Прафілактыка жорсткасці і насілля ў сям’і: трэнінг для бацькоў

- 13:03Образование, Приложение, Психолог в школе

Пад жорсткім абыходжаннем з дзецьмі падразумяваецца дрэннае абыходжанне з дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў і адсутнасць клопату пра іх. Яно ахоплівае ўсе тыпы фізічнага ці эмацыянальнага жорсткага абыходжання, сексуальнага насілля, пагарды, няўвагі і эксплуатацыі ў камерцыйных ці іншых мэтах, што прыводзіць да нанясення рэальнай або патэнцыяльнай шкоды здароўю, развіццю або годнасці дзіцяці.

Наступствы жорсткага абыходжання ўключаюць па­жыццёвыя парушэнні фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека, а яго наступствы ў сацыяльнай і прафесійнай сферах могуць у канчатковым выніку запаволіць эканамічнае і сацыяльнае развіццё краіны. Праз эфектыўныя заняткі можна падтрымліваць бацькоў і фарміраваць у іх пазітыўныя навыкі выхавання дзяцей.

Заняткі праводзяцца з дапамогай інтэрактыўнага плаката.

Трэнінг для бацькоў

“Прафілактыка жорсткасці і насілля ў сям’і”

Абсталяванне: нарматыўна-­прававыя дакументы, праектар, карткі для дзялення на групы, памятка для бацькоў, фламастары; матэрыялы для вырабу калажу: газеты, часопісы, паштоўкі, фарбы, алоўкі, фламастары, клей ПВА, нажніцы, сі­луэтная выява матылька, музычны прайгравальнік, музычныя запісы, фільм Ралана Быкава “Я сюды больш ніколі не вярнуся”.

 

Ход заняткаў

I.Падрыхтоўчы этап

Псіхолаг. Насілле ў сям’і — сур’ёзная і распаўсюджаная ў свеце праблема. Яно ўплывае на жыццё дзяцей і падлеткаў: вялікая колькасць дзяцей у Беларусі штогод назірае акты насілля ў сям’і. Існуе праблема: жанчыны забіраюць свае заявы з міліцыі аб тым, што сутыкнуліся з сямейным насіллем. Паводле даных даследаванняў, дзеці мацярэй, якія падвергліся здзекам, у ­шэсць разоў часцей спрабуюць скон­чыць жыццё самагубствам, а 50% такіх дзяцей маюць схільнасці да ўжывання наркотыкаў і алкаголю. Часта бацькі скардзяцца на псіханеўралагічныя расстройствы ў дзяцей — бяссонніцу, энурэз, а таксама саматычныя — сар­дэчна-сасудзістыя расстройствы, парушэнні стрававання, астму і г.д.

У сем’ях, дзе прыняты дырэктыўныя, жорсткія формы выхавання або дзіця празмерна апякуюць, не ўлічваюцца яго патрэбы і псіхаэмацыянальныя асаблівасці, бацькі не ўсведамляюць жорсткіх паводзін з дзецьмі. Яны лічаць, што жорсткія ўмовы выхавання карысныя, і не разумеюць, што гэта негатыўна ўплывае як на псіхіку дзіцяці, так і на стан яго саматычнага здароўя.

Самі дзеці, якія падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і насіллю, звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу вельмі рэдка. Перш за ўсё, гэта выпадкі сексуальнага насілля ў адносінах да падлеткаў, збіванне бацькамі

II.Асноўны этап

Што ж такое жорсткае абыходжанне з дзецьмі? Як адрозніць паслядоўныя дзеянні бацькоў пры выхаванні ў дзіцяці дысцыплінаванасці і адказнасці ад іх гвалтоўных дзеянняў? (Дыялог-разважанне з бацькамі аб відах і формах жорсткага абыходжання з дзецьмі.)

Прагляд кароткаметражнага фільма Ралана Быкава “Я сюды больш ніколі не вярнуся”. (Абмеркаванне эмоцый, перажытых падчас прагляду фільма.)

Практыкаванне 1. “Віды дамашняга насілля” (8 мінут)

Матэрыялы: ліст паперы фармату А1, каляровыя лісткі, якія клеяцца, з запісанымі на іх дзеяннямі.

Ход работы: удзельнікі ў працэсе мазгавога штурму вызначаюць асноўныя віды дамашняга ­насілля (фізічнае, псіхалагічнае ці эмацыянальнае, сексуальнае, эканамічнае).

Вядучы запісвае гэтыя віды насілля на лісце паперы фармату А1. Затым раздае ўдзельнікам адрыўныя лісткі, дзе запісана нейкае дзеянне, якое з’яўляецца насіллем. Удзельнікі вызначаюць, да якога віду яно адносіцца, і прыклейваюць лісток да вялікага ліста з адпаведнай назвай віду насілля. Вядучы чытае надпіс на кожным лістку і разам з групай вызначае, ці правільна ён наклеены.

Каментарый: звярніце ўвагу на тое, што некаторыя дзеянні, напісаныя на лістках, могуць адносіцца адначасова да некалькіх відаў насілля; улічыце, што могуць узнікнуць спрэчкі наконт таго, да якога віду насілля можна аднесці тое ці іншае дзеянне. Вядучы павінен весці дыскусію, прыслухоўвацца да меркавання групы, а не вырашаць спрэчку аднаасобна.

