Практычная пляцоўка

- 8:38Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Як арганізаваць актуальны педсавет? Як зрабіць так, каб цікава і карысна было кожнаму ўдзельніку? Напэўна, гэтыя пытанні гучаць у настаўніцкіх і кабінетах адміністрацыі навучальных устаноў пастаянна. Вопытныя намеснікі дырэктараў ведаюць: каб правесці эфектыўны педагагічны савет, трэба рыхтавацца загадзя. Прычым не толькі самім. У гэтым працэсе ўдзельнічае ўвесь педагагічны калектыў. Па такой схеме працуюць у Вязынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Сёння намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы Алена Аляксандраўна Грыпініч дзеліцца вопытам правядзення педсавета на тэму “Кампетэнтнасны падыход у арганізацыі адукацыйнага працэсу як адна з умоў павышэння якасці адукацыі”. Разам з ёй мы расстаўляем акцэнты.

Падрыхтоўка да педсавета

— Правядзенню педагагічнага савета папярэднічала падрыхтоўчая работа, якая неабходна для пагружэння ў тэму. Калі коратка, то мы пачалі з падбору інфармацыі па кампетэнтнасным падыходзе ў навучанні. Назапасіўшы неабходны матэрыял, стварылі буклет у дапамогу настаўніку. Затым на працягу месяца педагогі школы займаліся самаадукацыяй па гэтай тэме. Наступным этапам стала правядзенне дэкады адкрытых кампетэнтнасных урокаў, падчас якой настаўнікі праводзілі свае і хадзілі на ўрокі да калег, займаліся аналізам і самааналізам.


Пасля настаўнікі-прадметнікі правялі мікрадаследаванне па ацэнцы прафесійных кампетэнцый калег і практычную работу “Метады і прыёмы, якія выкарыстоўваліся для развіцця кампетэнцый навучэнцаў”. Да пачатку правядзення педагагічнага савета педагогі школы змаглі не толькі вывучыць тэарэтычныя асновы кампетэнтнаснага падыходу, але і праверыць, як гэты падыход працуе на ўроку.

Мэтай нашага педсавета стаў аналіз сфарміраванасці прафесійнай кампетэнтнасці педагога, вызначэнне актуальных праблем рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу, фарміраванне ў членаў педагагічнага савета такіх кампетэнцый, як уменне рабіць самааналіз прафесійнай дзейнасці, ажыццяўляць вучэбнае супрацоўніцтва і прафесійную камунікацыю для вырашэння практычных задач вучэбнай і педагагічнай дзейнасці, уменне праектаваць кампетэнтнасны ўрок. Паколькі педкалектыў быў у тэме падкаваны, то формай правядзення педсавета стала практычная пляцоўка.

Прыкладны сцэнарый

— Каб цалкам акунуцца ў тэму нашага педсавета, мы звярнуліся да метаду “Асацыяцыі” і працавалі ў групах. Настаўнікі на картках пісалі, якія асацыяцыі ў іх узнікаюць, калі яны чуюць слова “кампетэнтнасць”. Затым было маё выступленне.

Наступны этап — аналітычны. Яго тэмай стала сістэма ацэнкі прафесійнай дзейнасці настаўніка. На гэтым этапе педагогам прапаноўвалася на аснове самааналізу вызначыць асабістыя прафесійныя кампетэнцыі (апераджальнае дамашняе заданне). Для ацэньвання агульнай сітуацыі неабходна было выканаць наступнае заданне: у чырвонай табліцы ўпісаць сваё прозвішча ў тыя калонкі, з чым існуе праблема (развіццё кампетэнцый на крытычным узроўні), у зялёную — якія кампетэнцыі лепш за ўсё развіты. Тут жа, калі ёсць неабходнасць і жаданне, можна паслухаць каментарыі педагогаў.

Пасля настаўнікам былі раздадзены карты-памочнікі для ліквідацыі праблемных пунктаў. Такі крок з’яўляецца адной з форм метадычнай работы па развіцці прафесійных кампетэнцый.

Наступным этапам педсавета стала майстэрня прафесійных кампетэнцый. Тут была арганізавана работа ў групах з наступным прадстаўленнем выкананага задання. Прапаноўвалася знайсці адрозненні па асобных крытэрыях паміж кампетэнтнасным падыходам і традыцыйным.

Пры прэзентацыі апераджальнага дамашняга задання былі падведзены вынікі практычнай работы “Метады і прыёмы, якія выкарыстоўваюцца для развіцця кампетэнцый вучняў”. Далей у нас выступалі настаўнікі, якія на аснове асабістага вопыту або на аснове выяўленага ў ходзе наведаных урокаў калег гаварылі пра тыя метады і прыёмы, якія спрыяюць развіццю тых ці іншых кампетэнцый.

У віртуальнай майстэрні адбылося знаёмства з алгарытмам пабудовы ўрока ў сістэме кампетэнтнаснага навучання (з абмеркаваннем у групах, на аснове матэрыялаў прэзентацыі). У педагагічнай майстэрні — складанне тэхналагічнай карты кампетэнтнаснага ўрока з наступнай прэзентацыяй і абмеркаваннем (работа ў групах па зададзеных тэмах і прадметах).

