Прайграўшых не было

- 15:43Навіны рэгіёнаў, Рознае

Напярэдадні святкавання Дня настаўніка на Магілёўшчыне падвялі вынікі абласнога фестывалю “Павышэнне эфектыўнасці педагагічнай дзейнасці праз выкарыстанне аўтарскіх інфармацыйных рэсурсаў”.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі і ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, а галоўнай мэтай мерапрыемства стала павышэнне якасці адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі вобласці, стымуляванне распрацовак і ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Варта адзначыць, што падобны фестываль праводзіўся ў рэгіёне ўпершыню. Аднак, нягледзячы на гэта, удзел у ім прынялі больш як 50 педагогаў.
Яны прадставілі на суд журы фестывалю як персанальныя, так і калектыўныя аўтарскія прадукты, якія забяспечваюць інтэрактыўнасць і камунікатыўнасць, а таксама павышэнне эфектыўнасці і якасці навучання па праграмах агульнай сярэдняй адукацыі. Адметна і тое, што свае распрацоўкі электронных сродкаў навучання настаўніцтва вобласці прадстаўляла па розных напрамках адукацыйнай дзейнасці.
Педагогі дэманстравалі электронныя адукацыйныя кантэнты, якія спрыяюць удасканаленню арганізацыі навучання па вучэбных прадметах, правядзенню пазакласных мерапрыемстваў, арганізацыі дзейнасці метадычнай службы ўстаноў адукацыі. Нядзіўна, што і колькасць конкурсных намінацый на фестывалі была адпаведнай.
Журы выбірала лепшых у намінацыях “Гуманітарныя дысцыпліны” і “Прыродазнаўчанавукова-матэматычныя дысцыпліны”, якія аб’ядналі ў сабе такія вучэбныя прадметы, як руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, замежныя мовы, гісторыя, грамадазнаўства, матэматыка, інфарматыка, фізіка, астраномія, хімія, біялогія, геаграфія; намінацыі “Тэхналогія”, якая ўключыла ў сябе распрацоўкі па працоўным навучанні, чарчэнні, выяўленчым мастацтве, а таксама па намінацыях “Фізічная культура і здароўезберажэнне”, “Пачатковая адукацыя”, “Спецыяльная адукацыя”, “Метапрадметныя электронныя рэсурсы”, “Выхаваўчая, пазакласная і пазаўрочная работа”, “Інфармацыйна-камунікацыйны сэрвіс арганізацыі адукацыйнага працэсу”.
Прадстаўленых па кожнай намінацыі праектаў было нямала. Таму праводзіўся абласны фестываль у два этапы. У пачатку суддзі правялі завочны адборачны тур, па выніках якога былі абраны 28 фіналістаў. Менавіта яны сталі ўдзельнікамі тура вочнага, падчас якога на спецыяльна арганізаванай выставе ажыццяўлялі прэзентацыі сваіх распрацовак. І трэба сказаць, што кожная з работ, якія прэзентаваліся, заслугоўвала ўвагі, а таксама адрознівалася навізной ідэй, актуальнасцю і выразнай узаемасувяззю паміж выкарыстаннем IT-тэхналогій у праекце і вынікамі, якія дасягаліся ў ходзе яго рэалізацыі.
Напрыклад, Галіна Мікалаеўна Бяляева з сярэдняй школы № 34 Магілёва прадставіла на фестываль адразу два праекты — “Электронная энцыклапедыя “Гісторыя Магілёва” і “Абарона Магілёва: 23 гераічныя дні”. Абедзве работы значна павышаюць цікавасць вучняў да вывучэння гісторыі. Ірына Аляксееўна Лосева і Уладзіслаў Аляксандравіч Малашкаў з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2 распрацавалі вельмі важны для любога старшакласніка web-рэсурс “Экзамен па англійскай мове на “10”. Іна Леанідаўна Белабародава і Маргарыта Яраславаўна Чарнейка з сярэдняй школы № 1 Бабруйска стварылі “Жывую азбуку” для вучняў пачатковых класаў, а Аляксандр Эдуардавіч Плятнёў, Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч і Сяргей Віктаравіч Гусеў з ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта распрацавалі “Сайт клуба юных фізікаў”.
Цікавымі былі і распрацоўкі астатніх удзельнікаў выставы-прэзентацыі. Напэўна таму прайграўшых сярод іх не аказалася. Кожны з педагогаў быў адзначаны сертыфікатам фіналіста фестывалю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена МДАІРА.