Профільную змену праваслаўнай тэматыкі арганізавалі педагогі ў школьным лагеры Скідзеля

- 15:33Духовность и патриотизм, Новости

“Дарогамі дабра да святынь праваслаўя” ў кампаніі зацікаўленых і захопленых педагогаў ішлі вучні сярэдняй школы № 3 Скідзеля імя Я.М.Шаўчэнка. Для іх тут арганізавалі тэматычную профільную змену. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гэта наш першы вопыт падобнай работы, але зусім не выпадковы. Школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні і ў гэтым напрамку даўно працуе ў цесным узаемадзеянні з Беларускай Праваслаўнай Царквой, — адзначыла дырэктар прышкольнага аздараўленчага лагера “Вясёлкавы горад дабра” Ала Іадкоў­ская.

Кожны дзень профільнай змены меў пэўную тэматычную накіраванасць, звязаную з гісторыяй праваслаўных храмаў, а таксама з памятнымі датамі або святамі праваслаўнага і свецкага календара, якія адпавядаюць гэтаму дню.

— Так, у нас прайшлі дні, прысвечаныя Еўфрасінні Полацкай, Ксеніі Пецярбургскай, Сергію Раданежскаму. На прыкладзе святых дзеці разам з педагогамі разважалі, што значыць выраз “добрыя ўчынкі”, — расказала Ала Уладзіміраўна.

Усе дні пачыналіся з га­дзіны духоўнасці і разваг над такімі маральнымі паняццямі, як дабро і зло, пакора і гонар, міласэрнасць і любоў. А адно з цэнтральных месцаў было адведзена экскурсіям. Як віртуальным у рамках рэалізаванага ва ўстанове адукацыі праекта “Храмаў благавест святы”, так і рэальным.

— Арганізавалі для дзяцей паездку ў Мінск на экскурсію ў храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў па­мяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі. І трэба сказаць, нашы юныя адпачывальнікі засталіся пад вялікім уражаннем. Да таго ж наведалі і найбліжэйшыя да нас храмы — навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай і Свята-Міхайлаўскую царкву ў Скідзелі, храм Георгія Перамаганосца ў вёсцы Гушчыцы, — дадала педагог.

На працягу ўсёй змены ў лагеры працавала студыя “Рукадзелле на славу Божую”. Дзеці займаліся творчасцю па зададзенай тэматыцы дня і нават праводзілі майстар-класы для аднагодкаў.

А ў музычнай студыі “Музыка для душы” кожны дзень педагогі прапаноўвалі дзецям сы­граць на розных інструментах, у тым ліку лыжках, маракасах, трашчотках, дудачках.

— Пастараліся зрабіць запамінальным і завяршэнне кожнага дня нашага профільнага лагера. Яго фінальным акордам нязменна станавілася рэфлексія “Расінкі мудрасці”. Прапаноўвалі кожнаму дзіцяці прааналізаваць свае дасягненні і галоўныя падзеі дня і падзяліцца эмоцыямі з аднагодкамі, — падкрэсліла Ала Іадкоўская.

Яна таксама дадала, што творчая група выхаванцаў і педагогаў стварыла старонку лагера ў адной з сацыяльных сетак. Дзякуючы такому фармату ўзаемадзеяння, да дыялогаў аб важным дыстанцыйна падключаліся ў тым ліку бацькі, аднакласнікі і сябры юных адпачывальнікаў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі