Профільны аздараўленчы лагер “ПрафСТАРТ” адкрыўся ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Навучэнцы 10х класаў педагагічнага і аграрнага профіляў, якія ўжо наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, і дзевяцікласнікі, якія толькі вызначыліся з профілем на будучы навучальны год, маюць магчымасць пераканацца ў правільнасці выбранага кірунку. Супрацоўнікамі ГрАІРА сумесна з ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам для школьнікаў створаны ўмовы для прафесійнага самавызначэння і фарміравання пазітыўнай устаноўкі на выбар будучай прафесіі, развіцця інтэлектуальнага, духоўнага патэнцыялу, творчых здольнасцей і інтарэсаў.
Лагер “ПрафСТАРТ” упершыню стартаваў у мінулым годзе, аднак у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай працаваў у анлайнрэжыме. Адметнасць бягучай змены — адначасовае спалучэнне афлайн і анлайнфарматаў.
75 навучэнцаў 10х класаў размясціліся ў лагеры на базе інстытута. На працягу 15 дзён яны будуць узаемадзейнічаць з прафесіяналамі сваёй справы, атрымаюць профільнае суправаджэнне і куратарства, даведаюцца аб тонкасцях прафесій, змогуць праявіць сябе ў многіх крэатыўных мерапрыемствах, створаць арыгінальны электронны прадукт у выбраным медыярэсурсе. Юнакі і дзяўчаты прымуць удзел у маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, праекце “Starтынэйджар”, майстаркласе “Летняя фларыстыка”, наведаюць Музей гісторыі пажарнай службы Гродна, музей пчалярства.
Змястоўная праграма прадугледжана і для дзевяцікласнікаў, якія правядуць час у фармаце анлайн. Галоўнае, што кожнае з мерапрыемстваў, у якіх яны прымуць удзел, не выходзячы з дома, будзе насіць прафарыентацыйны характар. Напрыклад, яны пройдуць прафарыентацыйную вэбдыягностыку, дзякуючы чаму змогуць больш дэталёва даведацца, якая прафесія ім падыходзіць, паспрабуюць сябе ў якасці блогераў і здымуць матэрыял для магчымага відэаблога.
— Упэўнена, за профільнымі прафарыентацыйнымі лагерамі будучыня, — лічыць рэктар Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Яны даюць магчымасць школьніку на пэўны адрэзак часу акунуцца ў рэальную прафесію, пад кіраўніцтвам педагогаў, навукоўцаў паспрабаваць сябе ў якасці настаўніка або работніка аграрнай галіны. Гэта вельмі добра, бо на факультатывах можна атрымаць толькі тэарэтычныя веды. Адна справа для будучых настаўнікаў — авалодаць пэўнымі методыкамі, і зусім іншая — арганізаваць дзяцей у класе, завалодаць іх увагай, зацікавіць.
Якія спецыяльнасці прапануюць будучым абітурыентам установы вышэйшай адукацыі Гродзеншчыны, дзе чакаюць будучых педагогаў і аграрыяў, расказалі адказны сакратар прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова, прарэктар па вучэбнай рабоце Іван Дарашкевіч і дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Віктар Паплеўка.
Ужо ў першы дзень у лагеры юнакі і дзяўчаты здолелі падрыхтаваць музычныя і танцавальныя нумары, візіткі кожнага атрада, адразу заявіўшы пра сябе як людзей актыўных, ініцыятыўных і крэатыўных. Нездарма змена носіць назву “Рабі! Адпачывай! Пазнавай!”. Наперадзе ў іх сапраўды цікавыя дні. У залежнасці ад профілю адны маладыя людзі наведаюць Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і пазнаёмяцца з яго факультэтамі, спецыяльнасцямі і спецыялізацыямі, другія — правядуць трэнінгі і педагагічныя пробы ва ўстановах адукацыі. Іх чакаюць і цікавыя сумесныя мерапрыемствы.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.