Наступным этапам стала падвядзенне вынікаў, рэфлексія “Усё ў тваіх руках”. Каб дапамагчы педагогам, былі раздадзены памяткі па рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыйным працэсе. Дамашнім заданнем для настаўнікаў-прадметнікаў стала распрацоўка праекта мадэлі выпускніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Гэтым яны будуць займацца на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў.

Зместавае напаўненне

— Мы ўвесь час задаёмся пытаннямі “Як вучыць дзяцей?”, “Як развіваць у іх унутраную матывацыю да вывучэння прадметаў?”, “Якім спосабам дзейнасці вучыць школьнікаў?”. Адказы на гэтыя пытанні дае кампетэнтнасны падыход у навучанні.

Кампетэнтнасны падыход акцэнтуе ўвагу на выніку адукацыі. А вынік не сума засвоенай інфармацыі, а здольнасць чалавека дзейнічаць у розных праблемных сітуацыях. Акцэнт робіцца на дзейнасным змесце, на тым, якімі спосабамі вучыць. Кампетэнцыі — гэта ўзровень адукаванасці, які ацэньваецца ў залежнасці ад сферы дзейнасці і ступені нявызначанасці сітуацый, у якіх навучэнец можа дзейнічаць самастойна. Акрамя таго, узровень адукаванасці залежыць ад магчымых спосабаў дзейнасці, якімі валодае навучэнец, і ад пераваг у выбары аднаго з гэтых спосабаў.

Што тычыцца школьнага навучання, то тут кампетэнцыі разумеюцца ў наступных формах. Вучань павінен быць здольны эфектыўна дзейнічаць не толькі ў вучэбнай дзейнасці, але і ў іншых сферах. Ён павінен умець вырашаць праблемы, якія з’яўляюцца актуальнымі для школьнікаў. Вучню неабходна прымаць самастойныя рашэнні і знаходзіць спосабы рэалізацыі гэтых рашэнняў, а таксама самастойна ацэньваць атрыманыя вынікі.

Асновай фарміравання кампетэнцый з’яўляецца вопыт навучэнцаў (кампетэнцыя = веданне + вопыт), атрыманы найперш у жыццёвых і вучэбных сітуацыях і актуалізаваны на ўроку або ў пазаўрочнай дзейнасці. Вопыт можа быць новым, атрыманым “тут і цяпер” падчас праектнай дзейнасці, ролевых гульняў, псіхалагічных трэнінгаў і г.д.

Кампетэнцыi маюць важную асаблівасць: у адрозненне ад ведаў, уменняў і навыкаў, якія заўсёды захоўваюцца ў гатовым да выкарыстання выглядзе, кампетэнцыя збіраецца толькі ў момант яе рэалізацыі — у адказ на сітуацыю. Галоўная прыкмета кампетэнтнаснага падыходу — здольнасць навучэнца да саманавучання ў далейшым. Асноўны вынік навучання — гатоўнасць выкарыстоўваць атрыманыя веды і ўменні ў незнаёмай жыццёвай сітуацыі. Вырашэннем шматлікіх праблем становіцца кампетэнтнасны падыход.

Веды ў навучанні перастаюць адыгрываць галоўную ролю (вызубрыў — малайчына!). Канечне, яны вельмі важныя, аднак галоўная задача адукацыі — навучыць школьніка карыстацца гэтымі ведамі для вырашэння розных праблем.

Новыя арыенціры

— Кампетэнтнасны падыход будуецца на неабходных кампетэнцыях, якімі павінен валодаць навучэнец: агульнакультурных і прафесійных.

Мэты школьнай адукацыі з пункту гледжання кампетэнтнаснага падыходу заключаюцца ў наступным:

1. Навучыцца вучыцца: вызначаць мэты пазнавальнай дзейнасці, выбіраць крыніцы інфармацыі, знаходзіць аптымальныя шляхі да мэты, ацэньваць вынікі і самастойна арганізоўваць сваю дзейнасць.

2. Навучыцца тлумачыць з’явы рэчаіснасці, іх сутнасць і прычыны, выкарыстоўваючы адпаведны навуковы апарат.

3. Навучыцца арыентавацца ў ключавых праблемах сучаснасці (эканоміцы, палітыцы, міжкультурным узаемадзеянні і г.д.).

4. Навучыцца арыентавацца ў свеце духоўных каштоўнасцей.

5. Навучыцца вырашаць праблемы, звязаныя з рэалізацыяй разнастайных сацыяльных роляў.

6. Навучыцца вырашаць праблемы, агульныя для розных відаў прафесійнай дзейнасці.

7. Навучыцца вырашаць праблемы прафесійнага выбару, уключаючы падрыхтоўку да далейшага навучання.

Такім чынам, навучанне прымае зусім новую форму. Прынцыпы, закладзеныя ў кампетэнтнасны падыход, павінны ў выніку вучыць самастойных, упэўненых у сабе асоб, тых, якія валодаюць дастатковымі кампетэнцыямі для далейшага жыцця, для самарэалізацыі і раскрыцця свайго патэнцыялу.

Найбольш запатрабаванымі якасцямі і ўменнямі з’яўляюцца самаразвіццё (здольнасць да самаадукацыі), вырашэнне праблем зносін (вусная і пісьмовая камунікацыя), праца з іншымі (супрацоўніцтва), валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі, адаптацыя на рынку працы (эфектыўныя паводзіны на рынку працы, прадпрымальніцкая дзейнасць).

Ключавыя кампетэнцыі

— Каб развіваць такія якасці і ўменні, неабходна выдзеліць ключавыя кампетэнцыі, якія павінны стаць асновай навучання ў школе.

Да вучэбных адносяцца ўменне ставіць мэту і арганізоўваць яе дасягненне, уменне патлумачыць сваю мэту. Арганізоўваць планаванне, аналіз, рэфлексію, самаацэнку сваёй вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Задаваць пытанні, шукаць прычыны з’яў, ставіць пазнавальныя задачы і вылучаць гіпотэзы, выбіраць умовы правядзення назірання або вопыту. Выбіраць неабходнае абсталяванне і прыборы, валодаць вымяральнымі навыкамі, апісваць вынікі, фармуляваць высновы, выступаць з вынікамі свайго даследавання, у тым ліку з выкарыстаннем камп’ютарных сродкаў і тэхналогій, звязваць разам і выкарыстоўваць асобныя часткі ведаў.
Даследчыя кампетэнцыі — гэта атрыманне і апрацоўка інфармацыі, зварот да розных крыніц даных і іх выкарыстанне, арганізацыя кансультацыі з экспертам, прадстаўленне і абмеркаванне розных відаў матэрыялаў у разнастайных аўдыторыях, выкарыстанне дакументаў і іх сістэматызацыя ў самастойна арганізаванай дзейнасці.

Сацыяльна-асобасныя кампетэнцыі ўключаюць уменні крытычна разглядаць той ці іншы аспект развіцця нашага грамадства, бачыць сувязі паміж сапраўднымі і мінулымі падзеямі, ацэньваць сацыяльныя асновы, звязаныя са здароўем, спажываннем і навакольным асяроддзем. Акрамя таго, гэта валоданне ведамі і вопытам выканання тыповых сацыяльных роляў (сем’яніна, грамадзяніна, працаўніка, спажыўца, пакупніка), разуменне твораў мастацтва і літаратуры, валоданне культурнымі нормамі і традыцыямі, эфектыўнымі спосабамі арганізацыі вольнага часу.

Камунікатыўныя кампетэнцыі — уменні выслухаць і браць пад увагу погляды іншых людзей, дыскутаваць і абараняць свой пункт гледжання, разумець, гаварыць, чытаць і пісаць на некалькіх мовах, выступаць на публіцы; самавыражэнне ў літаратурным творы, а таксама ўменне чытаць графікі, дыяграмы і табліцы даных.

Інфармацыйныя кампетэнцыі — валоданне навыкамі работы з рознымі крыніцамі інфармацыі: даведнікамі, атласамі, картамі, вызначальнікамі, энцыклапедыямі, каталогамі, слоўнікамі, інтэрнэтам; самастойна шукаць і здабываць, сістэматызаваць, аналізаваць і адбіраць неабходную інфармацыю, пераўтвараць, захоўваць і перадаваць яе; арыентавацца ў інфармацыйных плынях, умець выдзяляць у іх галоўнае і неабходнае; валодаць навыкамі выкарыстання інфармацыйных прылад; выкарыстоўваць для вырашэння задач інфармацыйныя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі.

Асобасна-адаптыўныя кампетэнцыі ўключаюць выкарыстанне новай інфармацыі і камунікатыўных тэхналогій, прыдумванне новых рашэнняў, праяўленне гібкасці. Яшчэ гэта праяўленне ўпартасці і стойкасці перад цяжкасцямі, падрыхтаванасць да самаадукацыі і самарэалізацыі.

Валодаць здароўезберагальнымі кампетэнцыямі — азначае мець вопыт арыентацыі і экалагічнай дзейнасці ў прыродным асяроддзі, ведаць і выконваць правілы паводзін у экстрэмальных сітуацыях (прыродных і сацыяльных), пазітыўна ставіцца да свайго здароўя, ведаць і выконваць правілы асабістай гігіены, умець клапаціцца пра ўласнае здароўе, асабістую бяспеку, валодаць спосабамі аказання першай медыцынскай дапамогі.

Тэхналогіі ў дапамогу

— Базавымі тэхналогіямі, якія падтрымліваюць кампетэнтнасны падыход у навучанні, з’яўляюцца тэхналогіі праблемнага, праектнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, кагнітыўнага навучання, навучання ў глабальнай інфармацыйнай супольнасці.

Падсумоўваючы, адзначу, што кампетэнтнасны падыход прадугледжвае засваенне навучэнцамі рознага роду ўменняў, якія дазволяць ім у будучыні дзейнічаць эфектыўна ў сітуацыях асабістага, прафесійнага і грамадскага жыцця. Асаблівае значэнне надаецца ўменням, якія дазваляюць дзейнічаць у новых, нязвыклых, праблемных сітуацыях.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.