«Праца цяжкая, але гэта мне пад сілу». Настаўніца Валянціна Тарасенка ўжо сёмы сезон працуе памочнікам камбайнера

- 10:42Главная, Новости

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Караваціцкай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна Валянціна Уладзіміраўна Тарасенка ўжо сёмы сезон працуе памочнікам камбайнера. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першы год калегі дзівіліся жаданню Валянціны Уладзіміраўны працаваць на жніве, бо гэта складаная фізічная праца, але абсалютна ўсе з павагай аднесліся да яе рашэння. 

— Колькі сябе памятаю, заўсёды падабалася мужчынская справа. На ўроках працы займалася з хлопчыкамі на станках. А ў 10 класе з’явілася магчымасць адзін раз на тыдзень выязджаць на заняткі на вучэбна-вытворчы камбінат. Разам з аднакласнікамі пайшла вучыцца на вадзіцеля катэгорыі B, C. Уяўляла сябе за рулём аўтамабіля, падабалася разбіраць, збіраць і рамантаваць машыны. А вось пячы пірагі — не маё. Спачатку хацела атрымаць пасведчанне трактарыста, але ў той год адкрылі вадзіцельскую групу і мы з аднакласнікамі вырашылі быць першымі ластаўкамі. Пасля заканчэння 11 класа на выпускным вечары нам уручылі запаветныя пасведчанні вадзіцеля, — успамінае Валянціна Ула­дзіміраўна.

Валянціна Уладзіміраўна шмат гадоў удзельнічае ў складзе каманды аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама ў турыстычных злётах. У 2022 годзе настаўніца заняла 2-е месца па лёгкай атлетыцы ў абласной спартакіядзе работнікаў сістэмы адукацыі.

Тут трэба дадаць, што муж маладой настаўніцы працаваў у калгасе трактарыстам. А ў летні перыяд перасаджваўся на камбайн.

— У мяне з’явілася жаданне таксама паспрабаваць свае сілы ў гэтай справе — у якасці памочніка камбайнера. Але прыйшлося пачакаць нейкі час, пакуль падрасце дачка. Муж, шчыра кажучы, асцерагаўся браць мяне сваім напарнікам, бо імі ў астатніх экіпажах працавалі мужчыны. Ён хваляваўся, што я не спраўлюся, — расказвае педагог. 

Перад выхадам на гэтую работу Валянціна Уладзіміраўна дамовілася з мужам, што дома яны муж і жонка, а на полі — камбайнер і памочнік.

— Прывілеяў на працы ніякіх у мяне няма. Напачатку муж шмат дапамагаў мне і падказваў. Так мы і спрацаваліся. Вядома, без гумару нікуды. Неяк у першыя дні ўдакладняла розныя нюансы. Пыталася, дзе адчыняецца бункер, дзе адкідваецца труба і што гэта за чырвоная кнопка на рычагу кіравання. А ў адказ пачула: гэта катапульта з кабіны для памочніка камбайнера. І па гэты дзень муж жартуе: калі не буду слухацца, то ён націсне кнопку, — смяецца настаўніца.

У абавязкі памочніка камбайнера ўваходзіць падрыхтоўка тэхнікі да выезду ў поле. Кожная раніца Валянціны Уладзіміраўны пачынаецца з агляду важных дэталей. Яна прыбірае рэшткі смецця і каласоў. Пра­дзьмухвае ад пылу фільтр і радыятар. Правярае, каб не было ніякіх паломак, глядзіць, дзе трэба што падкруціць ці адрамантаваць.

— Яшчэ абавязкова прамазваю маслёнкі, каб ролікі добра круціліся і не закліноўвалі падчас рабочага працэсу. Прыбіраю ў кабіне і начышчаю вокны, каб была выдатная бачнасць поля, бо падчас малацьбы шкло пакрываецца пылам. Таксама займаюся запраўкай камбайна. Фізічная праца цяжкая, але гэта мне пад сілу. Вопыт настаўніка фізічнай культуры і здароўя, несумненна, дапамагае ў гэтай справе. Вельмі ганаруся сваёй працай, таму што прыкладваю руку да кавалачка хлеба, які ляжыць у кожнага на стале, — тлумачыць Валянціна Уладзіміраўна. — Наш асабісты рэкорд — 1870 тон. Гэта было два гады назад. Увогуле, кожны сезон уваходзім у склад тысячнікаў. Заробленыя грошы накіроўваем на будаўніцтва дома. Ужо замянілі дах, абшылі сцены блок-хаўсам і нават пабудавалі гараж. Заробак не дзелім, мужу кажу, што ўсе гэтыя грошы — адзін заробак старшага камбайнера. Бо асноўная праца — яго.

Вучні Валянціны Уладзіміраўны, калі бачаць яе ў кабіне камбайна, заўсёды з ёй радасна вітаюцца. А пры сустрэчы абавязкова задаюць шмат пытанняў пра работу падчас жніва.

Калі дачка Валянціны Уладзіміраўны падрасла, яна таксама з задавальненнем стала прыязджаць да бацькоў на поле.

— Адвозіла тату каву, а потым заставалася там, каб паназіраць за працэсам. Яе цікавіла любая дробязь: як працуе камбайн, куды высыпаецца зерне, — адзначае Валянціна Уладзіміраўна. — Я сама кожны раз адчуваю захапленне, калі перада мной рассцілаецца неабсяжнае залатое мора.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА