Калектыў педагогаў ясляў-сада № 1 Карэліч праводзіць з выхаванцамі работу, накіраваную на азнаямленне з гістарычным мінулым нашай Радзімы, з асаблівасцямі ваеннай службы салдат, фарміраванне ўяўленняў аб воінскім гонары і доблесці. Педагогі выхоўваюць у дашкольнікаў пачуццё гордасці за сваіх дзядоў і прадзедаў, гістарычную прыналежнасць да свайго народа, павагу і падзяку воінам-вызваліцелям.
Мінаюць гады, сыходзяць людзі, якія кавалі Вялікую Перамогу, але 9 Мая застаецца для ўсіх пакаленняў нашай краіны самым светлым і радасным святам. Успаміны пра вайну да гэтага часу раняць сэрцы і тых, хто паклаў на алтар Перамогі сваю маладосць і звязаныя з ёй надзеі, і тых, хто ведае пра вайну толькі па аповедах і падручніках.
У нашай дашкольнай установе штогод адзначаецца Дзень Перамогі. Стала традыцыяй у падзяку загінуўшым героям прыходзіць да помнікаў і ўскладаць кветкі, ушаноўваць памяць хвілінай маўчання. Традыцыйна праходзяць сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны пад назвай “Простыя гісторыі Вялікай Перамогі”. Выхавальнікі і дзеці з падарункамі, зробленымі сваімі рукамі, наведваюць ветэранаў дома. Надоўга застаюцца ў памяці дзяцей аповеды з вуснаў герояў вайны пра тыя цяжкія гады. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам застаецца ўсё менш. Вельмі важна не перарываць жывую нітку памяці аб гераічным подзвігу нашага народа ў цяжкія ваенныя часы. Нашы ўнукі павінны ведаць і разумець, якой цаной заваявана мірнае неба, як даводзілася людзям пакутаваць і гінуць дзеля міру на Зямлі.
У Карэлічах жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Настасся Якаўлеўна Грышына, якую наведваюць нашы выхаванцы. З велізарнай цікавасцю і задавальненнем дзеці слухаюць аповеды былой удзельніцы ваенных дзеянняў. Малыя атрымліваюць адказы на ўсе пытанні, якія іх хвалююць: што елі ў вайну, дзе спалі, разглядваюць і трымаюць ў руках бабуліны заслужаныя ўзнагароды. Падчас нядаўняй такой гутаркі ветэран сказала: “Дзеткі, я вельмі хачу, каб вы выраслі смелымі, моцнымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, якія любяць сваю Радзіму, здольнымі ў цяжкую хвіліну ўстаць на яе абарону”. На развітанне ветэран пажадала дзецям, каб ім ніколі не давялося бачыць, як гінуць людзі, ніколі не давялося галадаць і каб узнагароды яны атрымлівалі толькі ў мірны час за спартыўныя і інтэлектуальныя дасягненні.
Да юбілею Вялікай Перамогі педагогі нашай дашкольнай установы запланавалі шэраг мерапрыемстваў па рабоце з выхаванцамі і іх бацькамі. Так, на занятках па адукацыйнай галіне “Мастацтва” пры дапамозе фарбаў і пэндзляў, алоўкаў і крэйды, выкарыстоўваючы цеста і пластылін, дашкольнікі малююць і лепяць ваенную тэхніку, салдат, перадаюць уражанні ад убачанага фільма пра вайну, маляўніча паказваюць радасць людзей, якія атрымалі перамогу.
У гутарках з дзецьмі выхавальнікі расказваюць аб гістарычных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, знаёмяць з відамі тэхнікі ваенных гадоў, расказваюць аб яе значэнні для людзей у ваенны час. Так, выхавальнік дашкольнай адукацыі Л.С.Рашотка на занятках па тэме “Подзвіг народа будзе жыць вечна” расказала выхаванцам аб героях Карэліцкага раёна, чыімі імёнамі названы вуліцы пасёлка. Асаблівая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца мастацкай літаратуры на ваенную тэматыку: чытанне апавяданняў Я.Длугаленскага “Што могуць салдаты”, Л.Касіля “Сястра”, А.Твардоўскага “Аповед танкіста”, вершаў А.Барто “На заставе”, З.Аляксандравай “Дазор”, легенд і паданняў. Дзеці з цікавасцю разглядаюць рэпрадукцыі карцін В.Волкава “Партызаны”, фотаздымкі “Мемарыяльны комплекс “Хатынь”, “Курган Славы”, глядзяць відэафільмы пра Вялікую Айчынную вайну.
Перыядычна праходзяць экскурсіі ў дзіцячую раённую бібліятэку. Дзеці наведалі выставу “Дзецям — пра вайну”, раённы краязнаўчы музей, дзе выхаванцы пабывалі ў зале “Карэліцкі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Музычны кіраўнік папаўняе дзіцячы рэпертуар песнямі пра мір і дружбу паміж народамі, пра тое, як удзячныя людзі ўскладаюць кветкі на магілы загінуўшых воінаў. Песні ваеннай тэматыкі лёгка запамінаюць дзеці. Асабліва папулярныя — “Бравыя салдаты”, “Будзем у арміі служыць”, “Ты не бойся, мама”, “Бляск сівізны”, “Дзякуй героям-салдатам”. Яны напісаны ў жанры марша, змест іх сугучны з жаданнем дзяцей быць моцнымі і смелымі, як абаронцы нашай Радзімы.
Веліч подзвігу салдата раскрываюць песні тых часоў і пра тыя часы (“Кацюша”, “У зямлянцы”). Музыкай ваенных гадоў суправаджаюцца літаратурныя чытанні.
Кіраўнік фізічнага выхавання правяла фізкультурныя заняткі на тэму “Я, як тата, хачу быць салдатам” з цікавымі і захапляльнымі гульнямі, конкурсамі і эстафетамі.
З выхаванцамі праводзіцца шэраг гутарак на тэмы “Што такое гераізм”, “Дзеці ў гады вайны”, “Мы помнім герояў”. Прайшла сустрэча хлопчыкаў, якія наведваюць нашу дашкольную ўстанову, з начальнікам адасобленай групы ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў маёрам Алегам Пятровічам Сазановічам. Ён расказаў пра тое, якім павінен быць сапраўдны абаронца Айчыны. Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікала сустрэча з салдатам тэрміновай службы, былым нашым выхаванцам. Для падвядзення вынікаў выкананай работы па тэме выхавальнік Наталля Уладзіміраўна Зудава распрацавала віктарыну “Ваенная азбука” для выхаванцаў старшых груп.
Таты і мамы дзяцей — актыўныя памочнікі ў правядзенні ўсіх мерапрыемстваў: удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні выстаў “Ваенная тэхніка”, “Пісьменнікі пра вайну”, у конкурсе “Паштоўка ў падарунак ветэрану”, у падрыхтоўцы да свята “Помнім, ганарымся”, прысвечанага 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Педагогі нашай дашкольнай установы ўпэўнены, што іх выхаванцы навучацца берагчы і цаніць мір на зямлі, у іх сфарміруюцца пачуццё гонару за магчымасць стаць абаронцам сваёй Радзімы, элементарныя ўяўленні аб маральных якасцях абаронцаў і такія важныя паняцці, як любоў да Айчыны, абавязак перад Радзімай, працоўны подзвіг народа.
Наталля СКОК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Карэліч.