Прадстаўнікі сістэмы адукацыі прынялі ўдзел у XIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур

- 9:09Актуально

У Гродне з размахам прайшоў XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел і прадстаўнікі сістэмы адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Знакавымі падзеямі першага дня фестывалю сталі цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера і дыялогавая пляцоўка “Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі. Беларусь — наш агульны дом”.

— Фестываль яшчэ раз дэманструе, што Беларусь — міралюбівая, дружалюбная краіна. Вялікая колькасць нацый сёння пражывае на тэрыторыі нашай краіны, і ўсе мы ра­зам — адна сям’я. Пацвярджае гэта і студэнцкая супольнасць Беларусі. Маладыя людзі больш чым са ста краін сёння вучацца ў нашых універсітэтах. Нацыянальнае зямляцтва цесна ўзаемадзейнічае са студэнцкімі саветамі, каб кожны малады чалавек, які прыехаў да нас вучыцца, адчу­ваў сябе як дома, — адзна­чыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 36 на­цыя­нальнасцей. Цэнтральным эпізодам першага фестывальнага дня стала яскравае шматнацыянальнае шэсце і паказ усіх нацыянальных аб’яднанняў на галоўнай сцэне фестывалю. Прайшоў тут і канцэрт: гасцей форуму радавалі сваёй творчасцю замежныя студэнты, якія вучацца ў гро­дзенскіх універсітэтах.

Адным з эпізодаў праграмы стала заахвочванне творчых калектываў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Гро­дзенскай і Мінскай абласцей і горада Мінска. Падзякай Міністэрства адукацыі былі адзначаны ансамбль народнага танца “Скавыш” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі, узорны ансамбль танца “Папараць-кветка” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці і ўзорны ансамбль народнай музыкі “Шчабятуха” Сеніцкай сярэдняй школы імя Я.Купалы, заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца “Лялечкі” і танцавальны калектыў “Магія” Гро­дзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, узорная студыя эстраднай песні “Апрель” Шчучынс­кага палаца творчасці дзяцей і моладзі, а таксама ўзорная вакальная група эстраднай песні “Ра­дасць” Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі і ўзорны ансамбль танца “Валошкі” гімназіі № 6 імя Ф.Э.Дзяржынскага Гродна.

— Гэтыя калектывы не раз станавіліся прызёрамі конкурсаў і фестываляў па лініі Міністэрства адукацыі. Яны добра вядомыя ў многіх кутках краіны і сваёй дзейнасцю даказваюць, што дзіцячая і маладзёжная творчасць развіваецца ў традыцыях нацыянальнага сяброўства. Адзначу таксама, што названыя творчыя аб’яднанні маюць вялікі патэнцыял, а іх выступленні адрозніваюцца багатым зместам, глыбокім сэнсам і адлюстроўваюць самабытнасць беларускага народа, — паведаміла кансультант Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і мала­дзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.

Яна дадала, што, будучы непарыўна звязанай з Прынёманскім краем, з вялікім задавальненнем сама станавілася ўдзельніцай фес­тывалю на працягу многіх гадоў. Таццяна Вітальеўна адзначыла эмацыяналь­насць маштабнага свята дружбы, якое раз на два гады традыцыйна паказвае, наколькі мы дружныя і міралюбівыя, адкрытыя і гасцінныя.

— Апошнім часам часта прадстаўлялі беларускія танцы далёка за межамі роднай Беларусі. Адным з яркіх стаў фестываль “Натхненне” ў Казані, дзе мы ўзялі гран-пры. Арганізатары гэтага конкурснага мерапрыемства былі шчыра ўражаны нашымі нацыянальнымі касцюмамі. А па-іншаму не можа і быць, калі размова ідзе пра калектыў з краю, які славіцца слуцкімі паясамі, — падзялілася кіраўнік і заснавальнік узорнага ансамбля танца “Папараць-кветка” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Лаўрова.

Многія з узнагароджаных калектываў прадэманстравалі сваю творчасць і гасцям XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Фота прадастаўлена кіраўніком ансамбля

— Нашы юныя аматары творчасці з вялікім задавальненнем выступалі на галоўнай фестывальнай сцэне, і глядач сустракаў іх авацыямі — як добра знаёмых артыстаў, — адзначыла адзін з кіраўнікоў заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ансамб­ля танца “Лялечкі” Таццяна Андрушэўская.

За 45 гадоў у ансамб­лі склалася шмат традыцый. Напрыклад, пераемнасць пакаленняў. Многія бацькі цяперашніх удзельнікаў калектыву самі ў свой час выступалі з “Лялечкамі”. Калі казаць аб заслугах, то іх сотні. Ансамбль — неаднара­зовы лаўрэат і прызёр многіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара, Арцёма Турлая і БелТА