Псіхолаг. Жорсткае абыхо­джанне з дзецьмі — гэта не толькі пабоі, нанясенне ран, сексуальныя дамаганні і іншыя дзеянні, якімі дарослыя людзі калечаць дзіця. Гэта прыніжэнне, здзекі, розныя формы знявагі, якія ра­няць дзіцячую душу. Пагарда можа выяўляцца ў тым, што бацькі не забяспечваюць дзіця неабходнай колькасцю ежы, адзення, сну, гігіенічнага догляду. Акрамя таго, пагарда праяўляецца ў недахопе з боку бацькоў павагі, увагі, ласкі, цяпла.

Пры зносінах у сям’і могуць зусім натуральна ўзнікаць канфлікты і сваркі, але не ўсе яны з’яўляюцца насіллем.

Практыкаванне 2. “Казка пра матылька сноў” (30 мінут)

Матэрыялы і абсталяванне: ліст паперы фармату А4, фламас­тары; матэрыялы для вырабу калажу: газеты, часопісы, паштоўкі, фарбы, алоўкі, фламастары, клей ПВА, нажніцы, сілуэтная выява матылька, музычны прайгравальнік, музычныя запісы.

Псіхолаг. Для выканання наступнага задання нам неабходна намаляваць матылька. (Наступны тэкст прызначаны для дарослага: сімвалічнае значэнне матылька можна растлумачыць для далейшай работы.)

Матылёк у многіх культурах — сімвал душы, бессмяротнасці, адраджэння і ўваскрэсення, бо гэтая крылатая нябесная істота з’яўляецца на свет са звычайнага вусеня. У кельтаў ён увасабляе душу і агонь, у кітайцаў — бессмяротнасць, дастатак і ра­дасць. Матылькі дапамагаюць душы “вярнуцца” ў сваё цела. А на крылах яны нясуць успаміны аб падарожжы душы.

Можна папрасіць удзельнікаў заплюшчыць вочы. Пад медытатыўную музыку псіхолаг расказ­вае казку.

“У адной чароўнай краіне на вялікім кветкавым лузе жы­вуць матылькі сноў. Днём яны часцей за ўсё спяць, утульна ўладкаваўшыся ў бутонах кветак. Але з надыходам ночы яны прачынаюцца і разлятаюцца па ўсім свеце. Кожны матылёк спяшаецца наведаць свайго чалавека — дзіця або дарослага.

У матылька сноў дзіўныя крылы. Адно крыло матылька светлае. Яно пахне кветкамі, летнім дажджом і ласункамі. Гэтае крыльца пакрыта рознакаляровымі пылінкамі добрых і вясёлых сноў, і калі матылёк узмахне над чалавекам гэтым крыльцам, то яму ўсю ноч сняцца добрыя, прыемныя сны.

Але ў матылька ёсць і другое, цёмнае крыльца. Яно пахне балотам і пакрыта чорным пылам страшных і маркотных сноў. Калі матылёк узмахне над чалавекам цёмным крылом, то ўначы яму прысніцца непрыемны сон.

Кожнаму чалавеку матылёк сноў дорыць і добрыя, і страшныя сны. Пастарайцеся ўспомніць свае самыя прыемныя сны (паўза), а зараз — самыя страшныя сны аб вашых адносінах са сваім дзіцем. Расплюшчыце вочы.

Вазьміце ліст з намаляваным сілуэтам матылька. З дапамогай каляровых алоўкаў, фарбаў, любых іншых сродкаў (выразак з газет, часопісаў) на адным крыле пастарайцеся адлюстра­ваць змест свайго страшнага сну, а на другім крыле — змест прыемных сноў. У колеры перадайце сваё эмацыянальнае стаўленне да свайго дзіцяці. Намалюйце твар матылька.

(Пасля вырабу калажу бацькі прадстаўляюць сваю работу. Далейшае ўзаемадзеянне псіхолага з бацькамі ажыццяўляецца з улікам задач карэкцыі або кансультавання, а таксама інтэлек­туальных і рэфлексіўных магчымасцей удзельнікаў трэнінгу.)

Практыкаванне 3. “Абіранне цыбуліны” (5 мінут)

Псіхолаг. Заплюшчыце вочы, расслабцеся. Уявіце сябе вялікай цыбулінай, якая складаецца з мноства слаёў. Звонку знаходзіцца тонкае карычневае шалупінне. Гэта ваша знешняе “Я”. Гэта слой вашых масак і паводзін у грамадстве. Зняўшы гэты слой, назірайце з’яўленне вобраза, які ўвасабляе іншае “Я”. Проста назірайце гэты вобраз і звярніце ўвагу на яго.

III. Завяршальны этап

Псіхолаг звяртаецца да ўдзельнікаў з прапановай скласці яму тэлеграму, якая змяшчала б адказы на такія пытанні:

— Што вы думаеце аб праве­дзеным трэнінгу?

— Што было для вас важным?

— Што вам спадабалася?

— Ці апраўдаліся вашы чаканні?

Практыкаванне 4. “Пасланне свайму дзіцяці” (10 мінут)

Удзельнікам прапануецца закончыць сказы: “Я хачу сказаць свайму дзіцяці…” (аб неабходнасці дысцыплінаванасці, чуласці, талерантнасці і г.д).

Юлія НЕСЦЯРЭНЯ,
педагог-псіхолаг Конкавіцкай сярэдняй школы
Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі