Яркае, незабыўнае свята напярэдадні Дня настаўніка сабрала педагогаў з розных куткоў Віцебскай вобласці на Ушаччыне
Ва ўтульнай зале раённага Дома культуры разам з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі органаў абласной выканаўчай улады і творчай інтэлігенцыі настаўнікаў Паўночнага рэгіёна віталі іх калегі і навучэнцы са Слаўгарада і Хойнікаў, Мінска і Ашмян, Полацка і Салігорска, Петрыкава і Дзятлава.
Гаспадары таксама падрыхтаваліся да сустрэчы, пра што сведчылі не толькі арыгінальныя творчыя нумары, але і цудоўна аформленая выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на якой педагогі Ушаччыны і іх вучні прадставілі плён свайго высокага майстэрства і натхнення. Як бы ні хацелася даўжэй затрымацца каля цікавых экспанатаў, музыка і прадчуванне чагосьці незвычайнага клікалі рухацца далей і хутчэй займаць свае месцы ў глядзельнай зале. Парадаваць настаўнікаў выступленнямі прыехалі ўсім вядомыя і ўзыходзячыя зоркі беларускай эстрады, самадзейныя артысты і выканаўцы. Гледачоў чакала мноства ўзнагарод, віншаванняў, падарункаў і сюрпрызаў. Феерычная канцэртная праграма доўжылася больш за дзве гадзіны. Адкрылі яе навучэнцы Гомельшчыны — узорны танцавальны ансамбль Хойніцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Драйв” пад кіраўніцтвам Алены Ляснічай. Услед за гасцямі да творчага марафону далучыліся навучэнка Ушацкай школы мастацтваў Вікторыя Гулюта і выхаванцы эстрадна-харэаграфічнай студыі “Гарошынкі” Ушацкай сярэдняй школы (мастацкі кіраўнік Наталля Шарыпа). Пераможца першага сезона конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца” Ірына Гапоненка з аграгарадка Гезгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці пакарыла пранікнёнай лірычнай песняй “Не за вочы чорныя” і выклікала буру апладысментаў. Ва ўрачыстай атмасферы вядучыя канцэрта ўзгадалі шматлікія перамогі і дасягненні таленавітых навучэнцаў Віцебшчыны ў вучобе, спорце, інтэлектуальнай, творчай дзейнасці і падкрэслілі: усе гэтыя дасягненні — вынік сумеснай працы вучняў і іх настаўнікаў. А прафесійнае свята — выдатная нагода ўшанаваць яго герояў.
— Дзень настаўніка мы святкуем у пачатку кастрычніка, але адзначаем фактычна штодзённа, — падкрэсліў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. — Педагагічная праца патрабуе ад нас поўнай самааддачы, прафесійнага майстэрства, творчага падыходу, эрудыцыі, а галоўнае, невычэрпнай любові да дзяцей і сваёй справы. Калі ўсё гэта ёсць, то кожны ўрок становіцца для настаўніка і вучняў доўгачаканым святам.
Ганаровую грамату ўпраўлення адукацыі Леанід Міхайлавіч уручыў метадысту вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлане Турло. Старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Захарэнка падзякавала “Настаўніцкай газеце” за арганізацыю мерапрыемства, падобнага да якога гісторыя раёна яшчэ не ведала, выказала спадзяванне, што творчае ўзаемадзеянне выдання з педагогамі Ушаччыны будзе і далей плённа развівацца, і ўручыла ганаровую грамату Ушацкага раённага Савета дэпутатаў настаўніку фізікі і інфарматыкі Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна Мікалаю Аніскевічу. Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Марковіч урачыста перадала ганаровую грамату райвыканкама настаўніку біялогіі Вяркудскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Святлане Корабавай, падзякі старшыні райвыканкама Віктара Родзіча — загадчыку ясляў-сада №1 Ушач Святлане Ушаковай і ветэрану педагагічнай працы Сяргею Белавусаву. Потым на сцэну паклікалі намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Вяркудскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Галіну Казлову, выхавальніцу ясляў-сада № 3 Ушач Ірыну Сасніну і настаўніка тэхнічнай працы Ільюшанскай сярэдняй школы Ушацкага раёна Дзмітрыя Дразда. Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ім уручыла загадчык аддзела Іна Сыроўчанка. Пад апладысменты залы ўсе ўзнагароджаныя, а таксама ветэраны педагагічнай працы атрымалі кветкі ад настаўнікаў раёна і памятныя сувеніры ад “Настаўніцкай газеты”. Уручэнне падарункаў і ўзнагарод працягнулі выступленні артыстаў. Многа новых прыхільнікаў набылі ў гэты вечар удзельнікі ўзорнага танцавальнага ансамбля “Экшн” пад кіраўніцтвам Ірыны Буднік з Петрыкава, педагог Арэхаўскай сярэдняй школы Ушацкага раёна Вольга Жукава, выхаванец Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Ягор Обух і вакальнае трыа “Віола” гэтай жа школы (мастацкі кіраўнік Алена Сазонава), культарганізатар Ушацкага раённага дома культуры Марына Андзіна, намеснік загадчыка ясляў-сада № 2 Ушач Алена Банеўская, вакальны квартэт “Натхненне” (мастацкі кіраўнік Жанна Савіцкая), харызматычны і экспрэсіўны выканаўца з Салігорска Іван Грыцкевіч, пераможцы розных сезонаў конкурсу “Звонкая раніца” палачанка Вераніка Лашкова, Наталля Юрчанка і Вадзім Лукашэвіч, педагог праекта “Звонкая раніца” Алена Дзямідава. Разам з гледачамі “Настаўніцкая газета” шчыра падзякавала і павіншавала з надыходзячым святам педагогаў, якія дапамаглі арганізаваць канцэрт: Алену Ляснічую, Ірыну Буднік, Наталлю Бурмістраву, Алену Сазонаву, Жанну Савіцкую і Наталлю Шарыпа.
Вельмі прыемным сюрпрызам для ўшацкіх педагогаў стала выступленне ў фінале канцэрта заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай, якая шчыра павіншавала педагогаў з надыходзячым святам і выканала некалькі ўжо ўпадабаных слухачамі і новых песень.
Феерычны фінал шоу, калі на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі святочнага канцэрта, а гледачы стоячы апладзіравалі выканаўцам, дзякуючы за цудоўны вечар, яшчэ раз падкрэсліў: “Будзем разам!” — гэта праект творчага супрацоўніцтва, які нароўні з супрацоўніцтвам на старонках газеты аб’ядноўвае газету і яе чытачоў.
— Мы прывыклі ўсё рабіць разам: журналісты і педагогі разам рыхтуюць матэрыялы ў “Настаўніцкую газету”, настаўнікі і навучэнцы з’яўляюцца героямі большасці публікацый, — нагадаў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў. — І адпачываем таксама разам. Сумесна мы рыхтавалі і сённяшні канцэрт, што праходзіць у рамках інфармацыйна-рэкламнай акцыі “Будзем разам!”, дзякуючы якой выканаўцы і калектывы розных рэгіёнаў знаёмяцца паміж сабой і наладжваюць цесныя творчыя сувязі. Нашы канцэрты прайшлі ў Хойніках і Рэчыцы, Оршы і Магілёве, Пінску і Лідзе, Мастах і Сянно. Спадзяёмся, што наша плённае супрацоўніцтва будзе садзейнічаць павышэнню якасці рэгіянальнай адукацыі.
Падзякай “Настаўніцкай газеты” за паспяховую сумесную работу з галіновым выданнем па праекце “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў галіне адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, а таксама за плённае творчае супрацоўніцтва з нашай газетай у 2016 годзе былі адзначаны ўпраўленне адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Іна Сыроўчанка, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама Галіна Гайко, Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Францыска Скарыны, Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху, кафедра “Машыны і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі” Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, загадчык падрыхтоўчага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Лілія Алізарчык, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Страленка, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Жанна Радзевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна Наталля Марозава, метадыст аддзела інфармацыйнага забеспячэння Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Бабіч, выкладчык філіяла кафедры гуманітарных навук Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Алена Кунашка, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Сляпцова, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна Ірына Мычко.
— Газета — магчымасць весці дыялог з калегамі з іншых абласцей, дыялог ідэй, праектаў, падзей, — выказала погляд на інфармацыйнае ўзаемадзеянне Святлана Алексяевіч. — Гэта магчымасць паглядзець на сваю сітуацыю праз прызму вопыту калег. Так мы знаходзім аднадумцаў, так нараджаюцца новыя праекты. Гэта спосаб амаль імгненна даведацца, што ж адбываецца ў суседнім доме і больш уважліва прыгледзецца да падзей у доме ўласным. Калі хтосьці не згодны з пазіцыяй аўтара той ці іншай публікацыі — гэта нагода падзяліцца ўласным меркаваннем, набытым вопытам. Так і нараджаецца ісціна. Для нас вельмі важна, што многія нашы педагогі супрацоўнічаюць з “Настаўніцкай газетай”. Напісаць артыкул — значыць пераасэнсаваць маштаб і значнасць работы, якая праводзіцца, паглыбіцца ў яе праблемнае поле, часам паставіць сабе плюс, часам і мінус, убачыць новыя мэты і перспектывы.
Узнагароджанне не абышлося без прыемных сюрпрызаў і супадзенняў. Напрыклад, атрымалася так, што менавіта 29 верасня святкуе свой дзень нараджэння Лілія Алізарчык, а вестка аб перамозе палачанкі Наталлі Сляпцовай (ІІ месца) на Рэспубліканскім конкурсе “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” прыйшла якраз падчас цырымоніі ўзнагароджання: педагогі Віцебшчыны апладысментамі сустрэлі поспех сваёй калегі!
— Выдатны канцэрт, годны прафесійнага ўзроўню, што ў кожным нумары дэманструе наша прафесійнае выданне, — падзялілася ўражаннямі Ірына Страленка. — Упэўнена: прафесіяналізм і адказнасць педагогаў дапамогуць нам і далей праводзіць стваральную сумесную работу. Дзякуючы падтрымцы, узаемаразуменню, мы разам выхоўваем моладзь, поўную сіл і імкнення да ведаў, творчасці. Для Полаччыны вялікі гонар атрымаць 3 падзякі ад “Настаўніцкай газеты”. За гады супрацоўніцтва на яе старонках нашы педагогі апублікавалі дзясяткі артыкулаў. Думаю, што наш вопыт педагогі з іншых рэгіёнаў Беларусі могуць прымяніць і прымяняюць у сваёй рабоце ў тым ліку дзякуючы газеце.
Кульмінацыйным момантам канцэртнай праграмы стала ўзнагароджанне лідараў па падпісцы на “Настаўніцкую газету”. Сёлета пераможцамі сталі Ушацкі, Аршанскі і Верхнядзвінскі раёны (трэба адзначыць, што два апошнія — другі раз, вялікі дзякуй нашым верным сябрам!). Кіраўнікам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Аршанскага і Верхнядзвінскага раёнаў былі ўрачыста ўручаны каштоўныя падарункі. Галоўны прыз — сертыфікат на камплект вучэбнай мэблі для класа — атрымала Ушаччына. Па рашэнні аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ён адправіцца ў Арэхаўскую сярэднюю школу.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.