Прастора для матывацыі: у гродзенскай школе № 38 створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для педагогаў і навучэнцаў

- 14:21Пресс-тур «Настаўніцкай»

Сярэдняя школа № 38 імя Кірылы Тураўскага Гродна з’яўляецца прасторай для матывацыі. Тут створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для дзяцей, каб вучыцца, для педагогаў, каб прафесійна ўдасканальвацца, і для бацькоў, каб самаразвівацца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Лілія Кір’як, педагагічным калектывам вядзецца сістэмная работа па ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчай прасторы.

Прафесійны рост настаўнікаў заўсёды ў прыярытэце, таму асаблівая ўвага — маладым педагогам. Для аказання ім метадычнай дапамогі ў навучальнай установе функцыянуе школа маладога педагога. Тут вучаць дакладна разлічваць час на ўроку, лагічна будаваць паслядоўнасць яго этапаў, пера­адольваць цяжкасці пры тлумачэнні вучэбнага матэрыялу. Акрамя таго, маладым спецыялістам дапамагаюць асвоіцца ў новым калектыве, наладзіць правільныя адносіны з дзецьмі і бацькамі, развіць эмацыянальнае маўленне, каб зацікавіць вучняў на ўроках. У выніку маладыя педагогі пры падтрымцы старэйшых калег выпрацоўваюць індывідуальны стыль выкладання.

За апошнія тры гады ў 38-ю школу Гродна прыйшлі працаваць дзевяць маладых спецыялістаў. Многія з іх — выпускнікі гэтай школы і вучыліся ў педагагічных класах.

Настаўніцы Ларыса Юадайціс, Вольга Іванова, Вольга Вянско з маладымі калегамі сваімі падапечнымі

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Іванова з пачынаючымі настаўнікамі працуе з 2019 года. У 2024-м яна прыняла ўдзел у абласным конкурсе “Лідар настаўніц­тва” і апынулася ў ліку пераможцаў. На працягу пяці гадоў Вольга Іванаўна дапамагала стаць больш упэўненымі ў прафесіі двум маладым спецыялістам — Анастасіі Смолцы і Дар’і Амяльянчык.

— Працую ў некалькі этапаў, на кожным з якіх складаю індывідуальны план работы, вызначаю, што трэба зрабіць на працягу кожнага месяца. І этап (першы год) — перыяд адаптацыі, гэта самы складаны перыяд. ІІ этап (другі год работы) — працэс развіцця прафесійных уменняў, назапашвання вопыту, пошуку лепшых метадаў і прыёмаў работы з дзецьмі, фарміравання свайго стылю ў рабоце, заваявання аўтарытэту сярод дзяцей, бацькоў, калег. ІІІ этап (другі-трэці год работы) — станаўленне маладога спецыяліста як самастойнага настаўніка, псіхалагічна і прафесійна гатовага да педагагічнай дзейнасці, творчага пошуку і самаадукацыі, авалодання эфектыўнымі спосабамі пера­адолення цяжкасцей, якія ўзнікаюць у ходзе педагагічнай дзейнасці, — падзялілася Вольга Іванова.

Важным момантам з’яўляецца наведванне вопытным настаўнікам урокаў маладых спецыялістаў і выяўленне іх цяжкасцей. Таму ў працэсе назіранняў Вольга Іванаўна звяртае ўвагу на падрыхтоўку да ўрока, арганізацыйныя моманты, знаёміць сваіх падапечных з метадамі і прыёмамі работы вопытных настаўнікаў, прапануе метадычныя рэкамендацыі, дае практычныя парады.

— На пасяджэннях школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры вывучаем пытанні аб’ектыўнай ацэнкі ведаў школьнікаў, кіравання развіццём творчых здольнасцей навучэнцаў, гаворым пра асобасна арыентаваны падыход, элементы інавацыйных тэхналогій.

Цеснае ўзаемадзеянне са старэйшымі калегамі, іх прафесійная падтрымка і клопат дапамагаюць маладым настаўнікам не проста адаптавацца да новых умоў працы, а ­стаць запатрабаванымі ў вучнёўскім асяроддзі прафесіяналамі.

Сёння школа — гэта яшчэ і культурна-­асветніцкі цэнтр мікрараёна, які аб’ядноўвае дзяцей і іх бацькоў. Акрамя таго, тут арганізуецца комплексная дапамога бацькам, у тым ліку і мнагадзетным. У школе вучацца дзеці з 97 такіх сем’яў.

Педагогі-псіхолагі Алена Кучынская і Вераніка Шадзюль на трэнінгу з бацькамі

У межах рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт” арганізоўваецца работа па павышэнні педагагічнай і псіхалагічнай культуры мам і татаў. У цэнтры ўвагі — фарміраванне адказнага, пазітыўнага бацькоўства. Для павышэння педагагічных кампетэнцый з бацькамі праводзяцца гутаркі, кансультацыі, круглыя сталы, творчыя майстэрні.

У шосты школьны дзень дзейнічае кансультацыйны пункт “Педагогіка падтрымкі ў сямейным выхаванні”, дзе аказваецца псіхолага-педагагічная падтрымка сем’ям у выхаванні дзяцей. Каб дапамога была больш адраснай, сем’і падзелены на катэгорыі: маладыя бацькі, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей падлеткавага ўзросту, апякунскія і прыёмная сем’і, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама выхоўваюць цяжкіх падлеткаў.

Для аказання дапамогі сем’ям з дзецьмі, якія па­т­рабуюць павышанай педагагічнай увагі, ва ўстанове па суботах працуе школьны клуб “Нарнія”, дзейнасць якога ў першую чаргу накіравана на дзяцей, якія маюць цяжкасці ў навучанні і выхаванні. Яшчэ ў школе функцыянуе “Школа пазітыўнага бацькоўства”.

У выніку бацькі, у тым ліку і мнагадзетныя, становяцца актыўнымі ўдзельнікамі традыцыйных школьных спраў, часта запрашаюцца да ўдзелу ў агульнашкольных, раённых, гарадскіх мерапрыемствах: канцэртах, выставах, конкурсах. Педагогі школы актыўна прыцягваюць бацькоў да арганізацыі сумесных класных мерапрыемстваў.

Падчас наведвання школы нас запрасілі на міні-трэнінг, які праводзіўся для бацькоў. Ён праходзіў пад агульнай назвай “Творчая лабараторыя. Праектыўны метад МАК — ключ да гарманізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін”. Бацькі працавалі з метафарычнымі асацыятыўнымі картамі, якія дапамагалі ім зразумець і глыбей усвядоміць некаторыя бацькоўскія патрэбы і характарыстыкі. Як заўважылі мамы Жанна Шпадарук і Аксана Сцяпура-Ганенка, такое ўзаемадзеянне са школьнымі спецыялістамі вельмі дапамагае зразумець патрэбы свайго дзіцяці і дапамагчы іх рэалізаваць.

У 38-й гродзенскай школе немагчыма прайсці міма музея, прысвечанага хрысціянскім каштоўнасцям і народным традыцыям у сям’і.

— Наш школьны сямейны — створаны сям’ёй і для сям’і — музей з’яўляецца музеем свят у сям’і, дзе раскрываюцца сэнс, гісторыя і традыцыі як хрысціянскіх, так і народных свят. За сваю шматвяковую гісторыю беларускі народ стварыў унікальную самабытную культуру, дзе народныя святы і абрады спалучаюцца з хрысціянскімі традыцыямі, утвараючы непаўторны гарманічны сінтэз, — адзначыла кіраўнік музея Святлана Ходар.

Музей — месца прыцяжэння для ўсіх, бо сабраныя тут экспанаты здзіўляюць, заварожваюць і натхняюць. Музей мае культуралагічны профіль, бо ў кожнай экспазіцыі раскрываецца тэма народнай культуры, народнай педагогікі, сямейнай культуры і хрысціянскіх каштоўнасцей.

— Наш музей — сумесны праект школы і прыхода храма Сабора ўсіх Беларускіх Святых. Ён быў створаны ўсяго за год і пачынаўся з тэхнічнага памяшкання без вокнаў і металічных стэлажоў.

Экспазіцыя першай залы музея — “Народныя традыцыі ў сям’і” — фарміруе ўяўленне аб каштоўнасцях роднага ачага (сям’я — малая радзіма), раскрывае значэнне народных свят.

Экспазіцыя другой залы — “Хрысціянскія каштоўнасці ў сям’і”— раскрывае глыбінны сэнс хрысціянскіх свят, якія аб’ядноўваюць і ўмацоўваюць сям’ю (сям’я — малая царква), і ўключае 5 раздзелаў: “Біблія”, “Светлае свята — Каляды”, “Вялікдзень — свята свят”, “Пад покрывам тваім” (зямны шлях Багаро­дзіцы), “Храмы Гродна”.

Экспазіцыя трэцяй, новай залы — “Сімвалы эпохі” — выхоўвае патрыёта, грама­дзяніна, раскрывае тэму гісторыі краіны праз гісторыю сям’і.

Экспазіцыя чацвёртай залы — “Святыні зямлі беларускай” — фарміруе цікавасць да хрысціянскай спадчыны беларускага народа і паважлівае стаўленне да святынь роднага краю, — патлумачыла Святлана Юр’еўна.

 У сярэдняй школе № 38 імя Кірылы Тураўскага Гродна вучацца больш за 1500 дзяцей. Якасць адукацыі забяспечваюць 129 педагагічных работнікаў. У гэтым навучальным годзе ў скарбонцы школы 39 дыпломаў раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 11 — абласнога, 2 — заключнага.

У навучальнай установе дзейнічаюць тры класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, клас інжынернай накіраванасці. 152 навучэнцы вывучаюць кітайскую мову, паспяхова функцыянуе кабінет кітайскай мовы і культуры.

Ёсць два рэсурсныя цэнтры: раённы па прафарыентацыйнай рабоце і абласны “Духоўнасці жывая нітка” (рэалізуецца духоўна-маральны кірунак). Яшчэ адна асаблівасць школы — інклюзіўная адукацыя (функцыянуюць 6 класаў інтэграванага навучання і выхавання).

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА