Пры вялікім горадзе

- 12:23Родная земля, Рознае

Калі чалавек жыве ў вёсцы, у сваім доме, мае агарод, гаспадарку, значыць, ён хто? Правільна, вясковец. А калі гэты чалавек працуе ў вялікім горадзе, праводзіць там значную частку дня, значыць, ён гараджанін? Ці ўсё ж вясковец? Лепш так: жыхар прыгарада. Асаблівасці школьнага, сямейнага, штодзённага жыцця жыхароў населеных пунктаў, размешчаных пры вялікім горадзе, разгледзім на прыкладзе Віцебскага раёна.

Вясковы і гарадская

Фізічная і духоўная мяжа паміж вёскай і горадам размываецца. Сёння жыццё вяскоўца ў плане побыту і ў плане заможнасці мала чым адрозніваецца ад жыцця чалавека ў вялікім горадзе, а песні пра тое, што яна, маўляў, з горада, а ён з вёскі, у іх розны сацыяльны статус, яны ніколі не сыдуцца характарамі, даўно сталі набыткам фалькларыстаў. Ды і колькасць гараджан, якія імкнуцца вырвацца з гарадской мітусні і набыць у вёсцы ўчастак зямлі для будаўніцтва ўласнага дома, не меншая, чым колькасць вяскоўцаў, якія гатовы прамяняць кавалак зямлі на кватэру ў гарадской панэльцы. Жыць каля вялікага горада на сваёй зямлі — мара многіх беларусаў. Мары спраўджваюцца — і ўзнікаюць прыгарады са сваім асаблівым ладам жыцця, у якім цесна пераплялося вясковае і гарадское. Гэтае перапляценне яскрава праяўляецца і ў сістэме адукацыі.

Руралізацыя

Аграгарадок Мазалава, цэнтр сельсавета. Ад Віцебска — 5 кіламетраў. Колькасць вучняў Мазалаўскай сярэдняй школы — 206, у класах нярэдка налічваецца больш за 20 чалавек. Пры гэтым усенавучам ахоплена больш за 400 дзяцей. Гэты факт сведчыць пра тое, што прыкладна палова юных мазалаўцаў кожную раніцу адпраўляюцца на вучобу ва ўстановы адукацыі Віцебска. А чаму не? Бацькі працуюць у вялікім горадзе. Ім зручна пасадзіць дзіця ў машыну, падвезці да школы, а пасля працоўнага дня забраць са школы дадому. Сітуацыя тыповая не толькі для прыгарада Віцебска, але і для іншых буйных гарадоў краіны.

У сельскіх населеных пунктах, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў, а то і сотні метраў ад Віцебска, амаль не знойдзеш пустых участкаў: зямля тут каштуе вялікіх грошай. “Зямля ў ваколіцах Мазалава карыстаецца вялікім попытам. Пустуючых участкаў практычна няма. У нас шмат азёр, маляўнічыя мясціны, таму гараджане любяць ваколіцы Мазалава. Многія набытыя імі дамы выкарыстоўваюцца як дачы”, — адзначае работнік Мазалаўскага сельсавета, а па сумяшчальніцтве захавальнік фондаў музея гісторыі адукацыі Віцебскага раёна Кацярына Васільеўна Каралёва.

Менавіта блізкасцю да Віцебска тлумачыць вучань 9 класа Яраслаў Шумскі павелічэнне колькасці насельніцтва Мазалаўскага сельсавета. У сваёй даследчай рабоце “Сучасныя дэмаграфічныя тэндэнцыі на тэрыторыі Мазалаўскага сельскага Савета”, створанай пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі і біялогіі Уладзіміра Сяргеевіча Аўфяронка, хлопец адзначае: “З 2014 года адзначаецца міграцыйны прырост насельніцтва. Гэтая тэндэнцыя тлумачыцца будаўніцтвам шматкватэрных жылых дамоў у аграгарадку Мазалава”.

Дружны калектыў

— Толькі дзякуючы размяшчэнню каля Віцебска, у нашай школе паспяхова функцыянуе міжшкольны факультатыў па вучэбных прадметах для навучэнцаў 10—11 класаў. На базе ўніверсітэтаў выкладчыкі праводзяць заняткі з дзецьмі, рыхтуюць іх да цэнтралізаванага тэсціравання. Нашы вучні ў вольны ад вучобы час займаюцца ў цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Віцебска, дзе ёсць належная матэрыяльная база. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, навучэнцы паказваюць высокія вынікі на конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Мы штогод удзельнічаем у спаборніцтвах “Снежны снайпер”. У 2013 годзе Ганна Маслакова стала чэмпіёнкай Рэспублікі Беларусь, у мінулым годзе Максім Рамчанка стаў двухразовым чэмпіёнам краіны ў комплексе “Здароўе”, а ў пазамінулым годзе Арцём Сярэбранікаў стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь у спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”. Рыхтуе юных чэмпіёнаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Іван Іванавіч Марчанка. Мы таксама імкнёмся не адставаць ад вучняў, падтрымліваць добрую спартыўную форму, таму многія нашы карпаратыўныя мерапрыемствы маюць спартыўны ўхіл. Гульня паміж педагогамі ў лазертаг, валейбол, удзел у турзлётах згуртоўваюць калектыў, — гаворыць дырэктар Мазалаўскай сярэдняй школы Сяргей Аляксандравіч Зубовіч.

Сакрэт дружнасці мазалаўскіх педагогаў не толькі ў спартыўных карпаратывах, але і ў творчасці, ініцыятыўнасці адміністрацыі. У тым, наколькі творчым з’яўляецца Сяргей Аляксандравіч, можна пераканацца, зазірнуўшы ў яго кабінет. На стале рабочыя паперы, ручкі, алоўкі, у сейфе пячатка, а вось у шафе, акрамя адзення, знаходзяцца баксёрскія пальчаткі, пальчаткі для футбольнага галкіпера, пальчаткі для язды на лыжах, а яшчэ электралобзік, масцярок муляра, пліткарэз, нажоўка па гіпсакардоне. Калі спартыўныя пальчаткі сведчаць пра высокія вынікі ўдзелу школы ў спартыўных спаборніцтвах, то электралобзік, масцярок, нажоўка, пліткарэз указваюць на арыгінальнае афармленне школьных кабінетаў. Адзін з прыкладаў вы можаце ўбачыць на фотаздымку.

Азбука падарожжаў

Цеснае супрацоўніцтва Мазалаўская школа наладзіла не толькі з установамі дадатковай адукацыі горада, але і з прыватнай турыстычнай фірмай, сумесна з якой рэалізуецца інавацыйны праект “Азбука падарожжаў”. Удзельнікамі праекта з’яўляюцца яшчэ і Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, музей Марка Шагала ў Віцебску, установы сярэдняй адукацыі вобласці. Праект “Азбука падарожжаў” распрацаваны з мэтай удасканалення работы ў адукацыйным турызме, знаёмства навучэнцаў з асноўнымі відамі экскурсій. Экскурсійная дзейнасць у рамках праекта арганізуецца ў адпаведнасці з пералікам рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для наведвання навучэнцамі экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў па праграме вучэбных і факультатыўных заняткаў. Урок-экскурсія, экскурсія-падарожжа, экскурсія-экспедыцыя, квест-экскурсія праводзяцца ў адпаведнасці з наступнымі тэмамі-этапамі: “Мая малая радзіма”, “Край родны — Віцебшчына”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Адкрыты свет: падарожнічаем пазнаючы”.

На знаёмства навучэнцаў Віцебскага раёна з адметнасцямі малой радзімы накіравана і праграма факультатыву “Краязнаўства Прыдзвінскага краю”, распрацаваная намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Мазалаўскай сярэдняй школы Ірынай Мікалаеўнай Выхадцавай. Краязнаўчы факультатыў з’яўляецца спробай сістэматызаваць матэрыял, прысвечаны прыродзе, гісторыі і культуры Віцебскага раёна. Праграма факультатыву складзена ў адпаведнасці з раздзеламі дапаможніка “Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы”. У канцы кожнага раздзела запланаваны практычныя заняткі, экскурсіі. Адметнасцю факультатыву з’яўляецца спалучэнне комплекснага падыходу ў вывучэнні Прыдзвінскага краю і самастойнай даследчай дзейнасці вучняў.

Мілыя мясціны

Дапаможнік “Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы”, які стаў асновай для праграмы краязнаўчага факультатыву, быў створаны творчай групай настаўнікаў раёна. Каардынатарам работы па стварэнні зборніка быў выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Мікалай Васільевіч Півавар. Свой уклад зрабілі і мазалаўскія педагогі, у прыватнасці, Ірына Мікалаеўна Выхадцава. “У нашым раёне ў кожнай школе дзейнічае калі не музей, то музейны куток, дзе абавязкова расказваецца пра вядомых землякоў. У Вымне нарадзіўся і жыў вядомы фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі, каля Старога Сяла нарадзіўся самы высокі чалавек у свеце Фёдар Махноў, у Мазалаве жыў віцэ-губернатар Віцебска Ігнацій Манькоўскі”, — дзеліцца Ірына Мікалаеўна.

Менавіта гэтай цікавай і неардынарнай асобе прысвечаны першы раздзел экспазіцыі школьнага гісторыка-краязнаўчага музейнага пакоя. Ёсць цікавая легенда пра тое, як ён, з’яўляючыся сынам збяднелага віцебскага шляхціца, апынуўся на дзяржаўнай службе. Ігнацій закахаўся ў Рахель Макавецкую, але іх шлюб быў бы няроўны, і тады жанчына ў роспачы напісала ліст імператару Паўлу І і адправіла з гэтым лістом свайго каханага ў Санкт-Пецярбург прасіць, каб імператар за іх заступіўся і благаславіў. Падысці да імператара было няпроста. Каб звярнуць на сябе ўвагу, Ігнацій стаў на адно калена, а ліст паклаў сабе на галаву. Павел, выходзячы на прагулку, звярнуў увагу на незвычайную позу чалавека і запрасіў яго ў госці. Так Макавецкім ад імя імператара быў накіраваны ліст, у якім адзначалася, што Ігнацій адукаваны, выхаваны чалавек, яму даецца чын саветніка Беларускай губерні і землі, на якіх ён потым пабудаваў маёнтак Мілае. Па адной з версій, такую мілагучную назву Ігнацій Манькоўскі даў маёнтку ў гонар сваёй мілай жанчыны. Па другой версіі, назва Мілае паходзіць ад “мілыя краявіды”. Ваколіцы Мазалава, сапраўды, маляўнічыя. Нядзіўна, што жыхары абласнога цэнтра імкнуцца набыць тут кавалак зямлі, а палова мясцовага педагагічнага калектыву — гэта жыхары Віцебска, якія кожны дзень прыязджаюць сюды на работу з вялікага горада ў мілую іх сэрцу школу.

З гэтага навучальнага года ў Мазалаўскай сярэдняй школе дзейнічае яшчэ адзін музей — музей гісторыі адукацыі Віцебскага раёна. Першапачаткова ён быў створаны ў 2009 годзе на базе Бабініцкай сярэдняй школы, а сёлета змяніў прапіску. Першы раздзел прысвечаны гісторыі адукацыі былых Суражскага і Віцебскага раёнаў, якія былі аб’яднаны ў адзін Віцебскі. Наступны раздзел прысвечаны гісторыі ўстаноў адукацыі раёна. На вялізнай карце кропкамі адзначаны населеныя пункты, дзе знаходзяцца школы. Прадстаўлены прадметы, якія звязаны з гісторыяй развіцця адукацыі. Расказваецца пра ветэранаў працы, заслужаных настаўнікаў, начальнікаў аддзела адукацыі, пра шматлікія дасягненні, гісторыю грамадскіх арганізацый. Асобны раздзел расказвае пра гісторыю партызанскага руху, вучобу ў лясных школах, пра настаўнікаў і вучняў франтавікоў, партызан. Першым экскурсаводам і стваральнікам гэтага музея была Людміла Канстанцінаўна Нікіціна, на якой, як вобразна гавораць заронаўцы, і трымаецца ўсё культурнае, краязнаўчае жыццё Заронава.

Любоў і боль яе Заронава

Аграгарадок Заронава — цэнтр сельсавета. Ад Віцебска — 17 кіламетраў. Па вуліцы на сустрэчу з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” элегантна крочыць з густам апранутая жанчына. У Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай, вядомага педагога-краязнаўца, кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Гісторыя Заронаўскага краю”, выдатны густ праяўляецца не толькі ў адзенні, але і ў афармленні музейнай экспазіцыі. Дарэчы, некаторыя элементы яе адзення з’яўляюцца экспанатамі. Гэта, напрыклад, капелюшы.

— У мяне 16 капелюшоў. У адным у агародзе сяджу, грады палю, у другім у паход хаджу, у трэцім па вёсцы прагульваюся, 5—7 капелюшоў на выезд у горад, ёсць парадна-выхадныя. Вось гэты мой капялюш аднойчы прынялі за галаўны ўбор XVI стагоддзя. Дарэчы, у ім на нядаўніх абласных “Дажынках” я выконвала ролю Просі — жонкі нашага знакамітага Фёдара Махнова, — з гордасцю адзначае Людміла Канстанцінаўна.

Капелюшы, біжутэрыя, пацеркі, элементы адзення — гэта толькі невялікая частка экспанатаў заронаўскага музея. Усяго ў 5 залах іх налічваецца каля 20 тысяч! Вы толькі ўдумайцеся ў гэтую лічбу! 20 тысяч! Не толькі раённыя, нават абласныя музеі не заўсёды могуць пахваліцца такой колькасцю экспанатаў. А тут вясковы музей. Сакрэт вельмі просты. “30 гадоў пошуку і творчасці” — пад такой назвай прайшла сёлета прэзентацыя кнігі Людмілы Канстанцінаўны “Любоў і боль майго Заронава”. Такімі словамі можна неафіцыйна назваць і народны заронаўскі музей. Сваю любоў да гэтага куточка Віцебшчыны, боль за яго праблемы і перадала ў экспанатах педагог.

— У 1986 годзе былыя дырэктар школы і саўгаса Аляксандр Якімавіч Гушчанка і Валерый Рыгоравіч Бермант вырашылі, што ў Заронаве будзе музей. Я на той час была камсамолкай, актывісткай, таму згадзілася прыняць удзел у стварэнні музея. Пачалося ўсё з экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Савецкага Саюза і Камуністычнай партыі. Заронаўскай гісторыі было зусім мала. Мне было цікава збіраць матэрыял пра мінулае Заронава, бо краязнаўствам займаюся са школьных гадоў. Мая малая радзіма — Баранавіцкі раён, вучылася я ў Маўчадскай санаторнай школе-інтэрнаце, дзе працаваў Анатоль Іванавіч Качанаў, які і зацікавіў мяне вывучэннем мінулага роднага краю. Прычым зацікавіў настолькі, што я аж тры гады паступала на гістарычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэта. Шкада, не паступіла. Тады ў роспачы пайшла служыць у армію. Служыла ў Полацку два гады сувязісткай. Пасля арміі вырашыла зноў паступаць, цяпер ужо ў Віцебск. Паколькі тут не было гістфака, таму пайшла на філфак, на беларускую філалогію. У душы я гісторык, таму рэалізавала сябе ў краязнаўстве, — гаворыць Людміла Канстанцінаўна.

Краязнаўчы шлях быў няпросты. Настаўніца вырашыла зрабіць да старога будынка музея прыбудову, і пачалося, як кажуць, “хождение по мукам”. Аднак дзякуючы няўрымслівасці, творчаму пошуку, усе цяжкасці былі пераадолены, і цяпер да народнага заронаўскага музея не зарастае народная сцяжына. Не зарастае яна не толькі дзякуючы таму, што тут захоўваецца каля 20 тысяч арыгінальных, унікальных экспанатаў, але і таму, што экскурсіі праводзяцца вельмі захапляльна:

“У першай зале этнаграфічнай // Многія рэчы ўжо непрывычны. // Тут ёсць печка, куфар, лавы, // Дываны ды бёрдаў пары, // Ручнікі ёсць ды трапач, // Цэп і ступа, і гарлач… // Другая зала гістарычная: // Чырвонай ніткай тут вайна Айчынная… // Хочаш вярнуцца ў СССР, // Пойдзем у трэцюю залу цяпер. // Глянем на быт у савецкі час… // Наступная зала калекцыйная // Найбольш эмацыйная, // Бо тут калекцый сабрана багата, // Ад лялькі да фотаапарата… // Пятая зала музея — хата-чытальня, // Для шматлікіх гасцей вітальня: // Тут працуем, гарбату п’ём, // Калі па тэме, то й пяём… // Вельмі здзівім зараз вас // Залай незвычайнай: // Пасялілася ў нас // Нечысць віртуальная: // Аржавень, Балотнік, Багнік, // Вірнік, Лознік, Вадзянік… // Паветка — невялікі хлявок, // Дзе вы ўбачыце санкі, саначкі, вазок. // Кола трактара, хамут, дошка першакласніка. // Незвычайная лавушка, // Барана ды валакушка. // Селяніну ўсё дарэчы, // Таму й захоўваем яго мы рэчы”.

Вось такімі словамі сустракаюць гасцей гвардзейцы Людмілы Канстанцінаўны (так настаўніца называе сваіх экскурсаводаў — вучняў Суйкаўскай сярэдняй школы). Аднак перад тым, як пачаць аповед пра “залы эмацыйныя”, па даўняй традыцыі госці сядаюць за стол і пачынаюць знаёмства з асаблівасцямі заронаўскіх страў, прычым знаёмства практычнае, бо ўсе стравы прыгатаваны гасціннымі рукамі заронаўскай гаспадыні ў сапраўднай печы. Асаблівым смакам вылучаецца смажаная бульба. Сакрэт смажанай бульбы па-заронаўску абавязкова даведаюцца ўдзельнікі рэспубліканскага семінара кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі, які пройдзе ў сярэдзіне лістапада на базе Віцебскага раёна.

За 30 гадоў творчых пошукаў Людміла Канстанцінаўна падрыхтавала не адно пакаленне юных экскурсаводаў. Залы вялікія, экспанатаў шмат, таму экскурсію адначасова праводзяць каля 10 чалавек, многія з якіх (напрыклад, Аляксандра Гвоздзева) з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Маленькая радзіма

Акрамя юных экскурсаводаў, актыўнымі памочнікамі Людмілы Канстанцінаўны ў музейнай справе з’яўляюцца яе сын Станіслаў, які пайшоў таксама па педагагічнай сцяжыне, муж і, канечне, былая вучаніца, а цяпер загадчык Заронаўскага дзіцячага сада Зоя Пятроўна Пека. Менавіта з дашкольнага ўзросту маленькія заронаўцы пачынаюць знаёміцца з гісторыяй роднага краю, яго адметнасцямі. Гэтае знаёмства адбываецца ў рамках праекта “Мая маленькая радзіма Заронава”. Рэалізацыя праекта — гэта не толькі правядзенне экскурсій па аграгарадку, але і стварэнне макета населенага пункта. Сярод мініяцюрных будынкаў дзіцячага сада, дамоў вучняў, музея можна заўважыць і мемарыяльны комплекс на брацкай магіле, дзе пахаваны больш за 10 тысяч воінаў, якія вызвалялі Заронава ў студзені 1944 года. Вялікі спіс герояў дзякуючы актыўнай пошукавай рабоце Людмілы Канстанцінаўны і яе памочнікаў актыўна папаўняецца. Яшчэ адзін вынік праекта — гэта стварэнне ў дзіцячым садзе этнаграфічнага кутка. “Музейчык наш — крама незвычайная і на вітрынах рэчы ўнікальныя…”. Тут не толькі прадметы побыту, але і багатыя калекцыі гузікаў, тканіны, шпілек для валасоў, калекцыя цацак з шакаладных яек. Дарэчы, словы вершаванай экскурсіі ў этнаграфічным кутку напісала маці адной з выпускніц садка Ганна Варган — таксама былая вучаніца Людмілы Канстанцінаўны.

Захаваць візітоўку

Мяжа паміж вёскай і горадам размываецца. Шкада, ці не праўда? Усё ж вёска з яе адвечным ладам жыцця, традыцыямі на працягу многіх стагоддзяў з’яўляецца візітоўкай нашай зямлі. І губляць гэтую візітоўку, канечне, не хочацца. Як зрабіць так, каб горад не паглынуў вёску, каб нават прыгарад заставаўся вясковым, архаічным у плане традыцый, ладу жыцця? Адказ варта шукаць у актыўнай краязнаўчай дзейнасці педагогаў Віцебскага раёна, якія захоўваюць традыцыі роднай зямлі, жывуць і працуюць пры вялікім горадзе.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.