавозкі інвалідаў. Праводзіцца работа па амаладжэнні вадзіцельскага складу школьнага аўтапарка.

Рамонт капітальны і бягучы

— Што зроблена па капітальных і бягучых рамонтах устаноў адукацыі?

— На капітальны рамонт устаноў сёлета выдаткаваны 1,4 мільёна рублёў, у тым ліку на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй Стытычаўскай сярэдняй школы. Што да бягучых рамонтаў, то на іх у гэтым годзе выдаткаваны 1,2 мільёна рублёў, якія пайшлі на рамонт дахаў, асфальтавых пакрыццяў і дарожак у шэрагу дашкольных устаноў, замену аконных блокаў і санвузлоў, рамонт спартзал і харчаблокаў у некаторых школах. Акрамя таго, выкананы бягучыя рамонты сістэм ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі.

— А якая сітуацыя са сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем?

— На іх закупку ў бягучым годзе выдаткаваны 54,5 тысячы рублёў. Аснашчаны кабінет біялогіі ў Купяціцкай сярэдняй школе і камп’ютарныя класы ў Сошненскай і Гарадзішчанскай сярэдніх школах. Сёлета за кошт рэспубліканскага бюджэту будзе аснашчаны неабходнымі сродкамі і абсталяваннем кабінет дапрызыўнай і медыцынскай пад­рыхтоўкі ў Пінкавіцкай сярэдняй школе.

— Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі паляп­шаецца толькі за бюджэтны кошт?

— Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў актыўна прыцягваюцца дадатковыя сродкі, у тым ліку ад пазабюджэтнай дзейнасці. Так, за першае паўгоддзе бягучага года ўстановы адукацыі раёна зарабілі больш за 68 тысяч рублёў. Сярод лепшых — Пінкавіцкая, Малоткавіцкая, Купяціцкая і Стытычаўская сярэднія школы, Пінкавіцкі, Купяціцкі і Лагішынскі дзіцячыя сады. Акрамя таго, у першым паўгоддзі ўдалося прыцягнуць амаль 59 тысяч рублёў спонсарскіх сродкаў.

Да месца размеркавання

Гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года — гэта не толькі рамонты і абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база, але яшчэ і кадры…

На Піншчыне створаны ўсе ўмовы, каб у сістэму адукацыі прыходзіла матываваная мола­дзь. У школах і дзіцячых садах рэгіёна ў новым навучальным годзе бу­дзе працаваць 931 педагог. Амаль 84% з іх маюць вышэйшую адукацыю, амаль 80% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 3 педагогі — настаўнікі-метадысты. Установы адукацыі ўкамп­лектаваны неабходнымі кадрамі на 99%. Захоўваецца патрэба ў педагогах-псіхолагах, кіраўніках па ваенна-патрыятычным выхаванні і настаўніках-дэфектолагах. Недахоп настаўнікаў матэматыкі і фізікі вырашаецца за кошт прыцягнення да работы педагогаў пенсіённага ўзросту.

На працягу 2020—2024 гадоў у раённы аддзел па адукацыі былі накіраваны 128 маладых спецыя­лістаў. Усе з іх прыбылі да месца размеркавання своечасова. Што да замацавання маладых спецыя­лістаў, то 70% з тых, хто прыбыў у 2021 годзе, і 80% з тых, хто прыбыў у 2022 годзе, працуюць і сёння.

Важную ролю ў замацаванні кадраў адыгрывае заробак. Маладым спецыялістам устаноўлена 50-працэнтная надбаўка за работу па кантракце. Акрамя таго, прымяняюцца шматлікія меры матэрыяльнага і маральнага стымулявання.

Дарэчы, мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў — адзін з найбольш эфектыўных спосабаў забеспячэння кваліфікаванымі кадрамі на перспектыву. Так, летась ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 8 выпускнікоў школ Піншчыны, што значна больш, чым у папярэднія гады. Сёлета да іх далучыліся яшчэ 6 выпускнікоў.

…Мы правялі вялікую работу па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да Дня ведаў. Бацькі могуць не сумнявацца: для іх дзяцей там створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