Праект “Яблыневы сад “Перамога” сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава адзначаны грантам Прэзідэнта Беларусі на 2024 год.
Школьны сад — частка гісторыі нашай установы адукацыі, яе спадчына. Закладзены ён у 1961 годзе. Саджанцы яблынь былі прывезены з Лосвідскага лясніцтва. Мінула ўжо больш за 60 гадоў, а яблыні і зараз радуюць не толькі навучэнцаў і педагогаў, але і ўсіх жыхароў мікрараёна.
У 2022 годзе ў рамках рэспубліканскай акцыі “Сад надзеі” мы аднавілі некаторыя пасадкі, правялі абрэзку дрэў. З ініцыятывай далучыцца да акцыі і працягнуць яе выступілі педагогі, навучэнцы і іх законныя прадстаўнікі. У выніку нарадзіўся наш сацыяльна значны праект “Яблыневы сад “Перамога”, што потым стаў эфектыўным асяроддзем для выхавання грамадзянскасці і патрыятызму маладога пакалення. Дарэчы, падчас правядзення падрыхтоўчых работ па добраўпарадкаванні саду была знойдзена пяцікапеечная манета 1961 года выпуску, якая была перададзена ў школьны музей.
Яблыневы сад “Перамога” на прышкольнай тэрыторыі падзелены на чатыры тэматычныя сектары. Першы сектар прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут устаноўлена тэматычная лаўка, выкананая ў форме зоркі — сімвала перамогі нашага народа. Для вырабу гэтай архітэктурнай формы выкарыстоўваліся часткі старой школьнай мэблі. Другі сектар — “Вызваленне Віцебска”. Наш горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 чэрвеня; памятная дата ўвекавечана ў назве вуліцы, дзе размешчана наша школа. У гэтым сектары размешчана яшчэ адна тэматычная лаўка, камяні якой сімвалізуюць цвёрдасць духу нашага народа. Трэці сектар знаёміць з дасягненнямі настаўнікаў і іх вучняў. Прычым даведацца пра нашы перамогі можна і больш падрабязна, бо QR-коды на камянях накіроўваюць наведвальнікаў на адпаведную тэматычную старонку гісторыі школы. Чацвёрты сектар — “Памяць пра Афганістан”. Наша ўстанова адукацыі з гонарам носіць імя Героя Савецкага Саюза воіна-інтэрнацыяналіста Васіля Піменава. Па задуме аўтараў праекта, кроны дрэў тут “ахутаны” сеткай з фотарамкамі без фатаграфій, што нагадваюць сучаснаму пакаленню пра тых маладых хлопцаў, якія не вярнуліся з Афганістана, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак.
Сумесна з маімі калегамі, настаўнікамі гісторыі Леанідам Маранавым і Наталляй Савіцкай, у рамках праекта мы пачалі распрацоўваць тэматычныя экскурсіі. Сёння яны ўжо становяцца традыцыйнымі для навучэнцаў нашай школы, імі пачалі актыўна цікавіцца прадстаўнікі іншых школ Кастрычніцкага раёна, жыхары мікрараёна. Работа ў гэтым напрамку ўяўляецца вельмі перспектыўнай.
Яблыневы сад cярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В. Піменава — месца памяці, увасабленне адзінства духоўнага і матэрыяльнага, непарыўнай сувязі часоў і пакаленняў. У мінулым чэрвені наш сад наведаў ганаровы госць з Калмыкіі Пётр Лявонцьевіч Лявонцьеў — удзельнік буйнамаштабнай ваеннай аперацыі “Баграціён” і баёў за вызваленне Віцебска ў складзе 1-га Прыбалтыйскага фронту. Мы правялі для Пятра Лявонцьевіча экскурсію. Ветэран пагутарыў з педагогамі і дзецьмі, падзяліўся сваімі ўспамінамі. На завяршэнне сустрэчы Пётр Лявонцьевіч падарыў для музейнай экспазіцыі два франтавыя фотаздымкі.
Як захавальнік музея пад адкрытым небам я з вучнямі пачала распрацоўку сайта праекта “Яблыневы сад “Перамога”, дзе размешчана апісанне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторыі школьнага яблыневага саду, інфармацыя пра ваенныя падзеі ў Віцебску ў 1941—1944 гадах (акупацыя, антыфашысцкая барацьба, вызваленне горада 26 чэрвеня 1944 года). Старонка сайта “Школа ўчора, сёння, заўтра” ўключае матэрыялы пра гісторыю стварэння нашай школы, асноўныя этапы развіцця, традыцыі і дасягненні. На рэсурсе прадстаўлены і шэраг творчых праектаў нашых навучэнцаў.
Матэрыялы сайта выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе пры вывучэнні ваеннай гісторыі горада, а таксама для арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць далучэнню вучняў да традыцый школы, гісторыі роднага горада. Гэтую платформу мы пастаянна ўдасканальваем, дапаўняем тэматычнымі матэрыяламі, новымі распрацоўкамі і праектамі.
Наталля ДЗІМАВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
cярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава